Мітрапаліт Кандрусевіч пераабраны старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі

Кандрусевіч1

11–12 красавіка ў Гродне прайшло 69-е Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прымеркаванае да 27-й гадавіны арганізацыі структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі, якая прыпадае на 13 красавіка.

Падчас пасяджэння біскупы зацвердзілі рэарганізацыю фармацыі да святарства ў Беларусі, паведамляе catholic.by.

Таксама адбыліся выбары старшыні, намесніка старшыні і Генеральнага сакратара ККББ. Старшынёй абраны арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч; яго намеснікам — біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральным сакратаром — дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

Таксама біскупы ўнеслі свае прапановы адносна падрыхтоўкі і правядзення ІІІ сустрэчы моладзі Беларусі ў Гродне з 29 красавіка па 1 мая, якая пройдзе пад дэвізам «Пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай».

Будслаўскі фэст сёлета ў 20-ю гадавіну каранацыі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай Папскімі каронамі пройдзе 1–2 ліпеня пад дэвізам «Моладзь – надзея Касцёла і грамадства».

Таксама была абмеркавана магчымасць удзелу вернікаў з Беларусі ў Апостальскім візіце папы Францішка ў краіны Балтыі з 22 па 25 верасня. Па меры паступлення падрабязнай інфармацыі адносна візіту ККББ і біскупскія курыі дыяцэзій будуць інфармаць вернікаў аб арганізацыі пілігрымак.

Біскупы абмеркавалі магчымасць удзелу вернікаў з Беларусі ва ўрачыстасці Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні 17 лістапада.

Наступнае пасяджэнне ККББ адбудзецца ў Віцебску 15 лістапада.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі