Велікодная тэма ў “Малой падарожнай кніжцы” Скарыны

SAM_2136

Ласка ўваскрасення Хрыстовага льецца са старонак акафістаў і канонаў, якія надрукаваў у “Малой падарожнай кніжцы” Францыск Скарына ў 1522 годзе ў Вільні. У кніжку ўвайшлі  акафіст Труне Гасподняй, Крыжу Гасподняму, акафісты святому Міколе, святым Пятру і Паўлу, канон імені Ісуса, канон Багародзіцы і іншыя творы.

“Радуйся, живоносный Гробе, из тебе убо воскресе Христос!”

“Радуйся, пресвятый сосуде, яко в тебе спасения таинство содеяся!”

“Радуйся ты, пренайсветейшее тело нашего Спасителя три дня в собе имел еси” – такія светлыя, пранікнёныя словы друкаваў беларускі асветнік. Доўгія гады яны былі недаступнымі  для прачытання суайчыннікамі. На гэту тэму мы пагаварылі з кандыдатам культуралогіі спадаром Алесем Сушам.

DSCF7275– Велікодная тэма адчуваецца праз усю кнігу ці праз увесь комплекс кніг, якія ўвайшлі ў склад “Малой падарожнай кніжкі”. Тут яшчэ трэба ўзгадаць апроч шматлікіх акафістаў і канонаў, што да гэтай тэмы блізкі такі элемент “Малой падарожнай кніжкі”, як Пасхалія. Яна захавалася ў адным асобніку, у Каралеўскай бібліятэцы Даніі. Дадзеныя служылі для рухомых і нерухомых свят, што было вельмі важна для духавенства і шырокіх мас. Канцэнтрацыя ўвагі была звязана з велікоднымі днямі. Інтарэс да Вялікадня праз друкаванне “Малай падарожнай кніжкі” быў умацаваны.

Мы ўпершыню апублікавалі “Малую падарожную кніжку” два гады таму, да гэтага не было публікацый. Пры ўсёй значнасці гэтага помніка, ён не перавыдаваўся. З яго, акурат, пачалося кнігадрукаванне на беларускай зямлі, а не з пражскіх першадрукаў. Пры ўсёй цікавасці тых тэкстаў, што ўвайшлі ў склад “Малой падарожнай кніжкі”, яна  раней не перавыдавалася факсімільна. Я быў шчаслівы, калі мне ўдалося атрымаць з Капенгагена лічбавую копію гэтага выдання пасля доўгіх спробаў атрымаць яго афіцыйна. Праца будзе працягвацца. Першае выданне, якое ўвайшло ў 21 том факсімільнага ўзнаўлення “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, дапаможа пазнаёміцца са зместам кнігі. Ёсць меркаванне, што некаторыя акафісты належаць аўтарству самога Францішка Скарыны.

Выпуск кніг Скарынам паўплываў на тагачаснае грамадства. З’яўленне культурных феноменаў, знакавых выданняў уплывае на грамадскую свядомасць, на ўнутранае пачуццё.

 – Ваша кніга “Францыск Скарына – чалавек легенда” і іншыя задаюць высокую адукацыйную, асветніцкую планку і нясуць хрысціянскія ідэалы новаму пакаленню.

SAM_2137– Я раблю ардынарную працу, арганізуючы выставы, навуковыя падзеі, прысвечаныя важным датам нашай айчыннай кніжнай культуры. У значнай меры як даследчык я займаюся часамі Сярэднявечча і Новага часу. Бясспрэчна, што ў той перыяд наша культура была напоўнена рэлігійнымі сэнсамі. Вера ўплывала на светаўспрыняцце людзей. Ці я займаюся букварамі, якія былі створаны ў асяроддзі тых ці іншых рэлігійных арганізацый, ці займаюся кнігавыдавецкай справай першых стагоддзяў на беларускай зямлі, ці займаюся пытаннямі мастацкай культуры і выяўленчага мастацтва – у пераважнай большасці акцэнт ідзе на рэлігійнай складовай частцы. Хрысціянства ў тыя часы вызначала ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства, ці мы кажам пра адукацыйныя пасылы, ці пра нешта іншае. Усё было звязана з верай: навука, асвета, мастацкая культура.

– Вашы найцікавейшыя даследаванні звязаны з уніяцкай духоўнасцю. Вы пісалі пра такіх дзеячаў, як Якуб Суша і Ігнат Кульчынскі. Ці дайшлі да нас іх выявы? Ці не з’яўляецца Якуб Суша Вашым сваяком?

MB-Zyrovicy-kamien-aprava– Абодва яны былі базыльянамі, яркімі царкоўнымі дзеячамі і таленавітымі майстрамі слова. Народжаны ў  Горадні ў 1710 годзе Ігнат Кульчынскі пакінуў пасля сябе багатую спадчыну: шмат кнігаў, здзяйсненняў. Яго партрэта мы не ведаем. Холмскі і бэлзскі епіскап, архімандрыт Якуб Суша быў намаляваны пазней мастакамі. Яны былі першымі, хто пачаў займацца агульнакультурным значэннем тых  аб’ектаў, якія сёння з’яўляюцца для нас святынямі. Ігнат Кульчынскі цікавіўся архітэктурнымі асаблівасцямі Барысаглебскага манастыра і Каложскай царквы ў Горадні, або Полацкім Сафійскім саборам, альбо Крыжом Еўфрасінні Полацкай, пра які ён пісаў. Для яго быў важным цудатворны абраз Жыровіцкай Божай Маці. Ён меў непасрэднае дачыненне да пашырэння культу Жыровіцкай Багародзіцы, да каранавання гэтай іконы ў Рыме. Дзякуючы яго працам, пра ікону дазналіся ў свеце, яна стала агульнахрысціянскай святыняй. Тое ж можна сказаць пра ўніяцкага епіскапа Якуба Сушу. Ён шмат увагі надаваў архітэктуры, літургіцы, пытанням кнігавыдання. Ён шмат папрацаваў над гісторыяй царквы, такіх дзеячаў, як Мялецій Сматрыцкі, цікавіўся і вывучаў іх спадчыну, выкладаў гісторыю царквы і філасофію ў розных манастырах.

У яго дзейнасці мы бачым вялікую цікавасць да Холмскага вобраза Багародзіцы. Якуб Суша быў манахам-базыльянінам. Ён нарадзіўся ў Мінску ў 1610 годзе і не быў багатым і вядомым шляхцічам. Пра гэта пісалі многія паслядоўнікі, што, хаця Якуб Суша паходзіў не з надта слаўнага і багатага асяроддзя,тым не менш, ён праславіў прозвішча сваёй дзейнасцю. Імя яго стала больш уплывовым, чым некаторых магнатаў. Мае бацькі паходзяць з Мінска і Міншчыны. Можа, у нас ёсць некаторае сваяцтва.

Гутарыла Эла Дзвінская

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі