“Treasure of Universe” – новы кліп па-ангельску: гурт Laudans дзеліцца ўражаннямі

15 траўня вы прэзентавалі свой новы кліп “Treasure of Universe”. Гэта не першы Ваш кліп, былі па-беларуску, па-польску, чаму зараз вы вырашылі зрабіць ангельскамоўны кліп?

Андрэй: Усё проста – мы хочам пашыраць аўдыторыю. Мы дастаткова часта ездзім у Польшчу, гэтым летам плануем прыняць удзел у фестывалі ў Славакіі. Мы хочам данесці нашы спевы да большай колькасці людзей, па-ангельску нас зразумеюць паўсюль.

sBvGNY-DY9k

Чаму менавіта “Скарб Сусвету”? Ці ёсць у гэтага спева свая гісторыя?

Андрэй: “Скарб Сусвету”, бо мы бачым, што гэты спеў падабаецца нашым слухачам і па музыцы, і па сэнсе.

Алёна: А гісторыя гэтага спеву наступная. Калі мы толькі пачыналі граць з Андрэем, я вырашыла напісаць песню. Мне адразу прыйшла мелодыя, а калі я разважала над словамі, то захацела напісаць нешта аб нашай штодзённасці, бо ў той час я кожны дзень мусіла прыходзіць у студыю, а каб туды трапіць трэба было падняцца па сцежцы. Я гэтую сцежку не любіла, таму што яна была брудная – у снезе і пяску – была восень. Я захацела выкарыстаць гэты вобраз узыходжання ў спеве – кожны чалавек штодзённа мусіць прыкладаць высілкі, змагацца і нам часта цяжка, але ў канцы дня, у канцы змагання, мы адчуваем радасць, што мы гэта зрабілі.

rnDwnZoVGpw

Так, добры прыклад. Вы ня так даўно выпусцілі дыск па-польску, як прымаюць яго нашы суседзі?

Андрэй: Так, дыск “Jedność” выйшаў у нас 18 снежня мінулага года, гэта польскамоўны варыянт нашага дыска “Адзінства” плюс яшчэ колькі спеваў. У нас менш чым за паўгады разышлося больш за 900 экзэмпляраў, гэта даволі паспяхова нават сярод польскія музыкаў. Для нас гэта Божае дабраславенне, якое падтрымлівае нас у працы і натхняе рухацца далей.

v0iGalqQ5WY

Вы даеце канцэрты ў Беларусі і за мяжой, выпускаеце дыскі, здымаеце кліпы. Вас можна лічыць хэдлайнерамі беларускай хрысціянскай музыкі. Як вы самі ахарактарызуеце свой гурт? Ці змяняецца стыль вашай музыкі?

Андрэй: Так, мы ўвесь час працуем. Мы тыя самыя, але наша музыка набывае новую форму і змяняецца. Мы супрацоўнічаем з гукарэжысёрамі і мы спадзяемся, што якасць нашых спеваў расце ад гэтага.

Алёна: Вельмі змяніўся наш падыход да канцэртаў, мы хочам быць на канцэртах больш натуральнымі і пазбаўляцца ад сваіх унутраных комплексаў, паводзіць сябе з публікай больш адкрыта, размаўляць з публікай, заахвочваць іх далучацца ў спеве, каб тыя, хто нас слухае маглі разам з намі ўдзельнічаць у канцэрце.

Зараз мы таксама стараемся выкарыстоўваць іншыя стылі, іншыя фарбы, каб зрабіць музыку больш яскравай, бо раней мяне вельмі пужалі такія накірункі як электронная музыка, поп-музыка. Зараз я падумала, што можна гэтага не баяцца і выкарыстоўваць тое, што кладзецца на сэрца. Калі падабаецца мне, спадзяюся, што спадабаецца і іншым людзям.

Mb9rfCOxBH8

Андрэй: Хачу дадаць. Неаднаразова нам казалі і мы ведаем гэта самі, што над нашымі тэкстамі трэба падумаць, паразважаць, яны няпростыя. Разам з гэтым людзі на нашых канцэртах часта кажуць, што адчуваюць сябе файна і не загружана. Мы лічым гэта прагрэсам – людзі нармальна ўспрымаюць нашыя складаныя спевы.

І распавядзіце нам пра вашыя далейшыя планы?

Андрэй: Ёсць план, на якім мы зараз стараемся максімальна факусіравацца. Зразумела ёсць і шмат іншых, але асноўнае – гэта выданне новага EP – невялікага па колькасці спеваў альбома. Спачатку мы сабралі пару сінглаў, якія хацелі запісаць, але бачым, што адзін да аднаго збіраецца больш спеваў. Гэтыя спевы былі паасобку, а тут мы бачым, што яны вельмі добра дапасоўваюцца да сябе. Гэта і тыя спевы, якія мы граем зараз, і некаторыя, якія мы даўно гралі, але пераасэнсавалі, і штосьці новае.

Дзякуй за размову, сябры. “Крыніца.інфо” зычыць вам новых дасягненняў і яшчэ больш якасных кліпаў.

Размаўляла Вольга Севярынец

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі