Блізу Дзяржынска пройдзе пленэр памяці Валянціны Мінскай

пленер
У вёсцы Станькава ў Дзяржынскім раёне 30 траўня адкрыецца III Міжнародны мастацкі пленэр “Святасць зямлі Беларускай”, прысвечаны ўшанаванню памяці праваслаўнай святой  блажэннай Валянціны Мінскай і Году малой радзімы ў Беларусі.

У гэты дзень адбудзецца сустрэча мастакоў з епіскапам Маладзечанскім і Стаўбцоўскім Паўлам, а таксама супольная малітва ў мясцовым храме – набажэнства перад пачаткам усякай добрай справы, які ў 10.00 ўзначаліць уладыка.

Арганізатарамі праекта выступаюць Маладзечанская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, Беларускі саюз мастакоў, Беларускі саюз жанчын, Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў.

Традыцыйна ініцыятарам мерапрыемства з’яўляецца прыход царквы святой Еўфрасінні Полацкай у Івянцы, настаяцель якога протаіерей Віктар Перагудаў з’яўляецца духаўніком пленэра.

Сёлета ў пленэры чакаецца ўдзел прафесійных мастакоў з пяці краін свету. Апрача беларускіх майстроў пэндзля, вялікую цікавасць да пленэра праявіла мастацкая супольнасць з Расіі, Украіны, Малдовы і Румыніі. Тэма зацікавіла творцаў, розных па стылістыцы і жанры.

Адметнасцю сёлетняга пленэру стане правядзенне круглага стала “Царква і культура”, прысвечанага Году малой радзімы ў Беларусі. Таксама чакаецца традыцыйнае знаёмства мастакоў з выхаванцамі Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця і канцэртная праграма, падрыхтаваная самімі дзецьмі.

Перад пачаткам уласна творчай дзейнасці мастакі плануюць наведваць месца спачынку святой Валянціны Мінскай на могілках у Крысаве.

Падсумаваннем стане вернісаж у выставачнай зале Палаца культуры Маладзечна, урачыстае адкрыццё якога запланавана на 8 чэрвеня, а таксама выстава ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” Палаца Рэспублікі ў Мінску, якая распачнецца 19 чэрвеня.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі