У Шуміліне прайшоў фэст Божай Маці Фацімскай

Шумилино
У Шуміліне ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай 13 траўня адзначылі 101-я ўгодкі фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай.

У парафію прыбылі шматлікія пілігрымы з усёй Віцебскай дыяцэзіі, з віцебскай парафіі святой Барбары прыйшла пешая пілігрымка ў складзе 22 чалавек, паведамляе catholicnews.by.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі, які вымушаны быў спазніцца на 15 хвілінаў, каб паспавядаць усіх жадаючых. У богаслужбе ўдзельнічалі канцлер дыяцэзіі ксёндз Віктар Місевіч, афіцыял біскупскага суда ксёндз Аляксей Ляшко, айцец Кшыштаф Коц’ян ОР, які прывёў пешую пілігрымку з Віцебска, грэка-каталіцкі святар айцец Зміцер Грышан.

Пасля ўрачыстага ўваходу святароў у храм, пробашч парафіі ў Шуміліне айцец Анджэй Юхневіч ОМІ зачытаў сведчанне таго, як 101 год таму перад пастушкамі ў Фаціме аб’явілася Маці Божая.

У гэты дзень біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч адзначаў гадавіну свайго святарскага пасвячэння.

У сваім слове да вернікаў біскуп Алег звярнуў увагу на той факт, што мы распачалі жыць у другім стагоддзі пасля фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай. “І невыпадкова гэты храм паўстаў тут, на ўсходзе нашай краіне. Бо такая была воля Маці Божай – каб людзі навярнуліся ў першую чаргу на ўсходзе Еўропы. І зараз, праз сто гадоў, значна больш дзяцей прыходзіць, каб пакланіцца Багародзіцы”, – адзначыў іерарх.

Пасля заканчэння святой Імшы адбылася працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай вакол санктуарыя. Падчас працэсіі вернікі зрабілі пяць прыпынкаў, на кожным з якіх была адмоўленая адна таямніца з Хвалебнай часткі ружанца.

Напрыканцы чакаў пачастунак на свежым паветры і выступ музычнага калектыву з Обаля “Гарэзнікі”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі