У Іванаве 19 траўня – маштабныя ўрачыстасці ў гонар Андрэя Баболі

Андрей Боболя
Каталікі адзначаюць 16 траўня урачыстасць нябёснага заступніка Пінскай дыяцэзіі — святога мучаніка Андрэя Баболі.

19 мая адбудзецца агульнадыяцэзільнае святкаванне ў гонар святога ў санктуарыі ў Іванаве (Янаў-Палескі) — месцы апошняй пастырскай дзейнасці і пакутніцкай смерці святога ў 1657 годзе, паведамляе catholic.by.

У гэтым годзе ўрачыстасці будуць мець асаблівы характар з нагоды 80-ай гадавіны кананізацыі Андрэя Баболі.

У 11.00 адбудзецца традыцыйная малітоўная працэсія ад памятных крыжоў на месцы, дзе пачаўся мучаніцкі шлях святога. У 12.00 –святая Імша, якую ўзначаліць біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка .

У Іванава прыедуць пілігрымы з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі і шматлікія госці.

“Сведчанне веры мучанікаў — гэта вялікі Божы дар, які ёсць у Касцёле і які пабуджае сэрцы людзей да навяртання. Жыццё і мучаніцкая смерць тых, хто наследаваў Хрыста, схіляе таксама да роздуму над унутранымі магчымасцямі чалавека, якія дае яму вера. Маючы дваццаць гадоў, Андрэй Баболя ўступіў у Ордэн езуітаў у Вільні. Там жа ў 1613 годзе ён прынёс манаскія абяцанні, пасля чаго вывучаў філасофію і тэалогію. Род Баболяў быў вядомы сваёй тэмпераментнасцю і парывістасцю. У пэўным сэнсе гэтыя якасці пераняў і Андрэй Баболя: ён быў рашучым, упартым, эмацыяйным.  У святарскім служэнні ён адзначыўся як прапаведнік, спавяднік, выхаваўца моладзі, народны місіянер”, – гаворыцца ў пастырскім лісце біскупа Антонія Дзям’янкі з нагоды 80-й гадавіны кананізацыі святога.

Праз сваё мучаніцтва святы Андрэй Баболя залічваецца ў шэраг сведкаў Езуса, якія дзеля веры прынялі вялікія пакуты. Казакі з асаблівым садызмам здзекваліся са святога: садралі святарскае адзенне і прывязалі да слупа, потым пачалі біць нагайкамі, намовамі і пагрозамі стараючыся прымусіць яго адрачыся ад каталіцкай веры. Калі Андрэй Баболя рашуча адмовіў, каты зрабілі з вярбы карону на ўзор цярнёвай кароны Хрыста і ўсклалі яму на галаву. Яе сціскалі ўсё больш і больш, але так, каб не праламаць чэрап. Пасля святога пачалі біць па твары і выбілі яму зубы. Затым вырвалі пазногці і садралі скуру з рукі. Пасля такіх здзекаў казакі прывязалі святога Андрэя Баболю да каня і валаклі па дарозе, б’ючы ланцугамі. На галаве святога казакі выразалі скальп, садралі скуру на плячах у выглядзе арната. Раны пасыпалі сечкаю. Пасля адрэзалі нос і вусны. Урэшце мучаніка падвесілі ўніз галавой і ўдарам шаблі скончылі яго пакуты. Цела пакутніка было пахавана ў крыпце касцёла святога Станіслава ў Пінску, і на некаторы час пра яго забыліся.

Пачатак культу святога Андрэя Баболі звязаны з яго аб’яўленнем рэктару езуіцкага калегіума ў Пінску айцу Марціну Гадэбскаму ўначы 16 красавіка 1702 года. Пасля трохдзённых пошукаў цела знайшлі. Найбольш уражваючым было тое, што яно не расклалася пасля 45 гадоў прабывання ў зямлі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі