«Павел, апостал Хрыста»: фільм, які не паказалі ў беларускіх кінатэатрах

maxresdefault

У перыяд паміж святкаваннямі дня святых апосталаў Пятра і Паўла (29 чэрвеня па грыгарыянскім календары і 12 ліпеня па юліянскім) чытачам Krynica.info можа быць цікавы новы фільм на біблейскую тэматыку — «Павел, апостал Хрыста».

Стужка выйшла ў сусветны пракат 23 сакавіка амаль адначасова з другой кінакарцін пра жыццё першых хрысціян — фільмам «Марыя Магдаліна», які можна было ўбачыць у кіно з 5 красавіка.

Абедзве карціны з’яўляюцца мастацкімі і з прычыны гэтага ўтрымліваюць вялікую долю выдумкі. У абодвух фільмах няма якога-небудзь экшна або звышнатуральнай гульні акцёраў. У абедзвюх карцін вельмі падобныя рэйтынгі, пры чым ацэнкі стужкі пра Паўла Тарсяніна вышэй: на Rotten Tomatoes у фільма пра Паўла рэйтынг крытыкаў — 47%, гледачоў — 81%, у фільма пра Марыю Магдаліну — адпаведна 42% і 56%, на Metacritic — у першай карціны рэйтынг 52, у другой — 47. Нават касавыя зборы, паводле англамоўнай Вікіпедыі, у Паўла ўдвая вышэй, чым у Марыі — 22,5 млн даляраў супраць 11,34 млн.

Галоўнае адрозненне двух фільмаў — ідэя, якая ляжыць у іх падмурку: у фільме «Павел, апостал Хрыста» — традыцыйная біблейская гісторыя, тады як у «Марыі Магдаліне» акцэнт зроблены на гнастычных тэкстах і сучасных фемінісцкіх тэндэнцыях.

Адгадаеце, якая з гэтых карцін выйшла на экраны беларускіх (ды і не толькі) кінатэатраў, а якую ў кіно не паказалі? Пытанне рытарычнае, хаця і нельга выключаць слабога прасоўвання стужкі вытворцамі.

«Павел, апостал Хрыста» распавядае пра апошнія дні жыцця былога ганіцеля хрысціян, а затым аднаго з самых заўзятых распаўсюджвальнікаў хрысціянства. Дзеянні фільма адбываюцца ў 67 годзе пасля вялікага пажару ў Рыме, у якім улады абвінавацілі хрысціян і пасля якога пачаліся масавыя ганенні і забойствы.

На вялікія экраны стужку рэжысёра Эндру Хаята выпусціла кінастудыя Sony Pictures. Галоўную ролю апостала Паўла ў фільме выканаў Джэймс Фолкнер, вядомы многім па тэлесерыяле «Гульня прастолаў» і стужках пра Брыджыт Джонс. Евангеліста Луку, які запісаў успаміны Паўла для Дзеяў апостальскіх, выканаў Джэймс Кэвізел, які сыграў у 2004 годзе Хрыста ў фільме «Страсці Хрыстовы» Мэла Гібсана.

У цэлым карціну «Павел, апостал Хрыста» можна падзяліць на дзве часткі: больш нудную і надуманую першую і больш займальную, як у плане сюжэту, так і дыялогаў, другую. Карціна не ўвойдзе ў залатую калекцыю кінематографа, але, каб лепш зразумець першых хрысціян і ўмовы, у якіх яны жылі, яна, безумоўна, важная.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі