У вёсцы Прасці асвяцілі касцёл, адноўлены прыватнымі намаганнямі святара

Прости
У вёсцы Прасці ў Нясвіжскім раёне 12 траўня адбылося асвячэнне касцёла святога Станіслава.

Касцёл асвяціў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, паведамляе catholic.by.

Капліца святога Станіслава была пабудаваная каля 1850 года. У гісторыі гэты час акрэсліўся як перыяд знішчэння грэка-каталіцтва. Мясцовыя заможныя людзі пачалі будаваць пахавальныя капліцы, якія не маглі быць зачыненыя або пераробленыя пад праваслаўны храм. Капліца ў вёсцы Прасці была пабудавана на могілках як пахавальня прадстаўнікоў шляхецкага роду Пратасевічаў, маёнтак якіх знаходзіўся ў гэтай вёсцы.

Капліца пэўны час была адзіным месцам малітвы для вернікаў каталіцкага веравызнання ў гэтых мясцінах і дзейнічала да 1939 года, калі была разрабавана савецкімі войскамі, а пасля вайны — мясцовымі жыхарамі.

Прости
Сакральны будынак знаходзіўся ў занядбаным стане да 2008 года і быў адноўлены намаганнямі кс. Ігара Лашука, які нарадзіўся ў суседняй вёсцы Макашы, а цяпер служыць блізу Валожына.

Працы вяліся на аснове праектаў архітэктара Аляксея Яроменкі, дасведчанага даследчыка культавай архітэктуры Беларусі. У сувязі з адсутнасцю ў архівах арыгінальных дакументаў, рэстаўрацыя вялася на падставе ўскосных звестак і па аналагах.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі назваў сімвалічным тое, што апекуном касцёла з’яўляецца святы Станіслаў, біскуп і мучанік. «Ён не баяўся бараніць Божую праўду перад каралём, які не захоўваў Божы закон, і заплаціў за гэта жыццём. Вельмі шмат людзей гэтай зямлі паўтарылі яго подзвіг у часы ганенняў».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі