У Росіцы біскуп Віцебскі асабіста блаславіў сем’і з усёй краіны

Росица
У Росіцы ў Троіцкім касцёле, які з’яўляецца санктуарыям росіцкім пакутнікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, 12 траўня адбылося свята сем’яў.

На ўрачыстасць прыехалі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, ксёндз Вячаслаў Пялінак з Ідолты, а. Вадзім Мізер з Воршы, а таксама шматлікія пілігрымы, большасць – маладыя сем’і з маленькімі дзеткамі з Глыбокага, Паставаў, Шаркаўшчыны, Браслава, Верхнядзвінска, Полацка, Віцебска, Мінска, паведамляе catholicnews.by.

Малітва распачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманта, падчас якой разважанні і ружанцовую малітву правялі члены руху “Маці ў малітве”.

На пачатку святой Імшы пробашч парафіі ў Росіцы айцец Чэслаў Курэчка прывітаў гасцей. Біскуп Алег Буткевч ў гаміліі разважаў аб тым, што зразумець сям’ю, як і кожнага асобнага чалавека, немагчыма без Бога: “Сям’я з’яўляецца тым месцам, дзе чалавек пачынае свой шлях у гэтым свеце менавіта як чалавек. Ідэі сям’і былі закладзеныя Творцам яшчэ ад пачатку стварэння свету. Ужо напачатку кнігі Быцця сказана, што сям’я — гэта супольнасць мужчыны і жанчыны”.

“Чаму сёння сям’я слабая? Бо чалавек ставіць свае асабістыя інтарэсы і пачуцці вышэй за інтарэсы іншага. А сям’я — гэта ў першую чаргу ўменне зразумець і прабачыць іншага чалавека. І ў гэтым нам дапамагае вера”, – дадаў біскуп.

Пасля заканчэння святой Імшы адбылася канферэнцыя на тэму сям’і, якую правёў ксёндз Вячаслаў Пялінак.

Пасля супольнай малітвы за сем’і біскуп асабіста ўдзяліў блаславеннне кожнай сям’і. Завяршылася свята пачастункам у летняй кавярні “У бусла”, – так святар называе пляцоўку каля касцёла, дзе непадалёк знаходзіцца буслінае гняздо.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі