У Мінску прэзентавалі законапраект у абарону бел-чырвона-белага сцяга

флаг
У Мінску 14 траўня адбылася прэзентацыя праекта Закона «Аб выкарыстанні і ахове першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь», які рэгулюе прававыя асновы выкарыстання, папулярызацыі і аховы бел-чырвона-белага сцяга, які мае асаблівае гістарычнае і духоўна-маральнае значэнне для Рэспублікі Беларусь.

Дакумент быў падрыхтаваны Беларускай хрысціянскай дэмакратыі разам з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай, адным з лідараў Маладога фронту Змітром Дашкевічам і праектам symbal.by, паведамляе bchd.info.

У бліжэйшы час Ганна Канапацкая накіруе  законапраект усім зацікаўленым дзяржаўным органам і пасля вынесены на сесію палаты прадстаўнікоў. Таксама распачынаецца кампанія ў абарону бел-чырвона-белага сцяга.

«Днямі я разашлю законапраект на ўзгадненне ўстановам, якія прадугледжаныя законам: у Савет міністраў, Міністэрства культуры, Міністэрства ўнутраных спраў, адміністрацыю Лукашэнкі. Нават калі атрымаю адмоўныя адказы, я маю права падрыхтаваць законапраект і прапанаваць яго для разгляду дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Мяркую, гэта можна будзе зрабіць яшчэ да летніх вакацыяў», – адзначыла Ганна Канапацкая.

«Сцяг страціў статус дзяржаўнай сімволікі, але не страціў сваёй каштоўнасці. Ужо двойчы падаваліся подпісы за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але двойчы было адмоўлена. Увесну мы сабралі больш за 1500 подпісаў за наш сцяг. Усім добра зразумела, што рашэнні ў нас у краіне прымае адзін чалавек. Нашая задача давесці грамадству важнасць гэтых сімвалаў. Тады будзе складаней адмовіць», –  адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

“Распрацоўваючы законапраект я адчувала вялікую адказнасць, гонар і прыналежнасць да чагосьці вельмі важнага. І гэты праект – адзін з крокаў вялікай нацыянальнай кампаніі за наш сцяг. Мы абавязкова пераможам, а для гэтага трэба працаваць і змагацца!” – дадала сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі