Будслаў-2018: знічкі пад дажджом (фотарэпартаж)

Будслаўскі фэст патануў у дажджы хіба ўпершыню за апошняе дзесяцігоддзе пілігрымкавай гісторыі. “Дэвіз сёлетняй салезіянскай пілігрымкі быў «Пане, дай мне гэтай вады», – вось Пан Бог і пачуў”, – жартуе ў сацыяльных сетках маці аднаго з пілігрымаў.

Маладых аматараў пілігрымкавага руху часам дакараюць у недахопе глыбокай веры, у перавазе гучнага баўлення часу, а не ціхай малітвы. Шматгадзінны няспынны дождж, падчас якога шмат хто з пілігрымаў удзельнічаў ў Святой імшы на вуліцы, бо ў санктуарыі Маці Божай Будслаўскай усім не хапіла месца, стаў дадатковым сведчаннем шчырасці памкненняў маладых людзей да Пана Бога і Маці Божай.

Прамоклыя дажджавікі (непараўнальныя па якасці з адмысловымі плашчамі АМАПаўцаў, якіх у гэтым годзе было ці не болей чым калі), мокрая падлога, па якой моладзь ішла на каленях да Абраза, відавочная адсутнасць умоваў для “танцаў” (у занадтасці якіх таксама апошнім часам дакараюць праграму Будслаўскага фэсту) – гэта таксама Будслаў.

У Імшы для пілігрымаў, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскі Юзаф Станеўскі, удзельнічала процьма людзей, якім прыйшлося прыкласці намаганні, каб пераадолець адлегласць па размоклай дарозе ад намётавага мястэчка да святыні. Нехта з’язджаў адразу пасля Імшы, прамокнуўшы ўшчэнт і скарыстаўшы ўсе камплекты сухой вопраткі, майстры расчаравана хавалі тавар, каб уратаваць вырабы, валанцёры спехам ратавалі ад тоўшчаў вады электраапаратуру. Але процьма людзей засталася да канца свята, каб прайсціся пад парасонамі ў начной працэсіі са свечкамі, спраўдзіўшы словы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ўзначаліў кульмінацыйную Святую імшу: “Мы тут, бо мы хочам Бога”.

Ціна Палынская

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі