«Супадзенне? Не думаю», або пра стаўленне беларускіх уладаў да хрысціянаў

39305737

На мінулым тыдні ў Беларусі адбыліся тры падзеі з грамадска-рэлігійнага жыцця, якія на першы погляд, як быццам, і не звязаныя паміж сабой. Аднак пры бліжэйшым іх разглядзе усё становіцца не так ужо і адназначна.

Пачалося ўсё з таго, што 25 красавіка падчас пасяджэння пад кіраўніцтвам міністра адукацыі Ігара Карпенкі Каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржкіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой у сферы адукацыі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павал, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўказаў на прабел, звязаны з непрызнаннем дыпломаў духоўных навучальных устаноў, у выніку чаго іх выпускнікі не маюць роўных правоў з выпускнікамі свецкіх навучальных устаноў, што істотна абмяжоўвае магчымасці маладых людзей на працаўладкаванне і далейшую дзейнасць.

27 красавіка стала вядома, што ксёндз-паляк Кшыштаф Пасвята CSMA, які нясе служэнне ў мястэчку Гатава пад Мінскам і будуе там новы касцёл, да 30 красавіка павінен выехаць з Беларусі. У гэты ж дзень мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з гэтай нагоды з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам, у гутарцы з якім адзначыў, што ў Беларусі «замежнікаў дзеляць на два гатункі: просты чалавек і святар», і ў дачыненні да апошніх закон значна больш dura.

«Гэта сапраўдная дыскрымінацыя замежных святароў. Ніхто не ставіць пад сумнеў, што беларускія законы павінны выконвацца, але гэты юрыдычны аспект варта ўлічваць», — заявіў мітрапаліт.

Трэцяя навіна таксама ад 27 красавіка: сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец падалі ў Вярхоўны суд скаргу на сёмую (!) нерэгістрацыю Партыі БХД.

Здавалася б, абсалютна незвязаныя паміж сабой падзеі. Здавалася б, якое дачыненне мае адсутнасць прызнання праваслаўных дыпломаў да рэгістрацыі палітычнай партыі ці дыскрымінацыі каталіцкіх святароў у параўнанні з іншымі замежнікамі?

Аднак у рэчаіснасці падзеі звязаныя паміж сабой непасрэдна. У краіне, дзе па-ранейшаму шануюць спарахнелае савецкае мінулае, дзе на чале дзяржавы стаіць сацыяліст, а міністэрства адукацыі — камуніст, дзе ставяць помнікі Сталіну і ўскладаюць кветкі Леніну, дзе чэкісты не бачаць падставы саромецца за злачынствы НКУС-КДБ, не можа быць прызнання духоўных дыпломаў і роўных правоў для дзейнасці святароў.

Сілай, якая магла б лабіяваць хрысціянскія прынцыпы ў грамадскім і палітычным жыцці, абараняць інтарэсы цэркваў і вернікаў, магла б быць партыя, заснаваная на хрысціянскіх каштоўнасцях. Але такой партыі ў Беларусі легальна дзейнічаць не даюць, і канфесіі беларускія ў яе абарону не выступаюць.

Але ж непрызнанне дыпломаў і дыскрымінацыя святароў — гэта толькі вяршыня айсберга. І ў праваслаўных, і ў каталікоў, і ў пратэстантаў ёсць яшчэ шмат прэтэнзій да заканадаўства і ў пытаннях рэгістрацыі суполак, і богаслужбовай дзейнасці замежнікаў, і прапаведавання, і дабрачыннасці, і многае іншае.

Аднак усе гэтыя праблемы рэлігійныя ўлады спрабуюць вырашаць з уладамі дзяржаўнымі кулуарна, хоць сітуацыя апошніх гадоў ясна паказала: час падобных перамоваў прайшоў і ўлады на саступкі больш ісці не маюць намеру. Таму і паляпшэння сітуацыі ў рэлігійнай сферы больш чакаць не даводзіцца — далей толькі сцяна, у лепшым выпадку па прынцыпе «вы ж самі ўсё разумееце».

Але ці хопіць у беларускай канфесій сіл і смеласці выказацца ў абарону хрысціянскай партыі? Цалкам магчыма, што гэтае пытанне з’яўляецца рытарычным.

Максім Гацак

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі