Біскуп Станеўскі наведаў перад Вялікаднем парафію ў Лідзе

lida_bm 13

Дапаможны біскуп Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў Вялікую пятніцу, 30 сакавіка, наведаў парафіяльную супольнасць Божай Міласэрнасці ў Лідзе (Маладзёжны). Іерарх узначаліў Літургію Мукі Пана, падчас якой заклікаў вернікаў выкарыстаць апошнія гадзіны перад днём Уваскрасення Хрыста для роздуму над тым, чым напоўнена сэрца чалавека.

У Вялікую суботу, 31 сакавіка, іерарх зноў прыбыў у парафію, каб благаславіць велікодныя стравы, прынесеныя вернікамі. Таксама біскуп пажадаў парафіянам, каб сёлетнія святкаванні Пасхі ўмацавалі веру, надзею і любоў, якія так патрэбны сучаснаму свету, а знак пустога Гробу Езуса каб кожнага напоўніў супакоем і ўпэўненасцю, што Хрысту належыць канчатковая перамога над смерцю і цемрай зла, паведамляе grodnensis.by.

А ў Геранёнах (Іўеўскі раён) 1 красавіка, ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана, моладзь зладзіла ў касцёле пантаміму “Такія, як ёсць”. На пачатку выступлення музыкант граў мелодыю, якой захапіўся галоўны герой, які папрасіў музыканта навучыць яго іграць на гітары. Але з навучання нічога не атрымалася, і музыкант павесіў на героя картку з надпісам “Бяздарны”.

Потым галоўны герой атрымааў яшчэ чатыры карткі ад іншых людзей з надпісамі “Слабак”, “Непрыгожы”, “Неразумны”, “Няўдачнік”. Не маючы больш сіл для далейшага жыцця, ён звярнуўся па дапамогу да Бога.

І тут з’явіўся Езус Хрыстус, які зняў з героя ўсе карткі, якія перашкаджаюць чалавеку, і павесіў замест іх картку з надпісам “Збаўлены” і правёў яго ў Нябеснае Валадарства. “Толькі ў Езусе Хрысце наша збаўленне” – такімі словамі заканчваецца велікодная пантаміма.

Сваімі ўражаннямі пасля выступлення падзялілася Ангеліна Капуста, якая выконвала ролю галоўнага героя: “Мне здаецца, што такія выступленні дапамагаюць гледачам зразумець і ўбачыць тое, што закладзена ў асновы прадстаўлення. Напрыклад, як сёння мы паказалі, што, нягледзячы на “карткі з рознымі назвамі” ад іншых людзей, Пан Езус усё роўна збаўляе чалавека”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі