Біскуп Яшэўскі: Падлеткі нічога не ведаюць пра сакрамэнт сужэнства

Барановичи
У Баранавічах 1 чэрвеня пачаўся ІІІ агульнабеларускі Кангрэс каталіцкіх сямейных рухаў, які праходзіць у межах падрыхтоўкі да ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў у Дубліне (Ірландыя). Дэвіз сустрэчы — «Евангелле сям’і — радасць для свету».

У Кангрэсе бяруць удзел каталіцкія сем’і, духоўныя асобы, якія асаблівым чынам займаюцца душпастырствам сем’яў і іх свецкія супрацоўнікі, удзельнікі сямейных рухаў і арганізацый у падтрымку сужэнства і сям’і, паведамляе catholic.by.

На сямейным форуме выступіў з дакладам дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. У ім біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці раскрыў тэму «Чаму сужэнства і сям’я маюць важнае значэнне для Касцёла».

Біскуп Яшэўскі агучыў вынікі апытання, якое ў межах падрыхтоўкі яго дакладу на Кангрэсе правёў вікарый катэдральнай парафіі ў Магілёве кс. Юзаф Сярпейка.

Апытанне было праведзена на пачатку мая пры дапамозе сацыяльнай сеткі «Інстаграм». Усяго ў ім узялі ўдзел 470 чалавек: 250 падлеткаў ва ўзросце 14–18 гадоў (48, 9% апытаных); 170 маладых людзей ва ўзросце 19–35 (36, 2%); 70 дарослых людзей ва ўзросце 36–60 гадоў (14, 9 %). Апроч розніцы ва ўзросце, апытаныя з’яўляюцца вернікамі розных хрысціянскіх канфесій альбо лічаць сябе атэістамі ці агностыкамі.

Удзельнікам было прапанавана 7 закрытых пытанняў, на якія трэба было адказаць «так» або «не», і 2 адкрытыя пытанні, на якія трэба было даць разгорнуты адказ.

На першае пытанне «Ці даражыш ты сваёй сям’ёй?» 98 працэнтаў апытаных адказалі «так», з іх падлеткі — 100 працэнтаў, моладзь — 94 працэнты, дарослыя — 100 працэнтаў. Такім чынам, адмоўны адказ на гэтае пытанне далі 2 працэнты апытаных, усе яны — маладыя людзі.

На другое пытанне «Ці з’яўляецца для цябе сям’я каштоўнасцю?» 99 працэнтаў апытаных далі станоўчы адказ. 1 працэнт анкетаваных — маладыя людзі — далі адмоўны адказ.

З тым, што сям’я не толькі ставіць патрабаванні, але і дае апору, згадзіліся 89 працэнтаў апытаных, а адмоўна адказалі 11 працэнтаў, прычым усе яны адносіліся да групы падлеткаў.

Адно з пытанняў было: «Як вы разумееце каштоўнасць сакрамэнту сужэнства — замацавання сваіх адносінаў праз прысягу перад Богам у святыні?»  Апытаныя падлеткі, у асноўным, прызнаваліся, што нічога не ведаюць пра сакрамэнт сужэнства і таму пераважна ўстрымаліся ад адказу.

Пасля даклада біскуп Алякасандр Яшэўскі ўзначаліў Святую Імшу, пасля яе і супольнай вячэры перад ўдзельнікамі Кангрэса выступіў беларускі хрысціянскі гурт Laudans.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі