У Мінску замест былых «глушылак» на Залатой Горцы з’явіцца каталіцкі адукацыйны цэнтр

залатагорскі фэст_10

На краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» абвешчаны збор ахвяраванняў на рамонт мінскага касцёла Святога Роха на Залатой Горцы. Муры святыні далі шчыліны, і трэба хутка сабраць 21 тысячу рублёў на рамонт 900 квадратных мэтраў сцен і столі. За ўсіх ахвярадаўцаў абяцаюць пяць месяцаў служыць святую імшу штонядзелі.

Апошні капітальны рамонт касцёла святога Роха адбыўся ў 1986 годзе. Тады былое кнігасховішча перадалі Беларускай дзяржаўнай філармоніі, і там зрабілі камерную канцэртную залю.

У 1991 годзе была адноўленая парафія Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха), і па дамоўленасці з філармоніяй у касцёле зноў пачаліся набажэнствы. Толькі ў 2006 годзе будынак канчаткова вярнулі парафіі, прычым не ў найлепшым стане.

На Залатой Горцы з’явіцца новы парк

Нядаўна парафія атрымала ад мінскіх уладаў 2 гектары для добраўпарадкавання і абслугоўвання.

«Гэта былая тэрыторыя „Белселу“, дзе стаялі глушылкі. Мы маем дазвол на добраўпарадкаванне тэрыторыі. Дзякуючы падтрымцы амбасады Польшчы мы выконваем адзін праект па добраўпарадкаванні: будзе зроблена шматфункцыянальная развівальная пляцоўка для дзяцей у выглядзе карабля. Сёлета ў траўні мы плануем гэтую працу завяршыць, і гэтая тэрыторыя будзе адкрытая для ўсіх. Вядома, гэта будзе стылізаваная тэрыторыя, бо тут былыя могілкі. З часам з’явіцца там вулічны крыжовы шлях», — кажа айцец Юры Санько.

Такім чынам, горад атрымае яшчэ адну паркавую пляцоўку для сем’яў, каб адпачыць, памаліцца, кажа айцец Юры. Парк будзе адкрыты з 8 да 22 гадзіны, уваход — з боку вуліцы Залатая Горка.

Замест глушылак будзе адукацыйны духоўны цэнтр

На рамонт і рэстаўрацыю будынкаў, якія тут засталіся, таксама патрэбны даволі вялікія сродкі, кажа Юры Санько.

«Але пры ўмове, што будынкі будуць адрамантаваныя, горад перадасць іх нам. У адным плануецца зрабіць адукацыйны цэнтр: канферэнц-залю, некалькі невялікіх класаў. Другі будынак стане майстэрняй, там невялікая плошча — 40 квадратных мэтраў. Ужо больш за год у нас працуе школа выяўленчага мастацтва „Крылы натхнення“ — 75 чалавек пры касцёле навучаюцца бясплатна. Прычым там толькі 20 дзетак, астатнія — дарослыя. Гэта будзе таксама месца сустрэчы для моладзевых груп», — падзяліўся плянамі ксёндз Юры Санько.

Глушылкі на Залатой Горцы ў свой час хацеў узарваць дысідэнт Сяргей Ханжанкоў.

За гэта ён быў асуджаны і адбыў 10 гадоў зняволення ў мардоўскіх лагерах.

Перазахаванне на тэрыторыі касцёла ў лютым 2018 году праху вялікай мецэнаткі Марыі Магдалены Радзівіл падштурхнула святароў да адраджэння ініцыятываў, якія яна падтрымлівала. У першую суботу пасля 6 студзеня — даты яе скону — тут будуць ладзіцца літаратурныя вечары, каб беларуская інтэлігенцыя мела духоўнае прыстанішча, магла сустрэцца пры святыні і мела духоўную апеку.

«Паступова наша горка ператвараецца сапраўды ў Залатую Горку, месца культуры, духоўнага развіцця. Планы як у Напалеона, яшчэ і вазочак ззаду», — жартуе пробашч Юры Санько.

Рамантавалі касцёл сваімі сіламі, за кошт парафіянаў

Ксёндз Юры Санько сказаў Свабодзе, што яшчэ ў 2003 годзе ў касцёле Святога Роха пачаліся праблемы. Тады вырашылі зняць велізарныя масіўныя жырандолі, якія засталіся ад філармоніі.

У 2013 годзе было зроблена агульнае даследаванне, якое паказала, што трэба тэрмінова вырашаць праблемы з дахам. Калі ў 2015-м Юры Санько стаў пробашчам, то замовіў ужо грунтоўнае даследаванне, і пастанавілі неадкладна мяняць дах. Тады рамонт зрабілі на сродкі парафіянаў. Але праблемы засталіся.

«І сістэма крокваў, і дахоўка літаральна „разрывалі“ касцёл. Непрафесіянальна быў размеркаваны цяжар — не на сцены, а на скляпенні. І таму сёння мы можам бачыць нехарактэрныя шчыліны, якія разрываюць касцёл. Паралельныя сценам шчыліны — нехарактэрныя. Калі змянілі дахоўку, працэс разбурэння касцёла прыпыніўся, але далейшы рамонт быў неабходны», — сказаў пробашч Юры Санько.

Унікальны арган застаўся ў алтары

У 2017 годзе аднавілі алтарную частку касцёла — таксама за кошт парафіянаў. Праект рэканструкцыі алтарнай часткі зрабіў Валяр’ян Янушкевіч яшчэ ў 1991 годзе, калі былую канцэртную залю перадалі парафіянам. Арган так і застаўся ў алтарнай частцы, што нехарактэрна для храмаў. Але перанесці адтуль унікальны інструмент немагчыма з прычыны вялікага памеру. Айцец Юры Санько вельмі ганарыцца гэтай своеасаблівай візітоўкай храму.

У Беларусі ёсць толькі тры інструменты такой высокай якасці: арганы ў касцёле Сьвятога Роха і Сафійскім саборы ў Полацку (інструменты чэшскай фірмы «Riegerkloss», усталяваныя ў 1986 годзе) і новы арган у Мінскай архікатэдры, падараваны аўстрыйскім епіскапатам.

«Дзякуючы аргану касцёл на Залатой Горцы становіцца не толькі месцам культу, рэлігійным месцам, але і культурным асяродкам. Да прыкладу, зараз мы распачынаем фестываль „Залатагорская ліра“ — 15 канцэртаў самага рознага кшталту. 2 красавіка будзе канцэрт 10 юных арганістаў, якім па 12 гадоў».

У касцёле трэба адрамантаваць 900 квадратных мэтраў — сцены і столь

Цяпер касцёл чакае галоўны этап рамонту — трэба давесці да ладу сцены і столь, гэта прыкладна 900 квадратных мэтраў. Таму святар Юры Санько ўпершыню вырашыў звярнуцца да грамадскасці — сабраць сродкі талакой.

Пакуль сабралі чвэрць неабходнай сумы. За ўсіх ахвярадаўцаў у касцёле абяцаюць маліцца штотыдзень у нядзелю цягам пяці месяцаў.

Кожную шчыліну расшыюць, узмоцняць, затынкуюць і пафарбуюць. Для гэтага патрэбна 21 тысяч беларускіх рублёў (крыху больш за 10 тысяч даляраў) — на матэрыялы і на аплату працы майстра. Вядома, штосьці зрабіць маглі б і самі парафіяне, але ўсё ж такі лепей гэта зробіць прафесіянал, перакананы ксёндз Юры Санько. Да таго ж зрабіць рамонт трэба ў вельмі сціслыя тэрміны: распачаць працы плануецца ў чэрвені, каб завяршыць да жніўня — да ўрачыстасцяў у гонар святога Роха.

Парафія Святога Роха — найстарэйшая ў Мінску

Самая старажытная каталіцкая парафія ў Менску — касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Сьвятога Роха) — была заснаваная ў XIV стагоддзі каралём Ягайлам. Першапачаткова парафіяльны касцёл стаяў на Траецкай Гары, дзе яшчэ нядаўна быў 2 клінічны шпіталь. На пачатку ХІХ стагоддзя, калі святыню зруйнавалі, парафія перайшла ў драўляны касцёл на Залатагорскіх могілках у прадмесці Менску.

Цяперашні будынак касцёла ўзведзены з цэглы ў стылі неаготыкі па праекце акадэміка Пецярбургскай акадэміі мастацтваў М.Сівіцкага ў 1861–1864 гадах. Ахвяраванні на яго пабудову збіралі не толькі мінскія каталікі, але таксама праваслаўныя і юдэі. Гэта быў знак падзякі святому Роху, які выратаваў горад ад страшнай эпідэміі халеры.

Падчас вайны будынак храму быў пашкоджаны, потым доўгі час выкарыстоўваўся як кнігасховішча, а Залатагорскія могілкі — самы вялікі і знакаміты каталіцкі некропаль у Менску — былі знішчаныя. У 1986 касцёл адрэстаўравалі і часткова адрамантавалі, там размясцілася філарманічная зала камернай музыкі. З 1991 года ў касцёле аднавіліся набажэнствы, у 2006 годзе будынак канчаткова перадалі мінскай парафіі.

Іна Студзінская, Радыё Свабода

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі