Піярская моладзь з Беларусі далучылася да Правінцыяльнага Сінода маладых “З Табой+” (фота)

У кастрычніку бягучага году адбудзецца каталіцкі Сінод Біскупаў на тэму: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”.

Гэта не толькі сінод пра моладзь, але сінод з удзелам моладзі, бо, як сам патлумачыў Папа Францішак, існуе моладзь, якая слухае Духа Святога і можа нам дапамагчы растлумачыць розныя справы. “Такім чынам Касцёл хоча пачуць голас маладых, спазнаць іх далікатнасць, веру, а таксама сумневы і крытыку”, – сказаў Папа Францішак.

Піяры на працягу 400 год свайго існавання спадарожнічаюць моладзі на шляху веры і распазнавання паклікання. Таму, генеральны настаяцель Ордэна пабожных школ (піяраў), а. Пэдро Агуадо Куэста SP, заклікаў усіх звязаных з піярскім душпастырствам моладзі ў школах і парафіях ва ўсім свеце арганізаваць сінод, які будзе часткай Сіноду Біскупаў. Мясцовыя сіноды ўжо адбыліся ва ўсіх піярскіх школах і парафіях.

1-3 мая ў Варшаве, адбыўся Правінцыяльны Сінод Маладых, у якім прымала ўдзел дэлегацыя піярскай моладзі з Беларусі (Шчучын і Ліда) на чале з а. Аляксандрам Махначом SP.

Першы дзень сінода у Варшаве (Сякеркі), урачыста адкрыў а. Юзаф Матрас SP – правінцыял Польскай правінцыі Ордэна піяраў, які нагадаў пра ідэю сінода. Затым адбылася праца ў групах, дзе моладзь адказвала на заклікі, якія паўсталі дзякуючы раней запоўненым e-анкетам. Першы дзень сінода закончыўся супольным праслаўленнем разам з гуртам NaNowo Пана Езуса падачас адарацыі. Пасля ўсе удзельнікі выехалі на начлег у Сулеювэк.

Другі дзень сінода распачаўся з шырокай усмешкі, якой прывітаў дакладна кожнага асабіста біскуп Марэк Салярчык – адказны за душпастырства моладзі пры Канферэнцыі Епіскапату Польшчы.

Пасля супольнага сняданка з біскупам удзельнікам былі прадстаўлены графікі, якія з’яўляюцца дакладным аналізам дадзеных з анкетаў.

Пасля біскуп Марэк правёў канферэнцыю: “Да чаго біскуп заклікае моладзь?” Пасля была магчымасць задаваць пытанні.

Праца ў нашым “муравейніку” сапраўды адчувалася! Пазней адбылася праца ў групах, дзе моладзь і піяры шукалі адказы на пастаўленыя заклікі, а потым кожная група падрыхтоўвала тэкст паслання піярам.

Чарговым пунктам праграмы была малітва: Вяночак дванаццаці зорак, складзены св. Юзафам Каласансам.

Цікавым досведам таксама быў кірмаш добрых сведчанняў. Кожная школа і парафія мелі магчымасць прадставіць сваю акцыю, супольнасць, штосьці, што стварылі там, дзе яны самі ёсць. Пасля ўсе выслухалі сведчанне сужэнства і айца-піяра. Кульмінацыйным пунктам была супольная Эўхарыстыя. Другі дзень сінода ў Сулеюўку закончыўся супольным грылем! Лідары груп сфармулявалі афіцыйнае пасланне.

Трэці дзень сінода распачаўся супольнай малітвай (Ютрань). Пасля снедання ўсе вярнуліся з Сулеюўка на Варшаўскія Сякеркі, дзе адбылося супольнае падвядзенне вынікаў працы Правінцыяльнага Сінода маладых:

1. Пасланне ўдзельнікаў Піярскага Сіноду да Піяраў.

2. Пасланне свецкіх супрацоўнікаў да Моладзі.

3. Пасланне Айцоў Піяраў да Моладзі.

Пасля адбылося афіцыйнае заканчэнне Правінцыяльнага Сіноду маладых.

Правінцыял Польскай правінцыі Ордэна піяраў а. Юзаф Матрас SP падзякаваў арганізацыйнаму камітэту сінода, а таксама ўсім прадстаўнікам піярскіх школ і парафій за актыўны ўдзел у Правінцыяльным Сінодзе Маладых.

Сінод завершыўся ўрачыстай адпустовай св. Імшой, якую ўзначаліў біскуп Марэк Салярчык у Санктуарыі Маці Божай — Настаўніцы Моладзі ў Варшаве (Сякеркі).

Пасля смачнага адпустовага абеду, усе удзельнікі Сіноду раз’ехаліся на свае месцы служэння, вучобы і працы.

У адпаведны час, плады Піярскага Сінода маладых ужо з усіх правінцый Ордэна будуць перададзены ў Ватыкан найвышэйшай уладай Ордэна пабожных школ (Піяраў).

Больш інфармацыі, відэа і фотаздымкаў можна ўбачыць на афіцыйнай старонцы Піярскага правінцыяльнага Сінода маладых.

Тэкст: а. Аляксандр Махнач SP – піяр з Ліды

Фотаздымкі: pijarskisynod.pl і а. Аляксандр Махнач SP

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі