Фільм «Марыя Магдаліна»: і зноў апокрыф?

maria-magdalena-portada-e1522107852596

У кінатэатрах Беларусі з 5 красавіка ў велікодны перыяд выйшаў чарговы фільм на евангельскую тэматыку — «Марыя Магдаліна» аўстралійскага кінарэжысёра Гарта Дэвіса, фільм якога «Леў» 2016 гады атрымаў шэсць намінацыяй на прэмію «Оскар». Карэспандэнты Krynica.info паглядзелі гэтую карціну, каб распавесці, ці варта яе глядзець хрысціянам, ці не.

Па нашай ацэнцы, фільм атрымаўся неадназначным — як у сюжэтнай лініі, так і ў мастацкай. І вось наш топ-10 нюансаў і разыначак карціны.

1. Фільм працягвае тэндэнцыю стварэння фільмаў на евангельскую тэматыку, якія распавядаюць не пра ўсе падзеі з зямнога жыцця і ўваскрасення Хрыста, а пра пэўныя моманты і людзей. Так, «Страсці Хрыстовы» асвятлялі падзеі Вялікага тыдня, «Уваскрасенне Хрыста» — спробы расследаваць рымскімі легіянерамі знікненне з труны цела Хрыста. «Марыя Магдаліна» ж робіць спробу паглядзець на евангельскія падзеі вачыма паслядоўнікаў Сына Божага.

2. Карціна звяртае вялікую ўвагу на перажыванні апосталаў і іншых паслядоўнікаў Ісуса Хрыста (ролю выканаў амерыканскі акцёр Хаакін Фенікс), іх спробы зразумець місію Збаўцы, далёка не заўсёды ўдалыя, імкненні да Валадарства зямнога, а не Нябеснага. Найбольш яскрава тут выявіўся вобраз Юды Іскарыёта (яго ролю выканаў французскі акцёр Тахар Рахім), які прайшоў шлях ад безумоўнага паслядоўніка Ісуса да здрадніка. У цэлым здаецца, што асоба Юды ў фільме была раскрытая лепш за ўсё.

3. Зроблена спроба паказаць побыт і норавы юдэяў тых часоў, тое, як ўспрымалі яны Хрыста, як спрабавалі абвінаваціць Яго ў сувязях з д’яблам, і тое, як чынілі цісканіну ў пагоні па цуды, як кажа Марк: «за Ім сьледам ішло мноства людзей, і ціснулі на Яго» (Мк. 5:25-29).

4. Хрыстос у стужцы паказаны не як звычайны прарок ці настаўнік (як, напрыклад, у рок-оперы «Ісус Хрыстос — супер-зорка»), але як Сын Божы, які можа ацаляць хваробы, прадбачыць будучыню, уваскрашаць мёртвых і сам паўставаць з труны. У сучасных умовах гэта таксама дарагога варта.

5. Спробы распавесці пра ўзаемаадносіны Ісуса Хрыста і Марыі Магдаліны (тут яе ролю выканала амерыканская акторка Руні Мара) часта сыходзілі ў плоцкую вобласць. Дастаткова ўзгадаць «Апошнюю спакусу Хрыста» або спробы Дэна Браўна пабудаваць радавод дзяцей Хрыста і Магдаліны. І хоць у гэтым фільме таксама падымаецца пытанне любові Марыі да Хрыста, асвятляюцца іх блізкія адносіны, але ўсё гэта не выходзіць за рамкі біблейскага тэксту.

6. Перад праглядам карціны хацелася б нагадаць пра тое, што Марыя Магдаліна ў Евангеллях згадваецца толькі некалькі разоў. Так, пра яе вядома, што яна была аздароўленая Ісусам Хрыстом ад апантанасці сям’ю дэманамі (Лк. 8:2), пасля чаго стала ісці за Ім, служачы Яму і дзелячыся сваім здабыткам (Мк. 15:40-41), прысутнічала на Галгофе пры спачыне Ісуса (Мц. 27:56), была сведкай Яго пахавання (Мц. 27:61). Таксама яна стала адной з жанчын-міраносіц, якім анёл абвясціў пра Уваскрасенне (Мц. 28: 1), і менавіта яна першая ўбачыла ўваскрэслага Ісуса (Ян. 20:11-18).

Усе асацыяцыі Марыі Магдаліны з евангельскай блудніцай, якую хацелі пабіць камянямі, і Марыяй з Віфаніі, сястрой Марфы і Лазара, хоць і з’яўляюцца шырока распаўсюджанымі, пры гэтым не з’яўляюцца даказанымі. Так што пры праглядзе фільма забудзьцеся пра ўсё тое, што вы ведалі, ці думалі, што ведаеце пра яе.

7. Дыялогі у фільме вельмі часта пакідаюць жадаць лепшага. Толькі некаторыя з іх сапраўды цікавыя. Праўда, не зусім зразумела, віна ў тым перакладчыкаў або сцэнарыстаў. Лепш, калі першае, горш, калі другое.

8. Расавае пытанне. Не аспрэчваючы таго, што Ісус Хрыстос прыйшоў выратаваць усіх людзей, незалежна ад іх расы, полу, узросту, мовы і іншага, і што ў Хрысце “няма ні Эліна, ні Юдэя”, бачыць чарнаскурых апосталаў Пятра (яго грае Чыветэл Эджыяфор) і Андрэя дзіўна. Тым больш, што ў дачыненні да першага ёсць дакладнае апісанне ў Бібліі: «бо ты Галілеянін, і гаворка твая падобная» (Мк. 14:66-72). Пагадзіцеся, што пры адрозным колеры скуры пазнаць у апостале жыхара пэўнага рэгіёну па адной гаворцы не так і проста.

9. У цэлым фільм даволі вольна падыходзіць да трактоўкі біблейскіх падзей. Тут і апосталаў не 12, а каля васьмі, і з Лазарам Ісус не быў знаёмы да яго ўваскрашэння, хоць у Бібліі відавочна гаворыцца, што Ён ведаў і любіў Лазара і яго сясцёр да гэтага (Ян. 11:1-5). Ды і з дэманамі ў Марыі Магдаліне недакладнасць атрымліваецца.

10. Асобным праблемным (ці не самым галоўным) пытаннем фільма з’яўляецца паказаная ў ім ролю жанчын і, у прыватнасці, самай Марыі Магдаліны, якой мы не сустракаем у кананічных Евангеллях. За гэта яго ўжо паспелі празваць Бібліяй для феміністак. Праўда, варта прызнаць, што аўтары карціны маглі выкарыстоўваць апокрыфы, як, напрыклад, Дарэн Аранофскі ў фільме «Ной». Найбольш прыдатным на гэтую ролю бачыцца копцкае «Евангелле ад Марыі», напісанае ў ІІ стагоддзі. У ім гаворыцца, што «Збаўца любіў цябе (Марыю Магдаліну — рэд.) больш за іншых жанчын», што яна абвяшчала апосталам тое, што яны не чулі, і тое, што было схавана ад іх. Таксама тут прасочваюцца і спрэчкі Марыі з апосталам Пятром, якія прысутнічаюць у фільме. Пры гэтым аўтары не пайшлі ў іншыя апокрыфы (напрыклад, «Евангелле ад Піліпа»), у якім гаварылася, што «[Гасподзь любіў Марыю] больш [усіх] вучняў, і ён [часта] лабазаў яе [вусны]».

У цэлым, калі параўноўваць “Марыю Магдаліну” з іншымі нядаўнімі фільмамі на эвангельскую тэматыку, то, на нашу думку, па мастацкім узроўню яна адназначна апярэджвае фільм «Уваскрасенне Хрыста» ці міні-серыял «Біблія», але адстае ад «Пакуты Хрыстовы». Пры гэтым вялікая колькасць нестыковак з традыцыйнымі Евангеллямі і значная доля мастацкай выдумкі ў такіх карцінах не заўсёды ідзе ім на карысць. Але чым гэта не выдатная нагода для дыскусіі на біблейскія тэмы?

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі