Біскуп Кашкевіч сустрэўся з працаўнікамі Беларускай чыгункі

czygunaczniki_lida 23

15 красавіка ў лідскай каталіцкай парафіі Святой Сям’і прайшла велікодная сустрэча з працаўнікамі чыгункі. На сустрэчы сабраліся ўдзельнікі душпастырства чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі з розных месцаў дыяцэзіі разам са сваім душпастырам а. Эдвардам Пяцельчыцам CSsR.

Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх членаў душпастырства ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі ён адзначыў, што кожны чалавек, як хрысціянін, пакліканы да таго, каб быць сведкам Уваскрослага. Але, каб стаць сведкам Хрыста, трэба найперш Яго пазнаць, сустрэць у сваім жыцці, паведамляе grodnensis.by.

“Мы будзем праўдзівымі, як сведкі Хрыста, калі будзем захоўваць яго навуку. Нашы ўчынкі, калі прадыктаваны любоўю да Бога і бліжняга, – найлепшае сведчанне таго, што мы ведаем Хрыста”, – звярнуў увагу іерарх.

Біскуп падкрэсліў, што вера чалавека, якая не мае пацвярджэння ў яго паводзінах, не будзе ніколі праўдзівай верай.

“Яна стане фальклорам, традыцыяй, звычаем, модай, светапоглядам, жыццёвай філасофіяй – але верай не будзе”, – сказаў іерарх.

Таму гродзенскі ардынарый дадаў, што ў гэты дзень прыходзяць да Пана таксама працаўнікі дзяржаўнай чыгункі, каб разам з вернікамі лідскай парафіі прасіць, каб умацаваў іх веру, учыніў яе больш сталай і больш дзейснай.

“Будзем супольна прасіць, каб Уваскрослы асвяціў нашы думкі і сэрцы сваім Словам. Няхай Яго навука, заключаная ў Евангеллі, вызначае для нас шлях жыцця”, – дадаў біскуп.

Пасля Імшы ўсе сабраныя сустрэліся пры супольным стале, дзе віншавалі адзін аднаго і дзяліліся велікодным яйкам.

Душпастырства чыгуначнікаў у Гродзенскай дыяцэзіі апякуецца некалькімі сотнямі людзей, што працуюць на чыгунцы, і іх сем’ямі. Iдэя заснавання душпастырства нарадзілася ў 1991–1992 гадах у Парэччы, дзе тады быў пробашчам а. Андрэй Шчупал CSRS.

БІСКУП ЮЗАФ СТАНЕЎСКІ НАВЕДАЎ ПАРАФІІ Ў ВАРНЯНАХ І ВАРОНЕ

А дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі 15 красавіка наведаў парафіяльную супольнасць Святога Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат), дзе ўзначаліў святую Імшу і падзяліўся з вернікамі гэтай парафіі радасцю ўваскрасення Пана нашага Езуса Хрыста.

У гаміліі біскуп прасіў вернікаў, каб іх штодзённая размова і дыялог з іншым чалавекам былі напоўнены зместам Евангелля. “Калі мы будзем размаўляць з іншымі зместам Евангелля, дзе будзе прабачэнне, любоў, згода, паяднанне, тады дзень уваскрасення настане ўжо сёння, у гэты момант, бо гэта будзе перамога Езуса Хрыста”, – сказаў іерарх.

Падчас Эўхарыстыі біскуп асаблівым чынам маліўся ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, найперш дзяцей і моладзі.

Таксама ў гэты дзень іерарх наведаў капліцу св. Юрыя ў Вароне, дзе сабраліся шматлікія вернікі. Пасля Імшы біскуп правёў катэхезу для парафіян, павучаючы іх таму, як трэба несці радасць Евангелля ў сучасным свеце.

Біскуп адзначыў, што Касцёл заўсёды клапоціцца аб выхаванні новых пакаленняў вернікаў, якія з’яўляюцца будучыняй і надзеяй. “Важна быць блізка да іншага чалавека, бо гэта рэалізацыя паклікання да любові”, – дадаў іерарх. Біскуп заклікаў старэйшае пакаленне казаць сваім дзецям і ўнукам пра Хрыста і распальваць у іх сэрцах полымя веры і надзеі.

На заканчэнне іерарх заахвоціў да малітвы аб блізкім Звычайным пасяджэнні біскупаў у Рыме і ІІІ Агульнанацыянальнай сустрэчы моладзі, якая на рубяжы красавіка і мая адбудзецца ў Гродне.

Біскуп падзякаваў пробашчу парафіі кс. Паўлу Звяжынскаму за руплівае служэнне сярод сваіх вернікаў і за працу аднаўлення парафіяльнага дома.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі