З Беларусі зноў высылаюць каталіцкага святара-замежніка

2018-04-27-ks-kszysztof-025

Ксёндз-паляк Кшыштаф Пасвята CSMA, які нясе служэнне ў мястэчку Гатава пад Мінскам і будуе там новы касцёл, да 30 красавіка павінен выехаць з Беларусі. Афіцыйная прычына ў тым, што за апошні год ён тройчы перавысіў хуткасць на дарозе, з-за чаго яму адмовілі ў падаўжэнні дазволу на служэнне.

27 красавіка мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з гэтай нагоды з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанідам Гулякам, але пазітыўных навін сустрэча не прынесла, паведамляе catholic.by.

Паводле пастановы аб прабыванні замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства для заняцця рэлігійнай дзейнасцю, два і больш адміністратыўныя парушэнні могуць прывесці да адмовы ў прабыванні. Але, як адзначыў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, закон аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства гаворыць аб тым, што замежнік можа не атрымаць візу, калі мае пяць і больш адміністратыўных правапарушэнняў.

“Гаворка пра пяціразовае парушэнне, а не двух- ці трохразовае. Выходзіць, замежнікаў дзеляць на два гатункі: просты чалавек і святар. Гэта сапраўдная дыскрымінацыя замежных святароў. Ніхто не ставіць пад сумнеў, што беларускія законы павінны захоўвацца, але гэты юрыдычны аспект варта ўлічваць”, — заявіў ён.

Упершыню ў Беларусь кс. Кшыштаф Пасвята прыехаў у 1992 годзе яшчэ дыяканам. Дзякуючы яго намаганням у парафіі св. Міхала Арханёла ў Гатаве быў узведзены Пастырскі цэнтр для дзяцей і моладзі з капліцай і араторыем. А цяпер ідзе будаўніцтва касцёла.

«Галава часта забітая клопатамі пра служэнне, пра парафію — і не заўсёды, націскаючы на педаль, бачыш, на якой хуткасці едзеш. Але калі парушыў, можна забраць аўтамабіль, забараніць ездзіць на нейкі перыяд, але навошта высылаць мяне з Беларусі, якую я так палюбіў?..» — кажа сам святар.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі