У Новай Рудзе і Суботніках прайшлі адпустовыя ўрачыстасці святога Юрыя

sw_juryja 23

22 красавіка ў каталіцкай парафіі святога Юрыя ў Новай Рудзе ў Гродзенскім раёне адбылася штогадовая адпустовая ўрачыстасць у гонар апекуна парафіі святога Юрыя. Урачыстасці ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, паведамляе grodnensis.by.

Падчас Эўхарыстыі іерарх блаславіў новыя стацыі Крыжовага шляху і адноўленую званіцу, а таксама ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі і старэйшым парафіянам.

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч адзначыў, што святы Юрый, апякун парафіі, указвае сучасным людзям на Езуса і вучыць, як быць адважным сведкам Уваскрослага Пана. Па словах святара, гэты святы жыў у свеце, у якім нічога не спрыяла таму, каб вызнаваць веру ў Хрыста, бо тыя, хто вызнаваў яе і паказваў сваю прыналежнасць да Яго, гінулі мучаніцкай смерцю.

На заканчэнне ўрачыстасці тыя, хто атрымаў сакрамэнт канфірмацыі, паабяцалі, што на ўзор свайго апекуна будуць старацца бараніць веру і паказваць свету стыль хрысціянскага жыцця. Завяршылася ўсё эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.

Біскуп Кашкевіч падзякаваў вернікам і пробашчу парафіі за тое, што ўсё сваё сэрца аддаюць клопату і аднаўленню касцёла. Іерарх адзначыў, што гэтая знешняя прыгажосць з’яўляецца выразам і жаданнем жыць разам з Богам, без якога яны не ўяўляюць сваёй штодзённасці. Таксама біскуп заклікаў парафіян далей трываць з Хрыстом і заахвоціў маліцца аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле.

23 красавіка, ва ўспамін святога Юрыя, у парафіі Св. Уладзіслава ў Суботніках таксама адбылася адпустовая ўрачыстасць. У бакавым алтары касцёла знаходзіцца абраз святога Юрыя. Яшчэ да пабудовы касцёла пад тытулам святога Уладзіслава на гэтым месцы быў касцёл святога Юрыя.

Урачыстасць пачалася літаніяй да святога Юрыя і эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла. У гаміліі кс. Дзмітрый Несцер нагадаў вернікам аб постаці святога Юрыя, распавёўшы пра яго жыццёвы шлях, заклікаў быць мужнымі воінамі Езуса Хрыста, стойка трываць у веры, як гэта рабіў святы, і звяртацца за дапамогай да заступніка парафіі.

А 22 красавіка ў араторыі святога Яна Боска, які дзейнічае пры парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні, адбылося свята для дзяцей пад назвай «Дзень вясенняга імянінніка», паведамляе sdb.by.

Пасля св. Імшы ў араторыі дзяцей чакалі вядомыя казачныя героі. Удзельнікі свята дапамагалі ім выконваць розныя заданні, атрымоўваючы ў адказ станоўчыя эмоцыі ад гульні і конкурсаў. Напрыканцы святкавання хлопчыкі і дзяўчынкі павіншавалі імяніннікаў спевам “Каравай”.

Пасля с. Дар’я Еўтухоўская FMA заклікала дзяцей быць удзячнымі за атрыманыя падарункі і не баяцца дзяліцца ўсім, што маюць. Святкаванне закончылася супольнай малітвай.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі