Беларуская Праваслаўная Аўтакефалія – як гэта калісьці будзе…

Свята-Духаў

Царкоўныя падзеі ва Украіне, дзе рэальна пачаўся працэс стварэння адзінай Праваслаўнай Памеснай Царквы ў поўнай згодзе ды падтрымцы Усяленскага Патрыярхату, абудзіў інтарэс да магчымасці стварэння Памеснай (аўтакефальнай) Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Мы паспрабавалі прааналізаваць магчымасці яе стварэння, ды як гэта, верагодна, будзе адбывацца.

Адразу мусім канстатаваць, што ва ўмовах сённяшняга палітычнага рэжыму ў Беларусі, хутчэй за ўсё, немагчымыя нават нейкія сур’ёзныя спробы стварэння нават праваслаўнага аўтакефальнага руху з наяўнасцю легальных парафій, царкоўных брацтваў і г.д. Але, як паказвае вопыт некаторых постсавецкіх краін, абставіны могуць змяніцца ў будзь-які момант…

Асноўным пытаннем, якое паўстае ў звязку з магчымымі аўтакефальнымі працэсамі ў Беларусі, гэта пытанне наяўнасці перадумоў, запатрабаванасці ўласнай Памеснай Праваслаўнай Царквы з боку вернікаў. Як ні дзіўна, але на сёння найбольш “працуе” ў дадзеным кірунку менавіта Маскоўскі Патрыярхат. Заявы аб “рускім свеце”, аб “розных багах”, “краніках” і г.д., падтрымка вайсковых авантур Расійскай Федэрацыі ды знявага іншых народаў — усё гэта стварае негатыўны імідж Расійскай Праваслаўнай Царквы. І хоць некаторыя СМІ й асобныя аўтары, спрабуюць прыпісаць заганы РПЦ усяму Праваслаўю, бо ў Беларусі рэальна прысутны выключна Маскоўскі Патрыярхат, беларускія праваслаўныя вернікі бачаць станоўчы прыклад іншых Праваслаўных Цэркваў, што ў сваю чаргу прымушае задумацца аб адасабленні (аўтакефаліі) Беларускага Праваслаўя. Менавіта адчуваючы гэтыя настроі беларускага грамадства, спікеры Беларускага Экзархату РПЦ намагаюцца ўсяляк аспрэчыць не толькі патрэбнасць, а нават саму магчымасць надання Памеснага статусу Праваслаўнай Царкве ў Беларусі.

І так, адразу высветлім два галоўныя пытанні, на якія найбольш націскаюць прадстаўнікі Маскоўскага Патрыярхату пры разглядзе пытання аўтакефаліі.

Па-першае, няма ніводнага канону, ніводнага дакументу Усяленскіх сабораў або нарадаў праваслаўных іерархаў, у якіх былі б нават фрагментарна прапісаныя ўмовы і працэдура надання будзь-якой частцы адной з Памесных Праваслаўных Цэркваў аўтакефальнага статусу. Зазвычай аўтакефалія надаецца (вызнаецца) той Праваслаўнай Царквой, часткай якой была новая Памесная Праваслаўная Царква да абвяшчэння свайго новага статусу. Пры гэтым, калі мы разгледзім гістарычныя прэцэдэнты, можна вылучыць некалькі агульных умоў:

1. Аўтакефалія абвяшчаецца і вызнаецца на тэрыторыі незалежнай дзяржавы.

2. Аўтакефальны статус патрабуюць праваслаўныя вернікі праз правядзенне памеснага сабору. Новая Праваслаўная Царква мусіць мець, як мінімум 3 архірэяў ды колькасць святароў, якая дастаткова для задаволення патрэб вернікаў. Кананічнай тэрыторыяй гэтай Царквы ёсць тэрыторыя незалежнай дзяржавы.

3. Улады незалежнай дзяржавы падтрымліваюць стварэнне новай аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Хоць у ХХ – ХХІ стст. мы звыклі да таго, што Царква аддзелена ад дзяржавы, гістарычныя прыклады надання аўтакефаліі заўсёды былі павязаны з падтрымкай гэтага працэсу з боку свецкай дзяржаўнай улады. Нават сённяшнія падзеі ва Украіне паказваюць, што актыўнасць і паспяховасць працэсу залежыць ад дзяржаўніцкай пазіцыі.

4. Аніводная Праваслаўная Царква не мае права надаць аўтакефальны статус іншай Праваслаўнай Царкве, нават калі яна складаецца з яе былых клірыкаў і вернікаў, калі гэтая частка знаходзіцца на чужой кананічнай тэрыторыі. Яскравы прыклад гэтаму – Праваслаўная Царква Амерыкі, якая, хоць і атрымала Томас аб аўтакефаліі ад РПЦ МП, да сёння застаецца невызнанай Усяленскім Праваслаўем, бо дыяспара – гэта кананічная тэрыторыя Канстанцінопальскага Патрыярхату.

5. Нават калі Праваслаўны памесны сабор у незалежнай дзяржаве прыме рашэнне аб абвяшчэнні аўтакефаліі, вызнанне адбываецца не аўтаматычна. Гісторыя паказвае, што ад моманту абвяшчэння да моманту вызнання можа прайсці досыць доўгі час. Напрыклад, Маскоўскі Патрыярхат чакаў вызнання ад Канстанцінопаля амаль 150 гадоў.

Па-другое, вызнанне Беларускай Аўтакефаліі аніяк не залежыць ад Маскоўскага Патрыярхату. Ад 1924 г. і да сённяшняга дня Канстанцінопальскі патрыярхат афіцыйна вызнае далучэнне сваёй Кіеўскай мітраполіі да Маскоўскага Патрыярхату незаконным, а яго кананічнаю тэрыторыяй лічыць тую, якая была пры наданні Расійскай Праваслаўнай Царкве аўтакефаліі Канстанцінопальскім патрыярхам у 1589 г. Менавіта гэтым кіраваўся Канстанцінопаль пры наданні Томасу аб аўтакефаліі Праваслаўнай Царкве ў Польшчы (1924 г.), а сёння кіруецца пры вырашэнні “ўкраінскага пытання”. Пры гэтым у кожным дакуменце мова ідзе менавіта аб “гістарычнай кананічнай тэрыторыі Кіеўскай мітраполіі”, якая ў сваю чаргу ахоплівала і Беларусь.

Такім чынам, пасля правядзення Памеснага Сабору Беларускае Праваслаўе мусіць звяртацца па Томас аб аўтакефаліі выключна да Канстанцінопальскага патрыярха, а Маскоўскі Патрыярхат аніякага кананічнага стасунку да пытання вызнання не мае.

Як бачым, ужо на сёння Беларусь мае практычна ўсе перадумовы для стварэння ўласнай Праваслаўнай Памеснай Царквы. Адсутнічае толькі падтрымка дзяржавы, але, з цягам часу, абставіны могуць змяніцца..

Адначасна, стоячы на пазіцыях аб’ектыўнасці, мы не можам не даць адказ на некаторыя думкі апанентаў Маскоўскага Патрыярхату адносна існавання Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

Так, сапраўды ў замежжы існуе БАПЦ, некалькі святароў якой нават прысутны ў Беларусі. Аднак, у святле вызнання Беларускай Праваслаўнай Аўтакефаліі мусім высветліць некаторыя пытанні.

163130_177021092328255_8169026_n

БАПЦ, якая была адроджана ў 1948 г. на саборы ў Канстанцы, мела сваім першаіерархам уладыку Сяргея Ахатэнку, архірэйская годнасць якога была пацверджаная мітрапалітам ПАПЦ Дыянісам (Вядленскім). Праз гэтае пацверджанне епіскапская годнасць архірэяў БАПЦ ніколі не паддавалася сумневу ў Сусветным Праваслаўі. Нават кіраўнік БЭ РПЦ, мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў) вызнаваў статус іерархаў БАПЦ. Аднак пасля смерці мітрапалітаў Мікалая (Мацукевіча) ды Ізяслава (Бруцкага) гэта лінія была перарваная.

Сённяшні кіраўнік БАПЦ не мае хіратоніі, якую б бясспрэчна вызнавалі прадстаўнікі Усяленскага Праваслаўя. Больш таго, нармальнае існаванне будзь-якой Праваслаўнай Царквы забяспечваецца наяўнасцю, як мінімум, трох архірэяў. Гэта абумоўлена тым, што па Праваслаўных канонах новага епіскапа высвячаюць не менш 2 правадзейных архірэяў. Калі ж у Царкве толькі адзін або нават два епіскапы, дык праз смерць або адыход аднаго з архірэяў немагчымы працяг архірэйскай пераемнасці без запрашэння епіскапаў іншых Праваслаўных Цэркваў. Сыходзячы з гістарычнага вопыту, паўстане лагічнае запытанне: хто з вызнаных Праваслаўных Цэркваў гатовы дапамагчы БАПЦ у гэтым пытанні? Ці з’яўляецца сучасны кіраўнік БАПЦ для свядомых беларускіх святароў, найперш Маскоўскага Патрыярхату, на тэрыторыі Беларусі аўтарытэтам? Звычайна, пытанне больш рытарычнае.

68210_177021275661570_7447405_n

Апрача вышэй выкладзенага, мусім зазначыць, што Праваслаўныя Цэрквы дыяспары ніколі не павярталіся на Бацькаўшчыну. Найбольшае, што яны давалі, — гэта кананічны епіскапат (у БАПЦ з гэтым праблемы) ды свае багаслоўскія напрацоўкі на першым этапе. Але, як мы бачым, падобная праца спынілася ў БАПЦ пасля смерці мітрапаліта Мікалая…

Дык як будзе адраджацца Беларуская Аўтакефалія?

Абапіраючыся на гістарычныя паралелі, можна высунуць гіпотэзу, што адраджэнне пачнецца праз рух свецкіх вернікаў ды свядомых беларускіх праваслаўных святароў. Не выключана, што пры спрыянні дзяржавы ды агульнага руху да іх далучыцца пэўная колькасць сённяшніх беларускіх архірэяў Маскоўскага Патрыярхату, якія збяруць Памесны сабор, абяруць Прадстаяцеля ды звернуцца да Канстанцінопальскага Патрыярха з просьбай аб наданні аўтакефальнага статусу. Калі такіх архірэяў не будзе, магчымы зварот да Канстанцінопаля і аб хіратоніі новых беларускіх архірэяў…

На нашу думку, становішча будзе падобнае на Эстонскі варыянт, калі, найперш, у Беларусі паўстане аўтаномная Праваслаўная Царква Канстанцінопальскага Патрыярхату, якая павольна будзе пашырацца на ўсё праваслаўнае насельніцтва ды, за пэўную колькасць гадоў, дарасце да аўтакефальнага статусу. Тыя святары БАПЦ, якія сёння прысутныя на тэрыторыі Беларусі, мусяць далучыцца да гэтай аўтаноміі, бо іншага варыянту, відавочна, няма…

Разам з тым, мы не выключаем і іншы варыянт, калі прамоўтарам аўтакефаліі выступяць не толькі праваслаўныя беларусы, а і новае палітычнае кіраўніцтва Беларусі, якое здолее падтрымаць ды здзейсніць мару свядомых праваслаўных беларусаў — аўтакефалію, дапаможа правесці Памесны Сабор ды супольна прасіць адпаведнага Томасу ў Канстанцінопальскага Патрыярхату…

А што праваслаўным беларусам-прыхільнікам аўтакефаліі рабіць сёння? У сучасных умовах ёсць адзіны шлях, а менавіта — падтрымліваць усё беларускае, якое існуе на сёння ў БЭ РПЦ. Запаўняць храмы на беларускамоўных службах, пашыраць праўду аб Беларускім Праваслаўі ды ягоным адрозненні ад Маскоўскага, стаць “сцяною непарушнаю” для тых архірэяў ды святароў БЭ РПЦ, якія падтрымліваюць беларушчыну… А яшчэ быць такім праваслаўным вернікам, каб кожны мог сказаць: нашы свядомыя беларусы сапраўды ўзорныя праваслаўныя…

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі