Біць ці не біць дзяцей? Адказвае псіхолаг Ірына Шмак

дзіця плача

Нядаўна беларускі інтэрнэт ускалыхнула дыскусія адносна таго, можна ці не біць дзяцей. Пры гэтым у падтрымку таго, што дзяцей біць можна ў сацсетках выступалі і многія хрысціяне. Каб лепш разабрацца ў пытанні мы звярнуліся да Ірыны Шмак, практыкуючага псіхолага, кіраўніка сацыяльнага цэнтра “Шчаслівы малыш” у Мінску SOS Дзiцячай вескi Бараўляны, выкладчыка каталіцкага Мiнскага тэалагiчнага каледжа iмя святога Яна Хрысцiцеля i Школы сямейнага жыцця.

Раней Ірына Шмак скончыла ўніверсітэт кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве (Інстытут даследаванняў па сям’і) са ступенню магiстра навук аб сям’і, Акадэмію паслядыпломнай адукацыі ў Мінску па спецыяльнасці практычны псіхолаг і Еўрапейскі інстытут псіхадрамы (PIFE). З 2001 па 2013 гады наша суразмоўца была дарадчыцай сямейнага жыцця Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, членам Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. З’яўляецца дзеючым членам і практыкам Еўрапейскага інстытута псіхадрамы.

Krynica.info: У апошні час у Беларусі з новай моцай разгарэліся спрэчкі адносна таго, ці можна, ці не бацькам біць сваіх дзяцей. Пры гэтым многія з хрысціянскіх вернікаў выступаюць за тое, што біць дзяцей можна, і нават прыводзяць біблійныя і багаслоўскія аргументы на гэты конт. А што думаеце Вы на гэты конт?

Ірына Шмак: Выхаванне дзяцей — найбольш складаная і самая адказная задача ў жыцці, якую ўсклаў на нас Бог. Дзеці не толькі наш, але і Божы здабытак. «Вось спадчына ад Госпада: дзеці; ўзнагарода ад Яго — плод чэрава» (Пс.126:3). Як толькі ў нашым доме з’яўляюцца дзеці, для нас пачынаецца асаблівая штодзёная жыццёая праца, якая патрабуе ад нас любові, мудрасці, самаахвярнасці, вялікай цярплівасці.

Большасць бацькоў не ставіцца да выхавання як да абавязковай штодзённай працы. Дзяцей звычайна спрабуюць выхоўваць, калі яны капрызяць ці зрабілі што-небудзь дрэннае. Усё, што здзяйсняецца ў стане раздражнення, не толькі не выпраўляе, таго хто правініўся, але выклікае ў душы злосць, крыўду, упартасць. Таму святы апостал піша: «вы, бацькі, не дакучайце дзецям вашым, але выхоўвайце іх у навуцы і настаўленні Гасподнім» (Эф.6:1-4).

Трэба разумець, што ўсе гэтыя нашыя звыклыя пакаранні дзяцей (у тым ліку, плясканні па «мягкiм месцы») па большай частцы прадыктаваныя не якой-небудзь свядомай педагагічнай стратэгіяй, не нейкiм абдуманым выбарам, а проста нашым элементарным раздражненнем, адчуваннем бездапаможнасці і прыкрасці. Калі мы разважаем з хрысціянскага пункту гледжання, з пункту гледжання хрысціянскай аскетыкі, значыць, трэба папрацаваць над сабой. Папрацаваць над сваёй раздражняльнасцю, удасканаліць свае педагагічныя прыёмы, не зрываць зло на дзецях.

Маё асабістае меркаванне — ніякія фізічныя пакаранні пры выхаванні дзяцей недапушчальныя. Гэта не прывядзе ні да чаго добрага. Затое можа прывесці да вялізнага разрыву паміж бацькамi і дзецьмi, да таго, што дзіця прыйдзе да высновы: сваю волю можна выказваць рукапрыкладствам, калі дзіця, якому ўсе тлумачылі «жэстамі», вырастаючы, пачынае выкарыстоўваць аналагічныя метады ўжо ў дачыненні да ўласных дзяцей і жонкі.

Адносна старазапаветных аргументаў на карысць фізічных пакаранняў у працэсе выхавання дзяцей, хачу адзначыць, што Стары Запавет быў напісаны ў рэаліях, калі і рабства існавала, і шмат парадаў у дачыненні да рабоў. Кантэкст змяніўся, свядомасць людзей змянілася. Чаму ж многія чапляюцца за старазапаветныя рэаліі, а не Любоў Хрыста? Сёння мы, хрысціяне, кіруемся прынцыпам Хрыстовай любові. Складана сабе ўявіць Хрыста з рамянём у руцэ, які «выхоўвае сваіх нядбайных вучняў праз фізічнае пакаранне». Хрыстос даў праўдзівы прыклад выхавання ў любові!

Krynica.info: Але ж многія скажуць: мяне бацькі білі і гэта было правільна, дзякуючы гэтаму я стаў лепш…

Ірына Шмак: Калi Вы прычыняеце дзіцяці фізічную боль, не мае ніякага значэння, як і навошта вы гэта робіце. Гэта не апраўдана ў любым выпадку! Некаторыя бацькі разважаюць так: вось дзяцей раней лупцавалі, і нічога страшнага не адбывалася… Ведаеце, для педагогікі гэта — не аргумент. Раней і дарослых на плошчах секлі бізунамі, і ладзілі публічныя пакаранні смерцю. Вы хацелі б, каб вас за памылку на працы публічна адлупцавалі? А раней такое здаралася, і нічога…

51004_foto_40941

Пакаранне і заахвочванне — далёка не адзіны стыль выхавання, тым больш што пуга і пернік абсалютна неэфектыўныя. Просты прыклад: дзіцяці сказалі нешта не чапаць — ён не паслухаўся, пакратаў; яму паўтарылі патрабаванне — ён зноў парушыў забарону. Некаторыя мяркуюць, што трэба шлёпнуць разок — дзіця адразу ўсё зразумее і запомніць. Так, запомніць, і нават, магчыма, перастане чапаць, але гэта не значыць, што вы вырашылі і ўхілілі праблему.

Чаму дзіця парушае бацькоўскія забароны? Варыянт першы — яно прыцягвае да сябе ўвагу таты і мамы. У гэтым выпадку маляня маніпулюе бацькамі, і, пляснуўшы яго, яны толькі даюць яму тое, чаго ён дамагаўся. Паколькі часцяком бацькі здольныя на яскравыя праявы выключна негатыўных эмоцый, а абдымаюць і гладзяць дзіця рэдка, дык яго чакае ад іх хоць нейкіх эмацыйных усплёскаў, па прынцыпе «ўжо лепш нешта, чым нічога»…

Другі варыянт — жаданне пакратаць аказваецца мацней страху перад будучым пакараннем. Так хочацца, што скулы зводзіць! Тут трэба разумець, што, калі вы забараняеце сыну ці дачцэ чапаць нейкi прадмет, неабходна альбо прыбраць гэтую рэч з вачэй далоў, альбо адвесці дзіця далей ад прадмета пажадлівасці, альбо дазволіць яму задаволіць сваю цікаўнасць. Напрыклад, малому забаранілі дакранацца да пыласоса, а яго да яго ўсё роўна цягне, як магнітам. Трэба даць пяць-дзесяць хвілін «адвесці душу». Праз пяць хвілін яно супакоіцца і займецца іншымі справамі, а адганяючы яго ад пыласоса, вы выдаткуеце значна больш часу, сіл і нерваў.

Трэцяя прычына, па якой дзіця не рэагуе на вашыя словы, — яно знаходзіцца ў стане нервовага пераўзбуджэння, а механізмы стрымлівання ў яго працуюць яшчэ дрэнна. У гэтым выпадку яго трэба спыніць. Гэта можна зрабіць і фізічна — узяць за руку, абняць, утрымаць. Можна напаіць дзіця вадой, памыць яму твар. Яму трэба даць тайм-аўт.

Можна сказаць: «Я бачу, што ты вельмі расхваляваўся. Пасядзі крыху, я хачу, каб ты адпачыў». Можна пахадзіць разам з ім па пакоі, калі яму складана ўседзець на месцы. Катаваць яго нерухомасцю таксама не трэба. У любым выпадку, нават калі вы вельмі абураныя паводзінамі дзіцяці, перш чым нешта яму выказваць, яго трэба супакоіць — толькі тады яно зможа вас пачуць.

Дарослыя часта несвядома выкарыстоўваюць пакаранне ў якасці помсты дзіцяці за свой сапсаваны настрой, страх або боль. Іншы распаўсюджаны матыў пакарання — скінуць на дзіцяці ўласнае нервовае напружанне. Вось ён бяжыць, паслізгваецца, падае, а мама крычыць: «Колькі разоў я табе казала тут не бегаць?!» Вас сапраўды хвалюе, колькі разоў вы гэта казалі? А малому цяпер балюча, дрэнна… Так, вы за яго спалохаліся — або, можа быць, вам стала няёмка перад іншымі з-за таго, што яно такое шумнае. Аднак ўласныя эмоцыі — гэта не падстава караць дзіця.

Krynica.info: Адным з довадаў на карысць таго, што дзяцей біць можна, называюцца маніпуляцыі з фактамі з боку арганізацый, якія займаюцца абаронай правоў дзіцяці, а таксама тое, што, напрыклад, аўтар інструкцыі па імплементацыі канвенцыі па правах дзіцяці ААН, эксперт ЮНІСЭФ Пітэр Ньюэл апынуўся педафілам. Ці не прычына гэта ставіцца з перасцярогай да іх ідэй і дзеянняў?

Ірына Шмак: Я не з’яўляюся кампетэнтным навуковым супрацоўнікам, якi валодае дакладнай інфармацыяй аб маніпуляцыі з фактамі з боку арганізацый, якія займаюцца абаронай правоў дзіцяці на тэму фізічных метадаў гвалту над дзецьмі. Больш таго, я не з’яўляюся прыхільніцай тэорыі сусветнай змовы. Для мяне асабіста ўсе вышэйсказанае з’яўляецца свайго роду апраўданнем жорсткасці ў дачыненні да дзяцей і зняццем асабістай адказнасці за выхаванне ці выбар метадаў выхавання.

Маці Тэрэза казала: «Вам не падабаецца свет вакол Вас, пачніце мяняць сябе і на аднаго чалавека свет стане лепшым». Я кірую недзяржаўным цэнтрам дапамогі маладым сем’ям, маці і дзецям «Шчаслівы малыш» ад SOS Дзіцячыя Вёскі вось ужо 5 гадоў і кожны дзень займаюся практычнай дапамогай для таго, каб дзеці засталіся ў сем’ях, для таго, каб у кожнага дзіцяці была кахаючая сям’я. Бачу кожны дзень спалоханыя і няшчасныя вочы дзяцей і няўпэўненасць бацькоў у сваіх сілах і магчымасцях. Я бачу «выхаваўчыя рубцы» ад рэменя, сляды ад праколаў відэльцам, наступствы скалынанняў і г. д. І гэта наша рэальнасць, і ніхто мне не скажа, што гэтага няма. Калі Вы не верыце ў якія-небудзь экспертныя дадзеныя, пачніце з сябе, са сваёй сям’і і дзяцей, выбудоўваючы адносіны любові і даверу. А калі ёсць сілы і жаданне — дык з той пасільнай працы ў сваім асяроддзі па тлумачэнні і змене гвалтоўных метадаў выхавання на негвалтоўныя.

Krynica.info: На Вашу думку, якія прычыны могуць лічыцца вартымі таго, каб забраць дзіця з сям’і?

Ірына Шмак: Уся наша праца, праца нашага цэнтра накіравана на захаванне дзіцяці ў яго біялагічнай сям’і. Трэба дапамагаць сям’і, каб яна змагла выконваць сваю выхаваўчую ролю і дапамога павінна быць рознабаковай і індывідуальнай. Я глыбока ўпэўненая, што лепш чым у сваёй сям’і, дзіцяці нідзе не будзе. Толькі пагроза жыццю дзіцяці, пры немагчымасці змены сітуацыі ў сям’і, можа быць прычынай, па якой дзіця «эвакуююць у бяспечнае месца».

Krynica.info: Якія парады Вы можаце даць бацькам, якія раней білі за правіны сваіх дзяцей, але зараз хацелі б пазбавіцца ад гэтай звычкі?

Ірына Шмак: Магчыма, яшчэ не позна ўсё выправіць і наладзіць кантакт з дзіцём, навучыцца па-новаму з ім узаемадзейнічаць. Навучыцца чуць і слухаць ЧАЛАВЕКА, хоць зусім яшчэ маленькага, паважаць яго далікатны ўнутраны свет. Бо яго будучыня шмат у чым залежыць ад вас, ці ён будзе паспяховым і шчаслівым у дарослым жыцці, ці не. Ці зможа дамагацца пастаўленых мэтаў і будаваць паспяховую кар’еру, ці яму гэта будзе не па сілах. Ці ўдасца яму стварыць паўнавартасную шчаслівую сям’ю, ці ён, паўтараючы за сваімі бацькамі, будзе выхоўваць сваіх дзяцей метадамі гвалту і жорсткага абыходжання.

Дзеці, якія выраслі ў атмасферы цеплыні і падтрымкі, узновяць гэтую атмасферу ў сваіх уласных сем’ях. А стварыць такую атмасферу ў сям’і могуць толькі дарослыя! Бацькам варта памятаць, што дзеці заўсёды імкнуцца жыць у свеце з бацькамі, яны заўсёды гатовыя ісці насустрач, ім трэба толькі дапамагчы. Праблемы ў паводзінах з’яўляюцца тады, калі дзіця не можа справіцца з самім сабой, растлумачыць бацькам свае патрэбы. Гэта разуменне значна палягчае зносіны з дзіцём і дае дадатковыя сілы на пошукі новых рашэнняў.

Чым жа можна замяніць фізічныя пакаранні?

Абмовімся адразу: мяняць фізічны гвалт на псіхалагічны мы не будзем.

Заахвочванне. Часцей за ўсё мы, бацькі, заўважаем толькі «нядобрыя ўчынкі» дзіцяці, а дасягненні — прымаем як нешта, што само сабой разумеецца. Такім чынам, мы падмацоўваем непажаданыя паводзіны, рэагуючы на іх эмацыйна. Бо калі мама (тата) відавочна рэагуе на якое-небудзь дзеянне, значыць, гэта важна. Таму рэкамендуецца непажаданыя паводзіны ігнараваць (альбо рэагаваць на іх як мага больш спакойна), а пажаданыя паводзіны заўважаць і абавязкова адзначаць. Чым меншае дзіця, тым гэта больш актуальна. Пахвала павінна быць шчырай. Не варта хваліць дзіця за тое, што яму даецца без працы. Хваліце не дзіця, а яго ўчынак. Слова «малайчына», «разумніца» і іншыя не працуюць.

Тайм-аўт або перадышка. Дзеці часта не могуць спыніцца, калі яны ўзбуджанныя, бо ў іх няспелая нервовая сістэма і працэсы ўзбуджэння пераважаюць над працэсамі тармажэння. Таму вельмі дзейсным спосабам спыніць «імклівае» дзіця з’яўляецца тайм-аўт. Такі перапынак павінен успрымацца дзіцём не як пакаранне, а як магчымасць супакоіцца, падумаць, адпачыць. Калі дзіця вас не чуе, робіць насуперак, не можа супакоіцца, вы пакiдаеце яго на некалькі хвілін «адпачыць і супакоіцца» (звычайна хвіліны лічаць па колькасці гадоў дзіцяці). У гэты час вы не размаўляеце, нічога не павучаеце, не лаецеся.

sonnik-obnimat

Дазволіць памыліцца. Часам варта даць дзіцяці магчымасць атрымаць бясцэнны вопыт. Напрыклад, калі вы папярэдзілі яго не мучыць котку, а яно не паслухалася, то котка можа падрапаць яго. Калі яно не слухае вашых словах, хай у яго будзе магчымасць пераканацца ў вашай праваце. У рэшце рэшт, нічога страшнага, калі котка разок яго падрапае. Такім чынам, яно будзе вучыцца таму, што дзеянні маюць наступствы. Акрамя гэтага, ваш бацькоўскі аўтарытэт будзе расці. Натуральна, гэта не тычыцца сітуацый, калі прысутнічае рызыка для жыцця.

Дошка дасягненняў. За кожнае станоўчае дасягненне дзіця атрымоўвае картку зялёнага колеру, а за правіну — чырвонага. У канцы тыдня карткі падлічваюцца (адна чырвоная «гасіць» адну зялёную), і па колькасці зялёных картак ўручаецца прыз. Прыз вы можаце прыдумляць самі, зыходзячы з таго, што падабаецца вашаму дзіцяці. Па досведзе магу сказаць, што гэты метад добра працуе, бо дзеці бачаць вынік сваiх паводзінаў, і гэта дазваляе ім сябе лепш кантраляваць.

Пазбаўленне задавальненняў. Гэты метад шырока выкарыстоўваецца. Напрыклад: «калі ты не зрабіў урокі, то не будзеш глядзець тэлевізар» або «не памыў посуд — не ідзеш у госці да сябра». Такое пакаранне не павінна прымяняцца занадта часта і павінна быць суразмерным. Таксама яно не павінна быць расцягнутым у часе.

Вучыцца быць адказнымі бацькамі ніколі не позна, галоўнае — жаданне і час. Можна знайсці курсы па павышэнні бацькоўскіх кампетэнцый, чытаць літаратуру па выхаванні дзяцей, знаходзіць час для зносін з дзецьмі і атрымліваць ад гэтага ўзаемнае задавальненне.

Гутарыў Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі