Дашкевіч усталяваў тры крыжы паблізу рэстарацыі ў Курапатах

daszkiewicz1

Зміцер Дашкевіч з паплечнікамі ўсталяваў тры шасціметровыя крыжы ў Курапатах з боку рэстарана «Поедем поедим». Першая спроба 29 чэрвеня была няўдалая — машыну затрымалі, «прадукцыю» арыштавалі, а супраць актывіста распачалі праверку за парушэнне правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву (арт. 12.17 КаАП).

Крыжы ўсталявалі на месцы старых спарахнелых, якія з’явіліся вакол Курапатаў у пачатку 1990-х гадоў. Усталяванне спрабавалі спыніць дырэктар Бараўлянскага лясгасу Аляксандр Мірановіч і намеснік старшыні Мінрайвыканкаму Аляксандр Мякіннік. Чыноўнікі спасылаліся на тое, што Зміцер Дашкевіч не мае дазволу на ўсталяванне крыжоў у Курапатах, паведамляе Радыё “Свабода”.

«Усе крыжы, якія тут стаяць, будуць знесеныя як незаконна ўсталяваныя, калі тут будзе пабудаваны агульны помнік», — сказалі яны.

Дырэктар Бараўлянскага спецлясгасу Аляксандр Мірановіч папярэдзіў, што любыя працы будуць кваліфікаваныя як супрацьзаконныя з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці.

Па словах чыноўніка, на ўсталяванне патрэбны адмысловы дазвол з Міністэрства культуры і ўзгадненне з Міністэрствам лясной гаспадаркі. У іншым выпадку новыя крыжы будуць дэмантаваныя.​

Зміцер Дашкевіч назваў пагрозы чыноўнікаў бандыцкімі і папрасіў не перашкаджаць працы.

Чыноўнікі выклікалі ў Курапаты міліцыянтаў з Бараўлянскага аддзелу міліцыі, якія запісалі дадзеныя актывістаў і ўзялі ад іх тлумачэнні.

Пасля таго як супрацоўнікі міліцыі і Бараўлянскага лясгасу з’ехалі, актывісты ўсталявалі трэці крыж. Разам са Змітром Дашкевічам крыжы ўсталёўвалі Мікалай Качурэц, Ягор Лаўрухін, Кірыл Лойка і Сяржук Чайка, ім дапамагалі Валянціна Яроменак і Наста Дашкевіч.

«Паставілі і добра, а што будзе далей? Мы будзем стаяць на сваім, наша задача не ўзважваць шанцы на поспех, а рабіць тое, што годна перад людзьмі і Богам. Гэтыя крыжы мы пазней пашліфуем і пакрыем лакам», — сказаў Зміцер Дашкевіч.

Ён паведаміў, што міліцыянты дагэтуль не вярнулі яму тры крыжы, затрыманыя 29 чэрвеня: «Гэта былі добрыя крыжы, з металічнымі швэлерамі. Кожны каштаваў больш за 500 рублёў. Але за іх мы яшчэ пазмагаемся».

Зміцер Дашкевіч заклікаў усіх неабыякавых далучыцца да вахты ў Курапатах.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі