Пастар: сям’я Канановічаў закрываецца ад царквы

Зоя
Аляксандр Уласаў, пастар радашковіцкай царквы ХВЕ, якую пэўны час наведвала сям’я Канановічаў, якіх СМІ падаюць як вернікаў-баптыстаў, кажа, што прыналежнасць да царквы шматдзетнай сям’і (9 дзяцей), маці якіх пагражала здзейсніць самагубства і забіць дзяцей у Вялікдзень ці ў Пальмовую нядзелю, вельмі ўмоўная.

Нагадаем, рэзананс у СМІ выклікала паведамленне аб тым, што органы сацыяльнай апекі забралі ў прытулак дзяцей Зоі Канановіч, узнагароджанай ў 2014 годзе Ордэнам маці, пасля таго, як адзін з сыноў распавёў у школе, што маці мае намер забіць усю сям’ю, бо чуе адпаведны “загад ад Бога”, паведамляе “Наша Ніва”.

Суседзі Канановічаў падцвердзілі, што дзеці ў сям’і жывуць у кепскіх умовах, відавочна галадаюць, у той жа час з хаты часта чуваць спевы рэлігійнага зместу.

“Яны адносяцца да Красненскай царквы, але заходзілі і да нас. Дзеці займаліся ў нашай нядзельнай школцы. Праблем ніколі не было. Але пасля нараджэння апошняга дзіцяці штосьці здарылася. Астатнія дзеці перасталі наведваць нядзельную школу. Мы пацікавіліся ў Канановічаў, што здарылася, нам не адказалі. Але дзеці зноў пачалі наведваць школку. Праўда, часам было бачна, што дзеці прыходзяць без настрою, сумныя. Але пра нейкія канкрэтныя праблемы ніхто нічога не ведаў. Самі дзеці нічога не расказвалі таксама. Зоя сама перастала ўвогуле хадзіць у царкву: і да нас, і ў Красненскую”, – кажа пастар Уласаў, дадаючы, што фізічныя пакаранні дзяцей Канановічаў, пра якія ён даведаўся з прэсы, – “ненармальныя”.

“Я пытаўся, калі пачаліся такія пакаранні, чаму. Яны не адказваюць. Закрываюцца і ад нашай царквы, і ад Красненскай. Штосьці хаваюць, а што — не ведаю. Але пачалося ўсё гэта менавіта пасля родаў, з верасня. Нават калі гэта ў Зоі пасляродавая дэпрэсія, то куды тады глядзіць муж?” — заўважае пастар, падцвярджаючы, што цяпер Канановічы не пускаюць чальцоў царквы ў хату.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі