Выкладчык БДУ паскардзіўся патрыярху Кірылу на праваслаўных святароў за ўжыванне беларускай мовы

Бабук
Выкладчык факультэта міжнародных адносін БДУ Аляксандр Бабук, які з’яўляецца прыхаджанінам праваслаўнага мінскага Свята-Духавага кафедральнага сабора, лістом  паскардзіўся патрыярху Маскоўскаму Кірылу на беларускамоўных праваслаўных святароў.

Ліст надрукаваны на антыбеларускім рэсурсе, які рэдагуе заходнерусіст, прафесар БУКМ Леў Крыштаповіч. Скарга мае назву «Сяргей Лепін назваў удзельнікаў «Несмяротнага палка» фашыстамі і пагражаў ім звальненнямі», паведамляе “Наша Ніва”.

Бабук піша, што ад 1991 у Беларусі назіраецца ўмацаванне нацыяналістычных настрояў, накіраваных на разбурэнне «Святой Русі». «Я сам родам з Гродна, заходняй часткі Беларусі. Гістарычна Гродзенскі рэгіён належыць Чорнай Русі, і гэта месца, дзе фармуюцца і выхоўваюцца моцныя духам людзі, паколькі іх жыццё працякае на ўлонні сутыкненні праваслаўнага рускага і польскага каталіцкага светаў», — піша Бабук.

Аўтар адзначае, што апошнім часам «нацыяналістычныя настроі» праяўляюцца і ва ўлонні БПЦ: «У самой беларускай мове нічога дрэннага няма, аднак яе некаторыя нашы клірыкі выкарыстоўваюць як інструмент палітычнай гульні супраць агульнарускага духоўнага адзінства. Калі яшчэ 10 гадоў набажэнствы ў храмах Гродна праходзілі на беларускай мове раз на месяц, і гэта, па вялікім рахунку, задавальняла як тых, хто выступае прыхільнікам беларускай мовы, так і тых, каму падабаецца царкоўнаславянская, то сёння службы на беларускай мове праходзяць штотыдзень, і прыхаджане нават скардзяцца духавенству пра тое, што мова проста навязваецца штучна, паколькі вернікаў пра гэта не пытаюцца».

Ён называе імёны святароў, якія, на ягоную думку, праводзяць «гвалтоўную беларусізацыю» праваслаўнага жыцця ў Гродне: гэта настаяцель сабора Усіх Беларускіх Святых а. Анатоль Ненартовіч і настаяцель кафедральнага Пакроўскага кафедральнага сабора а. Георгій Рой: «Вольна ці нявольна яны прымушаюць людзей пераходзіць на беларускую, ігнаруючы рускую мову».

Скаргу каментуе а. Георгій Рой: «Я маю права размаўляць з людзьмі на сваёй роднай мове. Калі нехта са мной гаворыць па-руску, то я не лічу ж гэта прымусовай русіфікацыяй. Я лічу беларускую мову роднай мовай нашага народа. І ў штодзённым жыцці я размаўляю па-беларуску і пропаведзі кажу па-беларуску і не бачу ў гэтым праблемы. З дзесяці святароў сабора толькі адзін прапаведуе па-беларуску. Ці можна гэта назваць прымусовай беларусізацыяй? Я, як настаяцель, нікога не прымушаю гаварыць па-беларуску. Кожны святар абірае сабе мову, якой яму лягчэй гаварыць. Гэта такія бязглуздыя абвінавачванні».

Самая вялікая частка ў звароце аддадзена айцу Сяргею Лепіну, які ад імя БПЦ выступаў на святкаванні Дня Волі, 25 сакавіка. «Сёлета я ўпершыню ў Дзень Перамогі 9 мая прыняў удзел у акцыі «Несмяротны полк». Айцец Сяргей у прыватнай гутарцы не проста назваў удзельнікаў «Несмяротнага палка» фашыстамі, але і ў перапісцы пагражаў ім звальненнямі з працоўных месцаў. Стужку Св.Георгія, якая паўтарае сімволіку ваеннага духавенства Рускай Царквы, ён назваў «фашысцкай сімволікай». Атрымліваецца, што, калі чалавек удзельнічае ў акцыі «Несмяротны полк» з георгіеўскай стужкай на грудзях, яго за гэта трэба называць фашыстам? Гэта — паскудны паклёп», — піша Бабук.

«Сапраўды, падобна да паклёпу. Нават не верыцца, што гэта ён напісаў. Крыўдна, што гэты чалавек разам з намі не адзін год еў ды піў. Ен быў да нас не звычайным прыхаджанінам, а кімсьці большым. У яго была бясконцая магчымасць асабіста папытацца, што незразумела, выказаць нязгоду, паспрачацца. Мы любілі яго і вельмі перажывалі за яго асабістыя праблемы. Калі яго ўбачыў сярод калоны «Несмяротнага палку» з сімволікай «Русі маладой», то напісаў яму сяброўскi ліст з парадай быць асцярожным. Бо адносіны для выкладчыка ВНУ з арганізацыяй, якая мае нацысцкія сімвалы і ўзначальваецца паганскім жрацом з нацысцкай ідэалогіяй, як мне здаецца, небяспечная. Я не меў на ўвазе «георгіеўскую стужку» — я гаварыў менавіта пра эмблему, якая была на чырвоных румолаўскіх майках», — каментуе а. Сяргій Лепін.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі