Кіеву трэба пачакаць. У Фанара ёсць і іншыя праблемы

ohrid

30 мая адбылося пасяджэнне Сінода Канстанцінопальскай Царквы. Чаканы томас аб аўтакефаліі Украінскай Царквы не падпісаны, хоць 28 траўня даволі вядомы дзеяч украінскага праваслаўя, архімандрыт Кірыла (Гаварун) сцвярджаў, што гэты дакумент ужо складзены. І склаў яго адзін з лепшых кананістаў у праваслаўным свеце, былы настаўнік а. Кірылы ў Афінскім універсітэце.

Напісаны, але не падпісаны і не змацаваны пячаткай, томас яшчэ не дакумент. І фактам застаецца тое, што аўтакефалія новай Царквы ва Украіне не абвешчана.

Фактам застаецца і тое, што вакол томаса вядзецца жорсткая барацьба і ва Украіне, і вонкі яе.

Ва Украіне супраць аўтакефаліі выступае Украінская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату (УПЦ МП). Ведама, не ўся Царква, а значная частка яе духавенства і вернікаў.

Мне ўжо даводзілася пісаць, што на месца ачольніка новай Царквы ва Украіне прэтэндуе вядомы сваім жорсткім стылем кіравання прадстаяльнік Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату (УПЦ КП) Філарэт (Дзенісенка). Аднак прэтэнзіі 88-гадовага Філарэта не вітаюцца некананічнай Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой (УАПЦ). Не думаю, што гэтыя прэтэнзіі ўхваляюць і біскупы УПЦ МП, якія адкрыта ці таемна (у сэрцы) падтрымліваюць ідэю ўкраінскай аўтакефаліі. Само сабой, адзінства наконт аўтакефаліі няма і ў палітычным класе Украіны.

Ці значыць гэта, што Усяленскі Патрыярх Варфаламей з увагі на ўнутрыўкраінскія супярэчнасці вырашыў умыць рукі? Не, лічыць кіеўскі Патрыярх Філарэт. Ён чакае томас аб аўтакефаліі ў ліпені гэтага года – да 1030-й гадавіны хросту Кіеўскай дзяржавы.

Ці будзе падпісаны томас у ліпені – яшчэ пытанне, бо вакол яго вядзецца вострае змаганне не толькі на агульнаправаслаўнай, але і на агульнахрысціянскай арэне. Я ўжо пісаў, што “міністр замежных спраў” Маскоўскай Царквы мітрапаліт Іларыён (Алфееў) ужо наведаў прадстаяльнікаў Александрыйскай, Ерусалімскай і Кіпрскай Цэркваў. Сустрэўся ён і Патрыярхам Антыяхійскім. Чым скончыліся гэтыя сустрэчы, якія абяцанні далі маскоўскаму эмісару Феадар ІІ, Філафей ІІІ, Хрызастом ІІ і Ян Х – мала каму вядома.

Не забыў Данілаў манастыр і пра першага сярод прадстаяльнікаў цэркваў – рымскага біскупа. 26 мая Францішак гутарыў у Ватыкане з Варфаламеем, а 30-га прыняў дэлегацыю РПЦ на чале з мітрапалітам Іларыёнам. Ці закраналася ў размове Францішка і Варфаламея ўкраінская праблематыка, пра тое ватыканскія крыніцы маўчаць, а дэлегацыі РПЦ рымскі біскуп заявіў, што каталіцкія цэрквы (гэта значыць, і Рыма-Каталіцкая, і Украінская Грэка-Каталіцкая, і іншыя ўсходнія каталіцкія цэрквы) “не павінны ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рускай Праваслаўнай Царквы, у тым ліку і па палітычных матывах”. Кажучы за ўсю Каталіцкую Царкву, рымскі біскуп заявіў, што гэтая Царква “ніколі не дазволіць, каб з яе боку праявіўся падыход, які правакуе падзелы”. І дадаў: “Мы гэтага ніколі не дазволім. Я гэтага не хачу”.

Лічыцца, што Францішак падтрымаў РПЦ у яе жаданні не дапусціць аўтакефаліі новай Украінскай Царквы. Папа сказаў Іларыёну і яго спадарожнікам: “У Расіі толькі адзін Патрыярхат – ваш. І ў нас не будзе другога”. Дык гэта ў Расіі. А ва Украіне, прыяцелем якой пазіцыянуе сябе рымскі біскуп? Думай як хочаш.

У той самы дзень, 30 мая, былыя прэзідэнты Украіны Леанід Краўчук і Леанід Кучма сустрэліся з прадстаяльнікам Праваслаўнай Царквы Чэшскіх Земляў і Славакіі Расціславам. Мітрапаліт заявіў ім, што любы ўдзел дзяржаўных чыноўнікаў у вырашэнні царкоўных пытанняў у дэмакратычным грамадстве непрымальны. У якасці адзінага спосабу пераадолення царкоўнага расколу ва Украіне архібіскуп Расціслаў лічыць пакаянне пры вяртанні ва ўлонне кананічнай Царквы. Такім чынам, Царква Чэшскіх Земляў і Славакіі заняла прамаскоўскую пазіцыю.

На дзень раней, 29 мая, спікера Вярхоўнай Рады Украіны Андрэя Парубія ў Ерусаліме прыняў Феафіл ІІІ. Ён сказаў, што кожны праваслаўны народ мае права на сваю незалежную памесную Царкву. І пры гэтым зазначыў, што патрэбныя дыялог і час, каб рашэнне стала вынікам дыялогу. Атрымаўшы ад Парубія велікоднае яйка, Патрыярх заўважыў: “Яйка – гэта сімвал абнаўлення. Трэба яго разбіць, каб з’явілася новае жыццё”. Як разумець гэтае выказванне?

Цікава, што нічога пра сваю пазіцыю не заявіла другая паводле колькасці вернікаў Праваслаўная Царква – Румынская. Затое ў апошняй дэкадзе мая Сінод РумПЦ выбраў для службы ў Малдове, якую Маскоўская Царква лічыць сваёй “кананічнай тэрыторыяй”, двух новых біскупаў. Абодва яны стануць вікарыямі кішынёўскага архібіскупа Пятра, якога РПЦ забараніла ў служэнні. Так Румынская Царква аднаўляе свае пазіцыі ў захопленай яшчэ ў 1940-м Бесарабіі.

Вядома, што асаблівыя адносіны ў Канстанцінопальскай Царквы склаліся з Эладскаю Царквою. Я пісаў ужо пра візіт прадстаўнікоў Канстанцінопаля ў Эладскую Царкву. З архібіскупам Афінаў і ўсяе Элады Геранімам ІІ сустракаўся таксама расійскі пасол Андрэй Маслаў, а зусім нядаўна госцем архіўладыкі быў пасол Злучаных Штатаў у Грэцыі і былы пасол ва Украіне Джэфры Пает (Pyatt).

Як відаць, у гульню вакол украінскай аўтакефаліі ўцягваюцца сур’ёзныя гульцы, і гэтая гульня, праўдападобна, становіцца адным з элементаў Другой халоднай (у тэрміналогіі некаторых палітолагаў і публіцыстаў – Чацвёртай сусветнай) вайны.

Нават калі томас аб аўтакефаліі Украінскай Царквы напісаны, Фанару, Патрыярху Варфаламею няма куды спяшацца. У яго, акрамя РПЦ і Украіны, ёсць яшчэ адна праблема:  саюзніца Масквы – Сербская Праваслаўная Царква (СПЦ). Калі барацьба за аўтакефалію ва Украіне аднавілася (па гістарычных мерках) зусім нядаўна – нейкія 28–30 год таму, дык Македонская Праваслаўная Царква аддзяліся ад СПЦ яшчэ за камуністамі – у 1967 годзе.

Нядаўна вырашыць пытанне пра аўтакефалію Македонскай Царквы ўзялася была Балгарская Царква, аднак ёй запярэчыў Фанар. Выключнае права Усяленскага Патрыярха ў гэтым пытанні зразумелі і македонскія ўлады. Прэм’ер-міністр Македоніі Зоран Заеў папрасіў Варфаламея ўзяць на сябе ініцыятыву дзеля вяртання гэтай Царквы ў кананічны стан пад імем Охрыдскага архібіскупства. Карыстаючы з таго, што сёлета спаўняецца 1000 год ад часу заснавання Охрыдскага архібіскупства, прэм’ер-міністр запрасіў Варфаламея наведаць яго краіну з архіпастырскім візітам.

Ці паедзе Усяленскі Патрыярх у Скоп’е і Охрыд – пакуль што невядома, але 30  мая Сінод Канстанцінопальскай Царквы вырашыў “зрабіць тое, што неабходна ў тых, якія склаліся, гісторыка-кананічных умовах у сілу прэрагатываў першынствуючага Усялянскага Патрыярхату”.

Пытанне пра аўтакефалію Охрыдскага архібіскупства – толькі частка сербскай праблемы. Фанар мусіць раней ці пазней увесці ў кананічныя рамкі адносіны паміж СПЦ і праваслаўнымі хрысціянамі Чарнагорыі, дзе таксама моцныя аўтакефалісцкія памкненні. І нават у Босніі і Герцагавіне ды ў Харватыі не ўсе праваслаўныя хочуць заставацца пад амафорам Патрыярха Сербскага. А яшчэ Паўднёвая Асеція і Абхазія, якія не прызнаюць уладу грузінскага Каталікоса-Патрыярха і засталіся без кананічных біскупаў.

У Фанара, у Патрыярха Варфаламея шмат праблем. І ўкраінская – толькі адна з іх.

Анатоль Сідарэвіч.

2 чэрвеня 2018 г.

З’явілася паведамленне, што разам з Іларыёнам (Алфеевым) у Рыме пабываў і “духаўнік Пуціна”, свежаспечаны мітрапаліт Пскоўскі і Порхаўскі Ціхан (Шаўкуноў), і што, маўляў, ён таксама прысутнічаў на той прыватнай аўдыенцыі ў біскупа Рыма . Аднак на сайце Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Ціхан сярод прысутных на аўдыенцыі не названы.

4 чэрвеня 2018 г.

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі