БХД правяла талаку ў Курапатах, КХП-БНФ падала заяўку на мітынг

кур4

19 траўня ў Курапатах прайшла талака, у якой прынялі ўдзел сябры Мінскіх гарадской і абласной арганізацый Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Сярод удзельнікаў былі сустаршыня БХД Павел Севярынец, кіраўнік Мінскай гарадской арганізацыі Дзяніс Садоўскі, яго намеснікі Галіна Каржанеўская і Пётр Папраўка, а таксама іншыя актывісты, паведамляе BCHD.INFO.

Падчас талакі асноўная ўвага была ўдзелена афарбоўцы металічных крыжоў, чыстцы іх ад іржы, ўборцы смецця, а таксама ачыстцы лесу ад арганізаваных месцаў для шашлыкоў. «Для нас і для ўсяго беларускага народа важна не забываць Курапаты, каб не дапусціць іх паўтарэння. Для БХД ж талака ў Курапатах ужо даўно стала традыцыйным і важным мерапрыемствам», – адзначыў Дзяніс Садоўскі.

Між тым з нагоды таго, што ў чэрвені спаўняецца 30 гадоў з моманту адкрыцця Курапатаў як месца самых масавых расстрэлаў людзей у Беларусі сталінскім рэжымам ў 1937-1941 гадах, Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ падала заяву на правядзенне мітынгу-рэквіема “Дзень памяці пра генацыд”. Заява пададзена ў Мінскі абласны выканаўчы камітэт, піша “Народная Перамога”.

Таксама плануецца выстава фотаматэрыялаў і дакументаў на пераносных стэндах, выступленні, мемарыяльная музыка.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі