Законапраект аб хатнім гвалце: мітрапаліт Кандрусевіч заклікае не ісці за гендарнай ідэалогіяй

Кандрусевіч2

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі звярнуўся з адкрытым лістом да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі с падрыхтоўкай новай канцэпцыі закона аб барацьбе з хатнім насіллем, паведамляе Catholic.by.

Ён падкрэсліў, што пытанні абароны інстытута сям’і, маральнага выхавання дзяцей і моладзі “хвалююць усіх нас, бо сям’я з’яўляецца асновай грамадства, а маладое пакаленне — яго будучыняй”. Таму, на яго думку, абмеркаванне такіх важных законапраектаў павінна весціся з удзелам прадстаўнікоў традыцыйных для Беларусі веравызнанняў, “якія на працягу стагоддзяў прапаведуюць фундаментальныя сямейныя каштоўнасці і вучаць такім адносінам паміж членамі сям’і, якія выключаюць насілле”. Але, адзначыў ён, гэтыя законапраекты пакуль недаступныя для грамадскасці, што спараджае разнастайныя чуткі і здагадкі.

Падкрэсліўшы важнасць ў пытаннях заканадаўства кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі і ўлічваць духоўныя каштоўнасці беларускага народа, мітрапаліт заклікаў не ісці ўслед “за згубнымі секулярнымі тэндэнцыямі, у тым ліку за гендарнай ідэалогіяй, якая вядзе да разбурэння традыцыйнай сям’і”. Ён таксама выказаў спадзеў, што беларускае заканадаўства “яшчэ больш выразна паставіць перашкоду прапагандзе нетрадыцыйных сексуальных паводзінаў, афішаванню і пазітыўнаму паказу садомскага ладу жыцця”.

“Задачу захавання і адраджэння сям’і, а таксама традыцыйных сямейных і маральных каштоўнасцяў нашаму грамадству даводзіцца вырашаць у няпростых сацыяльна-эканамічных абставінах і ва ўмовах прапаганды антыхрысціянскай сямейнай ідэалогіі і тэндэнцый прыняцця заканадаўчых актаў, якія супярэчаць традыцыям беларускага народа”, – заявіў арцыбіскуп.

Прызнаўшы недапушчальнасць сямейнага насілля, асабліва ў адносінах да жанчын і дзяцей, ён дадаў, што бацькі павінны мець магчымасць свабодна выхоўваць сваіх дзяцей у духу любові і традыцыйных маральных каштоўнасцяў. “Штучнае ж супрацьпастаўленне правоў і інтарэсаў дзіцяці правам бацькоў з’яўляецца недапушчальным і нават парадаксальным”, – дадаў ён.

Але, мяркуе Тадэвуш Кандрусевіч, “калі некаторыя змены, пра якія вядзецца дыскусія ў СМІ, набудуць сілу закона, то яны могуць прывесці да несправядлівага пераследу добрасумленных бацькоў за самае нязначнае і бяскрыўднае «пакаранне» дзіцяці ў мэтах яго бяспекі, выхавання і дысцыпліны”. “Нельга лічыць злачынствам разумнае настаўленне і ўшчуванне дзяцей любячымі бацькамі з мэтаю выхавання”, – адзначыў ён.

На яго думку, для пазбягання насілля ў сем’ях, трэба са школьных гадоў пачынаць падрыхтоўку да адказнага бацькоўства і да стварэння сям’і з дапамогай школы і традыцыйных канфесій.

“Звяртаюся да Вас з просьбай зрабіць усё магчымае, каб рэальныя заканадаўчыя крокі спрыялі захаванню і ўмацаванню Богам створанага інстытута сям’і, абароне жанчын і дзяцей ад розных формаў насілля, а таксама захаванню традыцыйных духоўных каштоўнасцяў, на якіх павінна будавацца будучыня нашага грамадства. Каталіцкі Касцёл гатовы прымаць удзел у абмеркаванні заканадаўчых праектаў, у тым ліку скіраваных да абароны інстытута сям’і”, – звярнуўся да прэзідэнта мітрапаліт.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі