Каталіцкі святар прыме ўдзел у мітынгу-малітве пасля Чарнобыльскага шляху

чарнобыльскі шлях 32

26 красавіка, у Дзень памяці Чарнобыльскай трагедыі, прадстаўнік Каталіцкага Касцёла кс. канонік Францішак Рудзь, пробашч мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай, бярэ ўдзел ў памятных мерапрыемствах, паведамляе catholic.by.

Першае мерапрыемства, арганізаванае Мінгарвыканкамам, распачалося аб 11:00 каля мемарыяльнай капліцы ў гонар іконы «Сысканне загінулых» у парку Дружбы народаў непадалёк ад скрыжавання вуліц Арлоўскай і Лілі Карастаянавай.

Увечары таго ж дня пройдзе традыцыйны Чарнобыльскі шлях на ўшанаванне ахвяраў катастрофы на ЧАЭС. Згодна з дазволам Мінгарвыканкама, яго ўдзельнікі збяруцца з 18:00 да 18:30 на пляцоўцы каля ўваходу ў кінатэатр «Кастрычнік» (пр. Незалежнасці, 73), пасля чаго пройдуць па тратуарах па праспекце Незалежнасці, вуліцах Сурганава і Арлоўскай да скрыжавання з вуліцай Лілі Карастаянавай, дзе каля 20.00 адбудзецца мітынг-малітва і ўскладанне кветак да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля».

Як раней адзначаў у каментары Радыё Рацыя сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, на гэты мітынг запрошаны прадстаўнікі ўсіх асноўных хрысціянскіх канфесій. “Будуць выступы эколагаў, ліквідатараў і прадстаўнікоў арганізатараў. Скончыцца мітынг спяваннем гімна “Магутны Божа”, запальваннем свечак і ўскладаннем кветак да крыжа і памятнага знаку”, – заяўляў ён.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі