Мітрапаліт Кандрусевіч: Сітуацыя з позвамі семінарыстам стварыла краіне адмоўны імідж

Кондрусевич
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, каментуючы сітуацыю з позвамі семінарыстам у войска і адтэрміноўкай, пра якую было абвешчана пасля зварота каталіцкіх біскупаў да кіраўніка краіны, падкрэсліў: «Незразумела, хто за гэтым стаіць і чаму гэта было зроблена».

Каталіцкіх і праваслаўных семінарыстаў не забяруць у войска гэтай вясной, адтэрміноўка будзе дзейнічаць да лютага 2019 года, і гэты алгарытм арцыбіскуп Кандрусевіч называе дзіўным: “Я не ведаю ніводнай краіны, дзе малады святар ці семінарыст падчас вучобы прызываўся б у войска. Расказаць каму з замежных біскупаў — ва ўсіх толькі здзіўленне. Цяпер хачу найперш падзякаваць Прэзідэнту Беларусі за падпісаны Указ аб прадастаўленні адтэрміноўкі. Канферэнцыя біскупаў звярталася да прэзідэнта з такой просьбай. І я верыў да канца, што сітуацыя вырашыцца.У мяне засталося толькі адно незразумелае пытанне, на якое не ведаю дзе шукаць адказ”, – паведамляе catholic.by.

“Прызыў адбываецца два разы на год — восенню і вясной. Дакументы з просьбай ад адтэрміноўцы мы падаём адзін раз — звычайна ў канцы лета, каб паспець да асенняга прызыву. Так мы зрабілі і летась. І ў ваенкаматы мінулай восенню нікога не выклікалі. Ніводзін святар ці семінарыст прызыўнога ўзросту павестку тады не атрымаў. А тут нечакана атрымліваюць. У чым справа? Бюракратычныя хібы? Губляюся ў дагадках. Наколькі мне вядома, офіс Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей тут не прычым, бо дакументы пераслаў у адпаведны час”, – тлумачыць арцыбіскуп Кандрусевіч.

“Гэта стварае для краіны адмоўны імідж! Пра гэты выпадак пішуць замежныя СМІ — мне тэлефанавалі журналісты з Італіі, Германіі. Што я мог сказаць? Мы не маем адказу”, – рэзюміруе іерарх, дадаючы, што Праваслаўная Царква сутыкнулася з такой жа сітуацыяй.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі