У Воршы адбылася супольная малітва за душы расстраляных (фотарэпартаж)

16 красавіка ў Воршы на Кабыляцкай гары ў месцы масавых расстрэлаў адбылася супольная малітва, якую адправілі пробашч касцёла Святога Язэпа з Воршы айцец Вадзім Мiзер і старшыня габрэйскай супольнасці „Сімха” Андрэй Дарафееў.

Перад малітвай сваякі расстраляных у Воршы добраўпарадкавалі месца масавых расстрэлаў – мемарыял на Кабыляцкай гары. Адзін са сваякоў усталяваў тут помнік у гонар расстраляных аднавяскоўцаў з вёскі Хаменічы Горацкага раёна.

Апошнім часам грамадская ініцыятыва «Кабылякі. Расстряляныя ў Воршы», якая аб’ядноўвае грамадскіх актывістаў і сваякоў усталявала тут больш дзясятка шыльдаў і некалькі крыжоў з імёнамі расстраляных у Воршы падчас камуністычнага тэрору 1920-1940 гадоў.

Паводле даследванняў гісторыка Змітра Дразда, у Воршы НКУС расстраляў прынамсі каля 1900 чалавек, сярод якіх было больш за 1100 беларусаў, звыш 500 палякаў, каля 40 габрэяў, а таксама прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. І гэта толькі тыя, чые імёны ўдалося адшукаць у адкрытых базах дадзеных.

У 1982 годзе пад час будаўніцтва тупіковай лініі чыгункі на Кабыляцкай гары былі знойдзены рэшткі 50 чалавек. Афіцыйная камісія, у якую уваходзілі прадстаўнікі міністэрстваў абароны, унутраных спраў, пракуратуры, судмедэксперты, агледзела знойдзеныя косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі і ўстанавіла, што гэтыя людзі былі забітыя на Кабыляках ў 1937-1940 гадах. Сведкі пацвердзілі, што людзей у Кабыляцкім лесе забіваў НКУС. Знойдзеныя рэшткі людзей перапахавалі.

У лістападзе 1990 года па рашэнні аршанскага райвыканкама на Кабыляцкай гары ў гонар ахвяраў сталінізму быў усталяваны мемарыял. Адна з аршанскіх школ нават узяла над ім шэфства. Аднак пазней афіцыйная стаўленне да рэпрэсій у краіне замянілася і мемарыял закінулі. Больш за 20 год за ім даглядалі грамадскія актывісты.

Ініцыятыва «Кабылякі. Расстряляныя ў Воршы» паўстала напрыканцы 2017 года. Галоўнымі ініцыятарамі сталі нашчадкі расстраляных, якія намагаюцца надання месцу афіцыйнага статусу. Зараз ініцыятыва шукае нашчадкаў забітых, а таксама вядзе пошук звестак пра расстраляных.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі