Віктар Козел з гурта “Тэзаўрус”: Я звярнуўся да Госпада і адчуў глыбокія перамены

SAM_2120

На фэсце хрысціянскай музыкі “Бог жыве” са спевам “Ерусалім” на вершы Рыгора Барадуліна выступіў Віктар Козел з гурта “Тэзаўрус”. Мы ўжо не аднойчы сустракаліся з гэтым шчырым выканаўцам, добрым сябрам і цудоўным сем’янінам. Віктар нарадзіўся на Вілейшчыне ў 1973 годзе. Як адоранае дзіця ён патрапіў у школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка ў Мінску.

— У юныя гады ў мяне з’явілася цікавасць да веры. Падчас вучобы кожны з маладых людзей датыкаўся ў той ці іншай форме да філасофіі і рэлігіі. У 13 год, не маючы Святога Пісьма, у бібліятэцы я прачытаў кнігу Леа Таксіля, які даў ганебныя каментары на Біблію. Але я нічога не памятаю з тых каментароў, а браў з іх толькі вытрымкі са Старога Запавету. Так атэіст адыграў важную ролю ў маім навяртанні да Бога. А пасля я наведваў царкву баптыстаў, якая была за некалькі кіламетраў ад маёй вёскі. У 15 гадоў я прачытаў Новы Запавет. Веды я браў з каталіцкага радыё.

У войску я прайшоў праз цяжкія жыццёвыя сітуацыі, — успамінае Віктар. — Мог лёгка адціскацца ад падлогі, спраўляцца з усімі цягатамі. За мае мастацкія здольнасці я быў узяты ў сур’ёзную вайсковую ўстанову. Будучы салдатам, я патрапіў у асяродак афіцэраў. І тут мне было цяжка. Міжасобавыя адносіны былі нялёгкімі. Паколькі звяртацца не было да каго, то прыйшлося звярнуцца да Госпада. Я выкарыстаў як раз тую малітву, з якой бабуля адпраўляла мяне ў войска. З гэтай малітвай і мой бацька хадзіў у войска.

Да гэтага часу ў мяне было захапленне ўсходнімі адзінаборствамі і тэхнікамі аўтагенных трэніровак. На сон мне заставалася 2 гадзіны. Я павінен быў стаяць на нагах. Сістэма аўтагенных трэніровак паступова перастала працаваць. Рука сама пацягнулася да блакнота, дзе была запісана малітва. Я ўсё часцей і часцей да яе звяртаўся, і паступова я адчуў глыбокія перамены. Абставіны вакол мяне пачалі мяняцца, яны сталі горшымі для зламысленікаў і лепшымі для мяне. Вялікія чыны сталі вітацца са мной за руку.

Сапраўднае навяртанне я адчуў у евангельскай царкве, калі мяне паклікалі да пакаяння. Як кожны сумленны чалавек, я адчуваў сабе грэшным і зрабіў крок да кафедры. У той момант я зразумеў, што я сапраўды пакаяўся. Я зразумеў, што я не павінен вяртацца да грахоўнага жыцця і замацаваць сваё рашэнне, як даць прысягу. Калі я зрабіў такі крок перад Богам, я павінен ісці да канца і не пакідаць прыадчыненымі дзверы. Я стаў фармавацца як адноўлены чалавек. Тады мне было 20 гадоў.

SAM_2134

Пасля была праца ў Доме Культуры ў якасці мастацкага кіраўніка і дырэктара. Давялося папрацаваць у паліграфічнай фірме. Потым я закончыў аддзяленне керамікі Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтва.

Спяваць я пачаў у царкве. Любоў да спеваў у мяне была заўсёды. У царкоўным гурце неабходны былі людзі, і я далучыўся да іх. Потым я стаў удзельнікам гурта “Тэзаўрус”. Мая Жонка Зінаіда грае на скрыпцы і выкладае ў музычнай школе. Цяпер у нас тры дачкі — Лідзія, Сафія і Ангеліна. Малодшай з іх сем месяцаў.

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі