Святарскі прызыў: вы хочаце, як ва Украіне?

ksiondz

«Вы хочаце, каб было, як ва Украіне?» — гэта фраза пасля падзей Майдана 2013-2014 года ў суседняй краіне і наступнай агрэсіі з боку Расіі стала свайго роду мемам ў Беларусі, калі на любую заўвагу пра сітуацыю ў краіне намякаюць на вайну ў Данбасе. Аднак апошнія гады ў Украіне адзначыліся не толькі баявымі дзеяннямі, але і шэрагам дэмакратычных пераўтварэнняў, у тым ліку і ў рэлігійнай сферы.

У святле апошніх падзей з прызывам праваслаўных і каталіцкіх семінарыстаў, а таксама маладых святароў мы вырашылі параўнаць, як ідуць справы з гэтым у нас і ў нашай паўднёвай суседкі.

У Беларусі Праваслаўная і Каталіцкая Цэрквы кожны год пасылаюць на зацвярджэнне прэзідэнту спісы тых, каму яны хацелі б даць адтэрміноўку ад праходжання тэрміновай ваеннай службы. У гэтым годзе, нешта пайшло не так і святароў з семінарыстамі пачалі масава прызываць у ваенкаматы. У выніку спатрэбіліся афіцыйныя і экстранныя звароты да кіраўніка дзяржавы, збор подпісаў да Мінабароны, але воз пакуль і цяпер там. А як жа з гэтым ва Украіне?

Ва Украіне служба ў арміі рэгулюецца Законам “Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе” ад 1992 года, апошнія змены ў які былі ўнесены ўжо ў 2018 годзе. Цікавячыя нас моманты знаходзяцца ў артыкуле 17.

У прыватнасці, у пункце 8 чытаем: «Адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую ваенную службу для атрымання адукацыі на ўвесь перыяд навучання прадастаўляецца грамадзянам прызыўнога ўзросту, якія вучацца: … у сярэдніх або вышэйшых духоўных навучальных установах з дзённай формай навучання».

А пункт 13 абвяшчае: «Адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую ваенную службу для працягу прафесійнай дзейнасці прадастаўляецца такім грамадзянам прызыўнога ўзросту: … святарам, якія скончылі вышэйшыя або сярэднія духоўныя навучальныя ўстановы і займаюць пасаду ў рэлігійных арганізацыях, якія дзейнічаюць па статуце (уставе), зарэгістраваным ва ўстаноўленым парадку, — на час выканання абавязкаў святара».

Як бачым, украінскі закон распаўсюджваецца і на семінарыстаў, і на маладых святароў на перыяд нясення святарскай службы. Ніякіх спісаў нікому не трэба адпраўляць. Не трэба арганізоўваць калектыўныя звароты або пісаць афіцыйныя лісты. Усё робіцца проста па законе.

Але мы ж не хочам, каб было, як ва Украіне?

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі