Дзве тысячы ўдзельнікаў сабралі ІІІ Усебеларускія дні моладзі ў Гродне

Гродно
У Гродне 29 красавіка распачаліся ІІІ Усебеларускія дні каталіцкай моладзі. Дэвіз сустрэчы, якая праходзіць на базе гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў мікрараёне Дзевятоўка, – «Пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай!».

У першы вечар сустрэчы Святую імшу на распачацце сустрэчы ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, паведамляе catholic.by.

Ватыканскаму пасланніку саслужылі беларускія біскупы на чале са старшынёй ККББ мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам і Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Янам Сяргеем Гаекам MIC.

Вітаючы гасцей, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч пажадаў усім удзельнікам, каб «дні, праведзеныя ў гістарычным горадзе Стэфана Баторыя, пазначаныя прысутнасцю святога Казіміра, былі перажытыя як найлепш – на хвалу Божую і для духоўнай карысці».

«Няхай не будзе недахопу ў часе на малітву і адарацыю, на слуханне Божага слова і сакрамэнту», – дадаў бискуп Гродзенскі.

Гродно
Арцыбіскуп Габар Пінтэр у сваёй гаміліі сканцэнтраваўся над тэме мужнасці ў прыняцці паклікання і еднасці ў жыцці чалавека: “Я рады бачыць вас, з’яднаных у малітве хвалы і ў сведчанні пра вашу веру і любоў да Бога перад аднагодкамі і ўсім грамадствам. Кожны чалавек шукае ў жыцці еднасць. Шчаслівы чалавек, які яе знаходзіць: чые думкі, словы і справы ствараюць адзіны блок і не маюць ніякай супярэчнасці».

«Што азначае «заставацца ў Езусе»? Гэта значыць – трываць у веры, якая ў сваю чаргу ўмацоўваецца праз пастаяннае і ўважлівае слуханне Божага слова. Калі мы застанемся ў Хрысце, Ён будзе жыць у нас і стане тым, чым з’яўляецца лаза для галінак: жыццёвым прынцыпам, натхненнем, прычынай, сэнсам усяго нашага жыцця, нашых выбараў», –  падкрэсліў іерарх.

«Прыняць моладзь з усёй Беларусі – вялікая падзея для нашай парафіі», – кажа пробашч парафіі ў Дзевятоўцы а. Дзмітрый Лабкоў CSsR.

«Падрыхтоўка да сустрэчы моладзі трывала некалькі месяцаў. Перш за ўсё мы прасілі парафіянаў, каб яны былі гатовыя ўзяць на начлег маладых людзей. Я нават быў здзіўлены той колькасці парафіянаў, якая запісалася, каб узяць на начлег пілігрымаў. Я вельмі ўдзячны нашым парафіянам. Некаторым з іх нават “не хапіла” моладзі”, – дадае святар.

Парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне была зарэгістраваная ў 1993 годзе. У 2000 годзе распачалося будаўніцтва святыні. У сцяну касцёла і пастырскага цэнтра быў умураваны вуглавы камень, прывезены з гробу святога Пятра з Рыма. Гэты камень быў падараваны парафіі Папам Янам Паўлам ІІ.

Служэнне ў парафіі нясуць айцы рэдэмптарысты.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі