Рабін Абрамовіч: у Курапатах неабходна зрабіць мемарыял па прыкладзе Трасцянца

holocost_532

Галоўны рабін Рэлігійнага аб’яднання грамадаў прагрэсіўнага юдаізму Рыгор Абрамовіч ​падзяліўся са Свабодай сваім бачаннем канфлікту вакол рэстарацыі ля месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах.

«Ёсць неабходнасць зрабіць мемарыял па прыкладзе Трасцянца, каб тыя, хто прыйшоў, ведалі, што тут адбылося, — разважае Рыгор Абрамовіч пра дарэчнасць рэстарацыі ля Курапатаў. — У Яд ва-Шэме (мемарыял ахвярам Халакосту ў Ерусаліме — рэд.) у Ізраілі ёсць і лекцыйныя залі, і месца прыёму ежы. Пытанне не ў тым, што побач, а як гэта ўкладваецца, спалучаецца і не дае забыць гісторыю».

На пытанні пра тое, ці пойдзе ён асабіста есці ў такую рэстарацыю і ці варта вернікам, не згодным з яе будаўніцтвам, чыніць нейкія актыўныя дзеянні, як пратэсты ці суды, рабін заклікае «жыць далей» і «­маліцца аб міры», але таксама даводзіць сваю грамадзянскую пазіцыю.

«Там, дзе цяпер знаходзіцца кавярня „Тры жаўнеры“, быў дом майго дзеда Гірша Абрамовіча, — згадвае ён. — Я бываю ў гэтай кавярні і разумею, як няпроста было будаваць дзеду горад, дзе загінула яго сям’я. Але трэба жыць далей, здабываючы ўрокі гісторыі. Вернікам трэба ў першую чаргу маліцца аб міры. Ёсць грамадзянская пазіцыя, і яе можна і трэба выкласці. Калі я бываю ў Трасцянцы і Курапатах, я асабіста прашу прабачэння, што захаванне памяці, магчыма, адбываецца не зусім так, як трэба. Але і ганаруся тым, што наш горад Менск і прыватныя спонсары з Беларусі, краінаў Еўропы, Ізраілю і ЗША дапамагаюць ушанаваць памяць ахвяраў».

Радыё Свабода

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі