Мітрапаліт Кандрусевіч на Вялікдзень: Новае жыццё ў Хрысце будзе трываць вечна

Минск
У Мінску вечарам 31 сакавіка ў катэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай панны Марыі Вялікодную вігілію ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Святло Хрыстова», — тройчы праспяваў дыякан, уносячы запалены пасхал — сімвал Уваскрослага Хрыста — у цёмны касцёл, які неўзабаве асвятліўся сотнямі запаленых ад яго свечак. З гэтымі свечкамі ў руках шматлікія ўдзельнікі Вігіліі — начнога чування — аднавілі абяцанні святога Хросту, праз які атрымалі ад Уваскрослага Хрыста дараванне грахоў і дар вечнага жыцця, паведамляе catholic.by.

Аднаўленне хросных абяцанняў адбылося пасля пранікнёнай гаміліі арцыбіскупа Кандрусевіча, які заклікаў вернікаў, ідучы за ўваскрослым Хрыстом, сапраўдным хрысціянскім сведчаннем заўсёды выказваць сваю радасць і веру ва Уваскрасенне.

Минск
На заканчэнне цэлебрацыі арцыбіскуп традыцыйна павіншаваў на розных мовах усіх, хто падзяляе надзею, падараваную Уваскрослым Хрыстом.

Мноства вернікаў сабраліся ў катэдры ў велікодную раніцу 1 красавіка. Адбылася рэзурэкцыйная працэсія з фігурай Езуса Уваскрослага, а затым — святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Пустая магіла, аб якой нагадвае Евангелле, — гэта знак, што Хрыстус перамог смерць. Менавіта таму факт уваскрасення з’яўляецца падмуркам нашай веры. На гэтым фундаменце засноўваецца ўсё хрысціянства, і на ім павінна засноўвацца жыццё кожнага хрысціяніна», — звярнуўся да вернікаў іерарх.

Па словах арцыбіскупа, «уваходзячы ў смерць нашага “я”, мы спазнаём перамогу над самім сабой і над злом, якое пануе ў нас», «становімся новымі людзьмі, людзьмі ўваскрасення, у якіх жыве Хрыстус», і «гэтае новае жыццё ў Хрысце будзе трываць вечна».

Напачатку свята, 31 сакавіка, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі наведаў парафію святога Францішка ва Уруччы, духоўную апеку над якой ажыццяўляюць айцы з супольнасці Меншых братоў капуцынаў.

Вернікі гэтай маладой парафіі пакуль не маюць уласнай святыні. Яе пабудова вядзецца,  богаслужбы праходзяць у часова прыстасаванай капліцы.

У гэты ж дзень арцыбіскуп Кандрусевіч адведаў дзяцей, якія выхоўваюцца пры Місіі добрага Самараніна ў Мінску, якая дзейнічае пад апекай манахіняў ордэна святой Уршулі Ледухоўскай у Чырвоным касцёле. Місію наведваюць дзеткі дашкольнага ўзросту, дзе ў ігравой форме знаёмяцца са Святым Пісаннем, развучваюць асноўныя малітвы і песні, малююць, лепяць, танцуюць, займаюцца матэматыкай, вучаць англійскую і польскую мовы. Заняткі праходзяць па -беларуску.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі