У Беларусі збіраюць подпісы супраць прызыву семінарыстаў у войска

6a807cdc1cae0d98cfd60a2bda24e24c

На партале petitions.by распачаўся збор подпісаў пад зваротам у Міністэрства абароны Беларусі з просьбай»даць адтэрміноўку ад службы ў войску ўсім навучэнцам духоўных семінарый, праваслаўных і каталіцкіх, а таксама дзеючым святарам, якія падпадаюць пад прызыў.

У звароце адзначаецца, што ў той час, як “Царкве і Касцёлу не хапае святароў”, першыя прызыўнікі з шэрагаў духавенства мусяць накіравацца служыць у войска ўжо ў панядзелак, 28 мая.

Аўтары звароту падкрэсліваюць, што з-за прызыву семінарыі апусцеюць і паўтары гады не будуць пасвячаць новых святароў, у прыходах яшчэ больш выразным стане недахоп святароў, пахіснецца усталяваны з дапамогай Цэркваў баланс у грамадстве, пра які кажа прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

“Мы просім даць адтэрміноўку ад вайсковай службы ўсім студэнтам-семінарыстам, выхаванцам духоўных школ, дзеючым святарам прызыўнога ўзросту”, — гаворыцца ў звароце.

Нагадаем, цягам траўня вялікая колькасць семінарыстаў і каталіцкіх святароў прызыўнога ўзросту атрымалі позвы для праходжання тэрміновай вайсковай службы.

Пазней стала вядома, што позвы атрымліваюць і праваслаўныя семінарысты.

Пасля гэтага каталіцкія біскупы Беларусі звярнуліся да прэзідэнта з просьбай разгледзець пытанне аб прадастаўленні адтэрміноўкі ад праходжання вайсковай службы семінарыстам і святарам прызыўнога ўзросту.

Аб неабходнасці спыніць дыскрымінацыю рэлігійных навучальных устаноў заявіў і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі