Мітрапаліт Кандрусевіч у Трасцянцы: Ніводны народ не можа развівацца за кошт іншага

Кондрусевич
Пад Мінскам 25 чэрвеня прайшла цырымонія перазахавання парэшткаў ахвяр трагедыі ва ўрочышчы Благоўшчына, што на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса Трасцянец — былым нацысцкім лагеры смерці часу Другой сусветнай вайны.

Сярод прысутных на памятнай цырымоніі выступіў старшыня каталіцкага беларускага епіскапату, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, паведамляе catholic.by.

Іерарх адзначыў, што лагер смерці Трасцянец знаходзіцца ў адным шэрагу з Асвенцымам, Майданэкам і Трэблінкай — месцам генацыду людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў.

«Сёння мемарыяльны комплекс Трасцянец заклікае да адказу на пытанне: „Дзе знаходзяцца межы нянавісці? Як чалавек мог падняць руку на іншага чалавека?“ Трасцянец заклікае да новага асэнсавання правоў чалавека і народаў да існавання, свабоды, незалежнасці і любові бліжняга. Гэта месца кажа, што ніводны народ не можа развівацца за кошт іншага, яго зняволення, эксплуатацыі і смерці», – падкрэсліў мітрапаліт Кандрусевіч.

«Сёння, у наш неспакойны час, няхай з гэтага палітага крывёю нявінных людзей месца гучыць малітва: „Божа міру, ты адзіны з’яўляешся сапраўдным супакоем, адары сучасны свет ласкай прымірэння, каб ніколі не паўтарылася трагедыя, падобная да трагедыі Трасцянца, каб ніколі больш чалавек не падымаў руку на іншага чалавека і каб ніколі больш не было вайны“», – дадаў іерарх.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі