Івянец рыхтуецца да «Музычнай майстэрні»

Ивенец
У Івянцы з 21 па 29 ліпеня пры каталіцкім францішканскім кляштары пройдзе чарговая «Музычная майстэрня»: серыя майстар-класаў па касцёльнай музыцы і спеву.

Сёлетнюю «Майстэрню» правядуць музыканты Ян Паспяшальскі і Хуберт Кавальскі, паведамляе catholic.by.

Музычныя майстар-класы — гэта перадусім інтэнсіўная праца і лекцыі. Арганізатары запрашаюць выключна тых людзей, якія сапраўды зацікаўленыя ў касцёльным спеве. Досвед супольнага спеву ў хоры ці іншых групах заахвочваецца.

Ян Паспяшальскі — музыкант, журналіст, тэлевядучы, заснавальнік і арганізатар «Музычнай майстэрні». Хуберт Кавальскі — папулярны кампазітар літургічнай музыкі, аўтар шматлікіх музычных праектаў, звязаны з Дамініканскім літургічным асяродкам у Кракаве, дырыжор, кантрабасіст і спявак.

Музыканты, якія праводзяць майстар-класы, далучацца да «Майстэрні» 23 ліпеня.

Пражыванне – у намётавым мястэчку пры кляштары францішканаў; з сабой неабходна мець спальнік і турыстычны дыванок, па магчымасці — уласны намёт; кошт удзелу — 20 руб. (пакет удзельніка + харчаванне); для ўдзельнікаў прадугледжана харчаванне на працягу дня і гарачая вада; лекцыі будуць перакладацца на беларускую мову.

Арганізатары просяць удзельнікаў узяць з сабою спеўнікі, нататнікі і музычныя інструменты.

Заезд і рэгістрацыя — 21 ліпеня з 14.00.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі