Улада і цэрквы: падзяляй і ўладар

221660

І так, 19 чэрвеня адбылася прамая тэлефонная лінія упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леаніда Гулякі. Мы яму задалі два пытанні. Аналагічныя пытанні задаў і партал Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Catholic.by. Леанід Паўлавіч ад пытанняў не сыходзіў і сапраўды на ўсё адказваў.

Але што ж паказалі гэтыя зносіны з народам? А паказалі яно тое, што ўлады, у тым ліку і ў рэлігійнай сферы, адказваць за свае дзеянні не маюць намеру. Як не маюць намеру яны і што-небудзь мяняць.

Чаму замежныя святары рэгулярна не атрымліваюць дазволу на служэнне ў Беларусі? — Маю права і даваць справаздачу не абавязаны.

Чаму семінарысты да апошняга не атрымлівалі адтэрміноўку ад войска і чаму менавіта ў гэтым годзе? — Якая розніца!

І я ўжо не кажу пра тое, што неабходнасць атрымліваць у дзяржаўных уладаў дазвол на здзяйсненне рэлігійных абрадаў сама па сабе з’яўляецца дзікунствам для Еўропы. Што рэлігійная адукацыя, хоць бы ў пытаннях адтэрміноўкі ад вайсковага прызыву, ужо даўно прыраўнаваная да свецкай ў іншых краінах кантынента. І толькі Беларусь са сваім асаблівым шляхам наперадзе Еўропы ўсёй.

Вядома, няма межаў дасканаласці, і да вопыту сяброўскага Кітая, Паўночнай Карэі ці якой-небудзь Саудаўскай Аравіі нам яшчэ далёка. Як гаворыцца ў старым савецкім анекдоце: «А мог бы і ножыкам». Дзякуй і на гэтым.

А можа, і Папа Рымскі не едзе ў Беларусь, бо баіцца, што ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў не дазволіць яму праводзіць служэнне ў Беларусі і прыйдзецца ў лепшым выпадку саслужыць каму-небудзь з беларускіх святароў альбо біскупаў? Гэта, вядома, ж жарт, але ў ім ёсць толькі доля жарту. Ды і сам Леанід Паўлавіч — толькі проста вінцік у сістэме, бо прэзідэнцкі ўказ так доўга падпісваў не ён, праўда?

У гэтай сувязі характэрная рэпліка, якую Леанід Гуляка сказаў у гутарцы з Catholic.by, кажучы пра забароны на служэнне замежнікам: «Гэтае пытанне падымае толькі Каталіцкі Касцёл, а ў нас 24 канфесіі і ні адна з іх пра гэта не кажа».

Няўжо сапраўды толькі каталікоў хвалюе гэтае пытанне? А Праваслаўную Царкву, якой толькі ў гэтым годзе забаранілі запрашаць двух праваслаўных святароў з Расіі? А хрысціянам поўнага Евангелля, якім не дазволілі сустрэцца з пастарам з Польшчы і з якім яны ўжо больш не сустрэнуцца, бо ён ужо памёр? А хрысціянам веры Евангельскай, якія скардзіліся на тое, што Krynica.info са спасылкай на сайт адной з суполак згадала пра прыезд гасцей з Украіны? А іншыя канфесіі таксама ўсё задавальняе? Праўда?

Бо, як бачым, гэтае пытанне тычыцца ўсіх канфесій. І тычыцца ўсіх краін — не толькі грамадзян Польшчы, але і Расіі, Украіны і нават Індыі. І забараняюць ўлады замежных святароў і пастараў толькі таму, што маюць такое права, якое самі сабе ж і дэлегавалі.

А канфесіі па-ранейшаму баяцца лішні раз аб’яднаць свае намаганні для дасягнення агульнай мэты і вырашэння агульнай праблемы. Ці гатовыя яны стварыць агульную надканфесійную арганізацыю, як, напрыклад, у Эстоніі, дзе мясцовая Рада цэркваў паспяхова супрацоўнічае з уладамі краіны і вырашае пытанні, якія ўзнікаюць? А можа, яны гатовыя падтрымаць хрысціянскіх дэмакратаў у іх сізіфавай працы па рэгістрацыі партыі, якая пазней магла б стаць іх адвакатам у публічнай прасторы?

Куды там! Мая хата з краю, нічога не ведаю. Хто ўспомніць пра тое, “каб усе былі адно» (Ян 17:21) і «дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць» (Лука 14:17)? Але ж менавіта гэтага і хочуць улады: падзяляй і ўладар — старажытны рымскі прынцып ніхто не адмяняў.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі