У Пінскай дыяцэзіі праходзіць Тыдзень малітваў аб пакліканнях

2018-04-23-pinsk-006

22 красавіка ўрачыстай святой Імшой у катэдральнай базыліцы ў Пінску каталіцкі біскуп Антоні Дзям’янка распачаў разам з вернікамі Палесся адмысловы Тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарскага, манаскага і місійнага служэння ў Касцёле, паведамляе catholic.by.

У літургіі прынялі ўдзел фарматары і студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, а таксама вернікі горада.

У гаміліі іерарх нагадаў, што Касцёл у чацвёртую нядзелю пасля Вялікадня ва ўсім свеце адзначае нядзелю Езуса Добрага Пастыра.

Евангельскі тэкст, прызначаны на гэты дзень, нагадвае казане Хрыста, дзе Ён аб’яўляе Сябе “Добрым Пастырам” і “Брамай авечак” для “аўчарні” Пана – Божага Валадарства (пар. Ян 10, 11-18). Біскуп заахвоціў вернікаў маліцца за тых, хто служыць у парафіях як душпастыры, каб яны былі добрымі пастырамі па прыкладу Божага Сына.

Асаблівыя словы падзякі іерарх скіраваў да тых святароў, якія служаць у цяжкіх умовах, між іншым, у Чарнобыльскай зоне.

Арцыпастыр заахвоціў вернікаў да нястомнай малітвы за навучэнцаў духоўнай семінарыі ў Пінску. Іерарх заклікаў вернікаў і ўсе супольнасці дыяцэзіі ўключыцца ў малітву Паўсюднага Касцёла аб новых святых пакліканнях.

Паводле яго, Пінская дыяцэзія вельмі патрабуе святароў, бо амаль палова парафій па сёння не мае пастаяннага душпастыра.

На заканчэнне літургіі біскуп разам са святарамі-фарматарамі, семінарыстамі і сабранымі вернікамі ўзнёс да Бога адмысловую малітву святога Яна Паўла ІІ за пакліканых і аб пакліканнях да пастырскага служэння ў Касцёле.

Фармацыйная сустрэча маладых святароў прайшла ў Росі

23-24 красавіка ў рэкалекцыйным доме “Міласэрнасць” у Росі адбылася фармацыйная сустрэча для святароў Гродзенскай дыяцэзіі ад 1 да 8 гадоў святарства. Удзел у гэтых духоўных практыкаваннях прынялo больш за 25 святароў, паведамляе grodnensis.by.

Падчас сустрэчы ўдзельнікі выслухалі тэматычныя канферэнцыі, трывалі на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і дзяліліся перажываннем свайго святарства, якое засноўваецца на служэнні Богу і людзям.

На заканчэнне фармацыйнай сустрэчы святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх асаблівым чынам маліўся ў інтэнцыі ўсіх святароў Гродзенскай дыяцэзіі, каб яны з вялікай руплівасцю і аданасцю прысвячалі сябе служэнню Касцёлу і з клопатам і любоўю адносіліся да кожнай даверанай ім асобы.

Таксама ў гэты дзень адбыўся экзамен для святароў, якія сёлета будуць адзначаць восьмую гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння – на заканчэнне іх удзелу ў такіх сустрэчах. Святары здалі экзамен па дагматычнай тэалогіі, кананічнаму праву і спаведніцтву.

У Шчучыне ўвялі пасведчанне міністранта

А ў Шчучыне ў піярскай парафіі святой Тэрэзы ад Езуса (Авільскай) увялі адмысловае пасведчанне для міністрантаў, распавядае а. Віталій Слука SP, які разам з пробашчам рыхтуе хлопцаў да службы пры алтары, піша catholic.by.

Для кандыдатаў у міністранты штогод у верасні пачынаюцца заняткі, якія заканчваюцца ў IV або V нядзелю Вялікага посту. Спачатку хлопцы апранаюць на Імшу белыя ленты, а пасля засвоенай тэорыі і практыкі — комжы і пасведчанні міністрантаў.

Пасведчанне выдаецца на адзін год і змяшчае асноўныя звесткі пра хлопца (імя і прозвішча, дату нараджэння, бягучы школьны год, подпіс пробашча, а таксама дату прыняцця ў міністранты).Асобна на пасведчанні змешчана і прысяга, якую ў дзень далучэння да службы алтара хлопцы ўрачыста складаюць перад усёй парафіяй.

Пасведчанні дзвюхмоўныя. Акрамя беларускай, надпісы ў іх прадубляваныя і па-польску. Навошта?

«Мы выдаём пасведчанні, каб змабілізаваць хлопцаў да адказнасці за службу пры алтары, — адзначае а. Віталій Слука SP. — Да таго ж, паказаўшы пасведчанне, хлопцы могуць пры неабходнасці служыць не толькі ў парафіях Беларусі, але і Польшчы».

Паводле слоў святара, такія ж пасведчанні атрымліваюць лектары парафіі, якія рыхтуюцца да дастойнага чытання Божага Слова. Разам з пасведчаннем лектары атрымліваюць і нацельны крыж. На сёння ў парафіі служаць 43 міністранты, 7 лектараў-школьнікаў і 6 лектараў-студэнтаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі