Моладзь БНФ правяла талаку на “барысаўскіх Курапатах”

5Mm3ILlZqMA

Актывісты барысаўскай Моладзі БНФ 30 красавіка выйшлі на прыборку барысаўскіх “Батарэй”, дзе ў 1930-я гады былі расстраляныя ўдзельнікі антыкамуністычных паўстанняў, а таксама знаходзіцца месца магчымага пахавання аднаго з лідараў антысавецкага руха Юркі Моніча.

Батарэі для Барысава — гэта тое самае, што Курапаты для сталіцы. Але на сённяшні дзень большасць жыхароў Барысава пра гэта не ведае, асабліва моладзь, паведамілі ў Моладзі БНФ.

“Сёння мы вырашылі пачаць кампанію па аднаўленні народнай памяці і ўшанаванні ўсіх тых, каго расстралялі ні за што падчас савецкай акупацыі, бо, на жаль, большасць маладых людзей не ведае ні пра антысавецкі рух, ні пра тыя злачынствы, якія зрабілі камуністы ў нашым горадзе”, – кажа ўдзельнік талакі, намеснік старшыні Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік

Але прыборка гэтых мясцінаў – гэта толькі пачатак кампаніі па ўшанаванні памяці ўсіх нявінна забітых. У планах актывістаў Моладзі шэраг мерапрыемстваў і захадаў для прыцягнення ўвагі да гэтага месца.

“Вядома, што сёння мы можам доўга спрачацца пра тое, ці сапраўды менавіта тут былі расстраляны людзі, але факт застаецца фактам: масавыя расстрэлы мірных жыхароў у Барысаве былі, і трэба, каб быў нейкі помнік, месца, дзе людзі маглі прыйсці, пакласці кветкі, аддаць даніну памяці. Раней на гэтым месцы былі крыжы, але, на жаль, мясцовыя ўлады спілавалі іх яшчэ ў 2008 годзе. Нашы прыборкі мы будзем працягваць на працягу ўсяго лета, таксама ў планах запрасіць гісторыкаў, якія б маглі распавесці для маладых людзей сапраўдную гісторыю і пра барысаўскі галодны бунт, і пра Юрку Моніча, і пра масавыя расстрэлы ўдзельнікаў тых падзей, магчыма, зрабіць экскурсію. Таксама пачнем выпуск улётак пра тыя падзеі, каб барысаўчане маглі даведацца пра гэта”, – кажа ўдзельнік талакі Аляксей Руды.

Таксама маладыя людзі плануюць дамагчыся сустрэчы з мясцовымі ўладамі, каб паразмаўляць пра тое, каб на барысаўскіх батарэях былі афіцыйны ўсталяваны крыжы памяці ці які-небудзь мемарыяльны знак, але гэтага актывісты пачнуць дамагацца пасля таго, як правядуць шэраг запланаваных мерапрыемстваў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі