Протаіерэй Сергій Лепін пра супрацьстаянне ў Курапатах: маё сэрца з тымі, хто пратэстуе

515ACF69-4C4B-45FE-87DD-35964FC33B64_w1023_r1_s

Шэсць дзён запар грамадскія актывісты пікетавалі забаўляльны комплекс каля Курапатаў, дзе адкрыўся рэстаран «Поедем поедим». Свабода спыталася, што пра гэтае супрацьстаянне думаюць прадстаўнікі Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў.

«Няправільна ператвараць Курапаты ў месца, дзе беларус варагуе з беларусам»

Протаіерэй Сергій Лепін, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай Праваслаўнай Царквы:

«Курапаты — святое месца. Па-першае, гэта могілкі, па-другое — месца рэпрэсій, або жахлівага злачынства супраць Бога і чалавека, а па-трэцяе — помнік культуры. Калі сапраўды спрэчная тэрыторыя з’яўляецца чымсьці з пералічанага — хоць бы нечым адным, не кажучы ўжо пра ўсё адразу, — то ладзіць там нейкія забаўляльныя комплексы недарэчна, няправільна, грахоўна.

Калі ж гаворка ідзе пра тое, што гэта толькі сумежная тэрыторыя, то тады мы маем пытанне для дыскусій. Калі б комплекс быў размешчаны далей на 10 метраў, то ці быў бы ўладжаны канфлікт? Не. А калі на 30, на 50, 100, 500 метраў?.. Калі ж павінна аб’ектыўна паўстаць адлегласць, якая б больш ніколі не выклікала спрэчак?

Асабіста маё сэрца з тымі, хто пратэстуе. Але, браты і сёстры, вельмі цяжка патрабаваць выканання тых нормаў, якія не прапісаныя заканадаўча. І яшчэ важна дакладна разабрацца, у каго патрабаваць, калі нейкія нормы былі сапраўды парушаныя, і кім яны былі парушаныя.

Калі будаўніцтва было здзейснена па законе, то, напэўна, звяртацца трэба з заканадаўчымі ініцыятывамі, якія зменяць закон у правільны бок. Ну і, зразумела, змагацца з аднымі парушэннямі закону, калі яны мелі месца, з дапамогай парушэнняў іншых законаў таксама няправільна. Трэба быць сталым, разважлівым і не сячы з-за пляча.

Вельмі няправільна Курапаты ператвараць у тое месца, дзе беларус варагуе з беларусам — гэта супярэчыць духу святога месца. Мы молімся за тое, каб удзельнікі канфлікту ў прыватнасці і ўсё наша грамадcтва цалкам хутчэй выпрацавалі пазітыўную прымірэнчую канцэпцыю, якая будзе ўвекавечваць памяць нявінна забітых і перасцерагаць нас усіх супраць нянавісці — менавіта апошняя і ёсць галоўнай прычынай з’яўлення такіх страшных месцаў на зямлі, як Курапаты».

«Касцёл супраць такіх пабудоў»

Ксёндз Юры Санько, прэсавы сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі:

«Касцёл супраць такіх пабудоў (рэстарацыі «Поедем поедим». — РС), бо кожнае месца ўшанавання — гэта месца святое. Тым больш калі мы называем Курапаты нашай менскай Кальварыяй.

Іншая справа, гэта паказвае, што больш трэба думаць пра духоўнае ў такіх момантах.

Дазваляецца будаваць духоўныя аб’екты на могілках альбо на былых могілках. На жаль, маем тое, што маем.

Музей [замест рэстарацыі] — добрая прапанова. Тым больш калі ў планах ёсць стварэнне мемарыялу „Курапаты“, на дзяржаўным узроўні пра гэта гаворыцца, прэзідэнт пра гэта не раз згадваў. Калі мемарыял паўстане, і гэтыя будынкі можна перадаць для іншых мэтаў, магчыма, для інфармацыйнага цэнтру. Але гэта ўжо маглі б вырашаць адмыслоўцы.

У такіх месцах мы павінны задумвацца: а што заўтра будзе з нашымі магіламі? Калі гэта пакутнікі нашай зямлі, то да іх мы павінны адпаведным чынам і ставіцца».

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі