Ці адбудзецца развал урадавай кааліцыі ў Германіі?

DfanSM_WAAI_7AO

СМІ паведамляюць аб разыходжаннях паміж міністрам унутраных спраў Германіі Хорстам Зэегоферам і федэральнай канцлеркай Ангелай Мэркель.

Разыходжанні тычацца галоўным чынам міграцыйнай палітыкі і не з’яўляюцца навіной для тых, хто збольшага сочыць за палітычным жыццём гэтай краіны.

Хорст Зэегофер наракаў на міграцыйную палітыку кабінета Ангелы Мэркель і тады, калі кіраваў урадам Баварыі. Сёлета ўзначалены ім баварскі Хрысціянска-сацыяльны саюз (ХСС) туга згаджаўся на ўрадавую кааліцыю з Хрысціянска-дэмакратычным саюзам (ХДС) і з “соцы” – Сацыял-дэмакратычнай партыяй Германіі (СДПГ). Зэегофер пакінуў пасаду міністра-прэзідэнта Баварыі і перайшоў на пасаду міністра ўнутраных спраў федэратыўнай рэспублікі ў спадзяванні, што яму ўдасца пакласці канец палітыцы адчыненых дзвярэй для плыні эканамічных мігрантаў. Гэта ў асноўнай масе не ўцекачы ад палітычных, расавых, рэлігійных пераследаў і пераследаў у сувязі з сексуальнай арыентацыяй, а шукальнікі шчасця, якім хочацца мець больш высокі ўзровень “сацыялкі”. Яны пакідаюць бяднейшыя краіны Еўразвязу і перабіраюцца ў Нямеччыну.

Як відаць, Зэегоферу не ўдаецца ажыццявіць свае намеры. І прычынай таму не ўпартасць Ангелы Мэркель. Прычынай таму пазіцыя СДПГ: жорсткая міграцыйная палітыка ёю не ўхваляецца. А без сацыял-дэмакратаў урадавая кааліцыя распадзецца, і давядзецца праводзіць датэрміновыя парламенцкія выбары, якіх удалося пазбегнуць на пачатку гэтага года.

Больш важная прычына (часовай?) няўдачы Зэегофера – вонкавая: як успрымуць краіны Еўропы палітыку зачыненых дзвярэй, высылку парасяленцаў, шукальнікаў шчасця ў тыя дзяржавы, адкуль яны перабраліся ў Германію? Ці не пагражае гэта разладам ў ЕС? Разладам, які так выгадны пуцінскай Расіі і Беламу дому ў Вашынгтоне.

Зэегоферу мігранцкае пытанне вельмі смыліць і таму, што ў кастрычніку павінны адбыцца выбары ў баварскі парламент.

Кансерватыўна-каталіцкая і схільная да асобнасці Баварыя, якая заўсёды падтрымлівала хрысціянскіх сацыялістаў, не ўхваляе міграцыйню палітыку Берліна. А ён, Зэегофер, узначальвае ХСС і павінен прадэманстраваць выбаршчыкам сваю рашучасць дабіцца пераменаў. Ён павінен дапамагчы свайму наступніку на пасадзе міністра-прэзідэнта Баварыі Маркусу Зёдару (Söder) перамагчы.

Цяпер у баварскім ландтагу такая раскладка сілаў: ХСС мае 101 мандат, усе астатнія партыі і групоўкі – 79 крэслаў. Але новыя выбары могуць прынесці хрысціянскім сацыялістам страты. Апошні сацыялагічны зандаж, праведзены 8 чэрвеня, паказвае, што ХСС можа страціць 6,6 працэнта галасоў выбаршчыкаў. І невядома пакуль што, як настроі электарату памяняюцца да 14 кастрычніка. Сацыял-дэмакраты, у якіх і цяпер слабыя пазіцыі ў ландтагу (42 месцы), могуць страціць яшчэ больш – 7,2 працэнта галасоў.

Зэегофер не хоча, каб яго партыя, ХСС, дайшла да такога становішча, у якім апынулася ХДС Ангелы Мэркель. ХДС не можа адна сфармаваць урад краіны, а ўвесь канец мінулага і пачатак бягучага года яна не магла дамовіцца аб урадавай кааліцыі. Выбары ў Бундэстаг, нагадаю, адбыліся 24 верасня 2017 года, а кабінет прыступіў да выканання абавязкаў толькі 14 сакавіка 2018-га. Такога ў паваеннай гісторыі Германіі яшчэ не было. Сама ж кааліцыя ХДС/ХСС і СДПГ сталася магчымай толькі таму, што абедзве гэтыя сілы як агню збаяліся датэрміновых выбараў, на якіх свае пазіцыі магла ўмацаваць антыімігранцкая і, як яе называюць, правапапулісцкая “Альтэрнатыва для Германіі”.

Дэпутатаў ад “Альтэрнатывы для Германіі” ў баварскім парламенце пакуль што няма. Але будуць. Апошні прагноз паказвае, што ў кастрычніку правыя могуць узяць не менш як 13,5 адсотка галасоў, што зробіць іх другой палітычнай сілай пасля ХСС. Калі ў міграцыйнай палітыцы федэральнага ўраду нічога не памяняецца, працэнт галасоў, пададзеных за “Альтэрнатыву”, можа павысіцца. Зэегофер не хоча гэтага. Ён ведае таксама, што Мэркель і СДПГ не жадаюць датэрміновых выбараў у Бундэстаг. Таму ён ідзе ва-банк. Калі ён прайграе у супрацьстаянні з Мэркель і сацыял-дэмакратамі, пазіцыі ягонай партыі істотна аслабяцца. І ці не давядзецца тады хрысціянскім сацыялістам ствараць у Баварыі так нежаданую кааліцыю з сацыял-дэмакратамі і “зялёнымі”?

Анатоль Сідарэвіч

18 чэрвеня 2018 г.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі