Беларускія святары выступілі на Чарнобыльскім шляху: Захавай, Божа, родную Беларусь!

DbuTcU5XkAURVwu

26 красавіка ў Мінску ля чарнобыльскай капліцы адбыўся мітынг-малітва, у якім узялі ўдзел два беларускія святары – афіцыйны прадстаўнік Каталіцкага Касцёла, ксёндз-канонік Францішак Рудзь, пробашч сталічнай парафіі Маці Божай Будслаўскай, і іераманах Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай (Народнай) Царквы Вікенцій (Кавалькоў).

Ксёндз Францішак Рудзь у сваёй прамове заклікаў падыходзіць да «мірнага атаму», які можа прыносіць велізарную карысць, з вялікай адказнасцю, бо ў выпадку аварыі, як на Чарнобыльскай АЭС, пакутуе не адно пакаленне. Святар адзначыў, што Чарнобыльская трагедыя назаўсёды змяніла жыцці тых людзей, хто быў вымушаны пакінуць зону адчужэння, чые родныя загінулі пры ліквідацыі наступстваў аварыі ці хто страціў здароўе. “Гэтая трагедыя вымушае задумацца і адказна ставіцца да прыроды”, — падкрэсліў ён.

«Мы павінны памятаць, што чалавек быў створаны не як абсалютны гаспадар стварэння, а як істота, адказная за тое, каб апрацоўваць і берагчы “сад свету”», — падкрэсліў ксёндз Францішак.

«Захавай, Божа, родную Беларусь і ўсіх яе жыхароў ад трагедый!» — завяршыў ён выступ.

У сваю чаргу іераманах Вікенцій (Кавалькоў) падзякаваў Госпаду за тое, што сабраў людзей, каб разам успомніць пра Чарнобыльскую трагедыю, “якая спасцігла наш народ і праз якую нам прыходзіцца ісці ўжо больш за 30 гадоў”.

Прыгадаўшы, як Майсей вывеў габрэйскі народ з егіпецкага рабства, святар падкрэсліў, што беларусам не трэба абіраць сабе зямлю, але трэба атрымаць яе ў спадчыну і быць свабоднымі на ёй.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі