Апублікавана праграма візіту Папы Францішка ў Літву, Латвію і Эстонію

cq5dam.thumbnail.cropped.750.422

5 ліпеня Зала Друку апублікавала афіцыйную праграму Апостальскага падарожжа папы Францішка ў Літву, Латвію і Эстонію 22-25 верасня, паведамляе Vatican News.

22 верасня самалёт са Святым Айцом на борце каля 11.30 прызямліцца ў міжнародным аэрапорце Вільні, дзе адбудзецца ўрачыстая цырымонія прывітання Пантыфіка. Пасля гэтага Папа адправіцца ў Прэзідэнцкі палац, дзе сустрэнецца з кіраўніком Літвы і прадстаўнікамі органаў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпкорпуса.

У другой палове дня Францішак наведае віленскі санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай, дзе памоліцца перад цудатворным марыйным абразом і сустрэнецца з моладдзю на плошчы перад святыняй.

Раніцай 23 верасня Папа накіруецца ў Коўна, дзе ў мясцовым парку “Santakos” узначаліць нядзельную св. Імшу, якая завяршыцца сумеснай малітвай “Анёл Панскі”. На другую палову дня запланавана сустрэча Францішка з святарамі, законнікамі і законніцамі, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі ў катэдральным саборы Коўна.

Пасля гэтага Святы Айцец вернецца ў Вільню, дзе наведае Музей акупацыі і барацьбы за свабоду і памоліцца за ўсіх ахвяр вайны.

24 верасня Пантыфік вылеціць у Латвію. Пасля прывітання ў аэрапорце Рыгі Францішак адправіцца ў Прэзідэнцкі палац для сустрэчы з латышскім лідарам і іншымі прадстаўнікамі палітычнай улады, з членамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпуса.

Затым запланавана цырымонія ўскладання вянкоў да Помніка Свабоды – манумента ў памяць аб загінулых змагарах за незалежнасць Латвіі. Далейшая праграма прадугледжвае экуменічную сустрэчу Францішка ў рыжскім Домскім катэдральным саборы, а пасля яе – візіт у сабор святога Якуба.

Пасля абеду Францішак на верталёце накіруецца ў санктуарый Маці Божай Аглонскай, дзе ўзначаліць Еўхарыстыю і прамовіць казанне да вернікаў. Пасля св. Імшы Папа вернецца ў Рыгу, а адтуль – у Вільню.

25 верасня каля 10:00 Францішак прыбудзе ў Талін. Пасля традыцыйнага прывітання ён правядзе сустрэчу з прэзідэнтам Эстоніі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпуса.

Акрамя таго, праграма візіту прадугледжвае экуменічную сустрэчу з моладдзю ў лютэранскай царкве свяога Карла, сустрэчу з супрацоўнікамі каталіцкіх дабрачынных арганізацый у катэдральным касцёле святых Пятра і Паўла.

Затым Францішак узначаліць св. Імшу на плошчы Свабоды Таліна, пасля якой накіруецца ў аэрапорт для вылету ў Рым.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі