Як Сведак Іеговы ў Расіі прыраўнялі да Ісламскай дзяржавы: гутарка з Антонам Чыўчалавым

chivchalov (1)

Год таму, 17 лiпеня 2017 года, у Расіі ўступіла ў дзеянне забарона на дзейнасць амаль 400 рэлігійных арганізацый Сведак Іеговы, якія былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Адразу пасля гэтага шматлікія вернікі сутыкнуліся з рэпрэсіямі. Тое, як ідуць справы з Сведкамі Іеговы ў Расіі сёння, Krynica.info абмеркавала з блогерам, перакладчыкам Антонам Чыўчалавым, які сам з’яўляецца Сведкам Іеговы і некалькі гадоў таму пераехаў у Беларусь з Расеі.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней аб забароне. Што канкрэтна было забаронена?

— Забаронены спіс з 396 юрыдычных асоб-рэлігійных арганізацый: Кіроўчы цэнтр Сведак Іеговы ў Расіі і 395 мясцовых рэлігійных арганізацый, якія, на думку суду, уваходзяць у яго структуру. На гэтым усё. Пра забарону рэлігіі, перакананняў грамадзян не гаворыцца. Але на практыцы мы бачым, што пераследуюць менавіта грамадзян за іх перакананні. Прычым тых, хто ніколі не ўваходзіў у гэтыя юрыдычныя асобы. Гэта выяўляецца ў хвалі арыштаў, затрыманняў, допытаў. Так, хваля арыштаў, ператрусаў прайшла адразу ў некалькіх рэгіёнах у траўні.

Амапаўцы, фсбшнікі ўрываюцца ў дамы абсалютна мірных людзей, з аўтаматамі, у масках, прыстаўляюць дула аўтаматаў да скроні, кладуць на падлогу, выносяць рэчы, дакументы, электроніку. Пасля шматлікіх допытаў большасць адпускаюць, але некаторых затрымліваюць. На дадзены момант узбуджана 18 крымінальных спраў, 20 чалавек знаходзяцца ў СІЗА: у Пскове, Арле, Саратаве і іншых гарадах па ўсёй краіне. Некаторыя, як Дэніс Крыстэнсэн, ужо сядзяць у СІЗА больш за год.

Значна больш людзей знаходзяцца пад хатнім арыштам ці пад падпіскай аб нявыездзе. А колькасць разнастайных ператрусаў і допытаў ужо вылічаецца сотнямі. Праўда, аднаго чалавека зусім дзіўным чынам выпусцілі ў Бірабіджане.

За тымі, хто застаецца на волі, сочаць, у іх праслухоўваюцца тэлефоны, іх часта выклікаюць на допыты, ім пагражаюць. Ім кажуць, што з іх сваякамі можа адбыцца ўсё што заўгодна. У некаторых выпадках фсбшнікі раяць пераходзіць у праваслаўны храм, і тады, кажуць, не будзе праблем.

Акрамя таго, у замежнай рэлігійнай арганізацыі — Watchtower Bible and Tract Society — адабралі буйны комплекс нерухомасці на мільёны даляраў. Гэта амерыканская рэлігійная арганізацыя, да якой у расійскіх уладаў ніколі не было прэтэнзій. А ў яе ўзялі і адабралі нерухомасць. Гэта проста каласальнае парушэнне ўсіх магчымых міжнародных нормаў. Гэта значыць, заўтра такім жа чынам можна адняць маёмасць у Чырвонага Крыжа, напрыклад, або Каталіцкай Царквы толькі таму, што ім нешта не падабаецца.

Дзіўна, што ў Еўропе ў XXI стагоддзі людзей садзяць за экстрэмісцкую літаратуру. Чаму яна была прызнаная экстрэмісцкай? Нібыта за крытыку праваслаўя — усё, больш нічога няма. І за гэта людзі сядзяць. У Дэніса Крыстэнсэн здароўе ўжо моцна пахіснулася. А калі ён памрэ?

Пра ўсё гэта ў Расіі пішуць толькі вузкаспецыялізаваныя СМІ, а 99% насельніцтва проста не ў курсе таго, што адбываецца. А калі буйныя СМІ і паведамляюць, то пра тое, што быў затрыманы «лідар экстрэмісцкай вочкі», і тым самым ствараецца вобраз барацьбы з тэрарызмам. Хоць чалавек можа быць нават не звязаны з забароненымі рэлігійнымі арганізацыямі.

chivchalov (2)

— Але самі Сведкі Іеговы ў Расеі сёння не забароненыя?

— На самай справе, гэта міф, што Сведкі Іеговы ў Расіі забароненыя. Казаць аб забароне Сведак Іеговы вельмі некарэктна. Забаранілі юрыдычныя асобы. Але калі паглядзець рашэнне суда, то там нідзе не напісана, што забаронена рэлігія, погляды ці перакананні. Гэта не забаронена. Я як грамадзянін маю права верыць, у што я захачу. Але СМІ раздзімаюць міф, што Сведкі забароненыя.

Калі б усё было па законе, то Сведак не павінны былі б арыштоўваць ці саджаць. Бо 99% Сведак — не сябры арганізацый. Нават калі б яны імі былі, у іх усё роўна застаюцца канстытуцыйныя правы верыць. Калі б усё было па законе, то сітуацыя б не вельмі змянілася пасля леташняга рашэння суда. Усе гэтыя арышты абсалютна незаконныя. Што важна, Рада па правах чалавека пры прэзідэнце звярнула ўвагу на гэта і накіравала запыт у Генпракуратуру, каб там праверылі законнасць арыштаў. І Рада пры прэзідэнце піша, што хваля арыштаў не адпавядае рашэнню суда. Гэта значыць, гэтыя арышты парушаюць рашэнне Вярхоўнага суда, як ні смешна гэта гучыць.

І цяпер задача вельмі многіх юрыстаў і адвакатаў у Расіі дамагчыся не адмены забароны Вярхоўнага суда, а спынення парушэння правоў вернікаў. Бо, калі верніка саджаюць у СІЗА са спасылкай на рашэнне Вярхоўнага суда, то гэта парушэнне яго правоў. Тут няма ніякай сувязі. Вярхоўны суд не забараняў гэтага верніка і яго перакананні.

— Якія афіцыйныя абвінавачванні вылучаюцца затрыманым?

— Ім прад’яўляюцца абвінавачванні па артыкуле 282.2 КК РФ — арганізацыя дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі: альбо яе арганізацыя, альбо ўдзел у ёй. Але па факце затрыманыя ні ў якіх арганізацыях, як правіла, не былі і нічога не спрабавалі арганізаваць. Яны проста чыталі Біблію. Збіраюцца некалькі чалавек на кухні, чытаюць Біблію ў праваслаўным сінадальным перакладзе. Тут урываюцца «маскі-шоў», іх усіх кладуць на падлогу і вінавацяць у экстрэмісцкай дзейнасці. Гэта значыць, звычайнае вызнанне веры трактуецца як экстрэмісцкая дзейнасць.

У 2006 годзе з вызначэння экстрэмізму ў КК РФ прыбралі заклікі да гвалту, і цяпер да экстрэмізму можна прыпісаць абсалютна што заўгодна.

Пры гэтым у канцы мінулага года Мінадукацыі выпусціла дырэктыву аб тым, што падлеткаў, якія выхоўваюцца ў сем’ях бацькоў-экстрэмістаў і належачых да арганізацый, забароненых за экстрэмізм, трэба адбіраць і перадаваць у цэнтры рэсацыялізацыі. І ў гэтай дырэктыве прыводзіцца два прыкладу: Сведкі Іеговы і Ісламская дзяржава. На практыцы мы пакуль пра ўжыванне гэтай дырэктывы не чулі, але, магчыма, гэта ўжо прапрацоўваецца. Гэта такі сродак шантажу і вяртанне ў нацысцкія часы.

— Напэўна, некаторыя цяжкасці звязаны і з так званымі законамі Яравой аб місіянерскай дзейнасці?

— Закон Яравой прадугледжвае папраўкі да закона аб свабодзе сумлення. За іх парушэнне даюць адміністрацыйныя штрафы ў раёне 5000 расійскіх рублёў (каля 80 даляраў — Крыніца). Былі выпадкі, калі штрафавалі і Сведак Іеговы. Так, нядаўна два пазовы ніжагародскіх вернікаў па законе Яравой дайшлі да Еўрапейскага суда. Але гэта, вядома, кветачкі ў параўнанні з тым, што адбываецца ў іншых выпадках, калі вернікі месяцамі сядзяць у турме.

— Ёсць жа яшчэ і сітуацыя з прызнаннем экстрэмісцкім перакладу Бібліі, зробленага Сведкамі Іеговы?

— Так, у канцы 2017 года быў скончаны разгляд апеляцыі. Пры гэтым раней у Расіі прэзідэнт выдаў указ аб забароне прызнаваць экстрэмісцкімі Біблію, Тору, Каран і іншыя святыя кнігі. Паколькі Біблію прызнаваць нельга, то праціўнікі пайшлі абыходным шляхам, вырашыўшы даказаць, што наш пераклад — гэта не Біблія. Яны нанялі сваіх кішэнных экспертаў, якія, не прывёўшы ніводнай цытаты з гэтай “не-Бібліі”, даказалі, што гэта не Біблія, а «брашура ў шэрай вокладцы».

А чаму не Біблія? А таму, што, напрыклад, на вокладцы няма слова «Біблія». Але пры гэтым на вельмі многіх выданнях Бібліі на вокладцы няма такога слова. Былі выкарыстаныя проста абсурдныя доказы. Рэлігіявед Адзінцоў (супрацоўнік Апарату Упаўнаважанага па правах чалавека ў РФ Міхаіл Адзінцоў — Крыніца) добра патлумачыў гэта ў залі суда.

І цяпер нават за цытаты з гэтай Бібліі ў анлайне мне будзе пагражаць 6-10 гадоў турэмнага зняволення за экстрэмізм.

Расія стала першай і адзінай краінай у свеце, дзе Біблія, няхай і ў канкрэтным перакладзе, прызнаная экстрэмісцкай публікацыяй. Ні ў Паўночнай Карэі, ні ў Саудаўскай Аравіі, ні ў Афганістане такога няма.

Усяго Расія пабіла чатыры рэкорды. Яна стала першай краінай, дзе Сведкі прызнаныя экстрэмістамі. Першай краінай, у якой забаронены сайт Сведак Іеговы. Першай краінай, у якой забаронены пераклад Бібліі Сведак Іеговы. І першай краінай, дзе Біблія ў тым ці іншым выглядзе прызнана экстрэмісцкай. Добра б гэта было, напрыклад, у Самалі. Але гэта, быццам бы, Еўропа, дзе ўзялі і прызналі 175 тыс. чалавек экстрэмістамі.

chivchalov (3)

— Ці ёсць сярод Вашых знаёмых тыя, хто сутыкнуўся з рэпрэсіямі?

— У мяне ёсць адзін добры даўні сябар у Расіі, якога вельмі сур’ёзна прэсавала ФСБ, запалохвала яго і ўсю яго сям’ю. Аж да таго, што ён хацеў бегчы з краіны, кінуўшы ўсё. Таксама ў Кіраўскай вобласці, дзе я жыў, у сходзе, які я наведваў, дапытвалі ўвесь сход, у тым ліку майго роднага брата. Іх усіх выклікалі ў ФСБ на допыты пасля падкіду літаратуры. Праўда, гэта яшчэ было ў годзе 2010-м ці 2011-м.

Мяне самога ў Расіі выклікалі на «размову» незадоўга да пераезду сюды. Я сказаў, каб мне даслалі позву. Яны не даслалі, і я не пайшоў.

У інтэрнэце я з многімі людзьмі маю зносіны, якія так ці інакш пакутуюць, задаюць мне пытанні, у тым ліку пра пераезд сюды.

— На Вашую думку, якая асноўная прычына прыняцця такіх забаронаў?

— На гэтую тэму існуюць толькі неафіцыйныя тэорыі і версіі. Афіцыйна пра гэта ніхто не кажа, гэта загадка. Але калі паглядзець, то можна ўбачыць, што першая партыя нашай літаратуры была прызнаная экстрэмісцкай пасля абрання Патрыярха Кірыла ў 2009 годзе. Патрыярх змагаўся з Сведкамі Іеговы яшчэ ў Смаленску і ў Калінінградзе. І мы ведаем, што генпракурор Чайка (Юрый Чайка — Крыніца) абяцаў яму адстойваць інтарэсы Царквы, атрымліваў царкоўныя ўзнагароды. Мы ведаем, што міністр юстыцыі Канавалаў (Аляксандр Канавалаў — Крыніца) вучыўся ў праваслаўным духоўным вучылішчы і ўзяў на працу галоўнага сектазнаўцу Дворкіна (Аляксандр Дворкін — Крыніца).

Гэта значыць, магчымая спайка РПЦ, ФСБ і Генпракуратуры. Але гэта толькі тэорыя. Калі б ведалі прычыну, мы б, можа быць, яе ліквідавалі.

Наогул, Сведкі Іеговы — гэта толькі першая ластаўка. Падобныя рэчы ўжо адбываюцца і з саенталогамі. А ў выніку закона Яравой улады перакрылі кісларод ўсім астатнім пратэстантам.

— Магчыма, Сведак Іеговы выбралі як мішэнь, бо да іх найбольш варожа ставіцца грамадская думка?

— А чаму грамадская думка ставіцца варожа да Сведак Іеговы? Я Сведка Іеговы з 1996 года. Тады грамадская думка была выдатная. Але затым па тэлебачанні пачалася цэнтралізаваная антысектанцкая прапаганда, якая біла па ўсіх «сектах», якія ледзь не дзяцей ядуць на сняданак. А паколькі Сведкі Іеговы, якія прыходзяць дадому, найбольш бачныя, то і людзі сталі асацыяваць іх з гэтымі сектамі і ненавідзець. Так што, гэта грамадская думка створана штучна, яна не арганічная. А цяпер урад крывадушна спасылаецца на сабой жа створанае грамадскае меркаванне. Усё ідзе па коле.

chivchalov (4)

— Усе гэтыя арышты, ператрусы, допыты як-небудзь паўплывалі на рэлігійную і місіянерскую дзейнасць Сведак Іеговы? На іх актыўнасць?

— Па большай частцы, Сведкі Іеговы ў Расіі працягваюць рабіць тое ж, што і рабілі. З гісторыі вядома, што ні канцлагеры, ні ссылкі ніколі не спынялі Сведак Іеговы ад таго, каб сустракацца, разам чытаць Біблію і маліцца і нават размаўляць з іншымі. Яны працягваюць гэта рабіць. Але, вядома, у новых умовах гэта нельга рабіць настолькі адкрыта, як раней. Сведкі Іеговы ўжо не распаўсюджваюць літаратуру, ды яе, па сутнасці, проста і няма. Цяпер яны збіраюцца невялікімі групамі па кватэрах, імкнуцца мяняць месцы сустрэч, але цалкам ад гэтага не адмаўляюцца. Мабыць, імкненне спыніць такія сустрэчы і з’яўляецца мэтай. Але паколькі мэта не дасягаецца, то мы і бачым усё большы паліцэйскі ціск.

— Ці ёсць адток Сведак Іеговы з-за рэпрэсій?

— Гэтай статыстыкі няма. Яе ніхто не праводзіў, але адзінкі, магчыма, перасталі наведваць сустрэчы. З гісторыі нацысцкай Германіі і СССР пры Сталіне, калі высылалі цэлыя сем’і, толькі адзінкі з-за страху пераставалі нешта рабіць, а асноўная маса проста адаптавалася да новых умоў. У Расеі цяпер пакуль яшчэ, дзякуй Богу, далёка да нацысцкай Германіі.

Вядома, сотні людзей эмігравалі з Расіі, у тым ліку ў Беларусь. Я ведаю шмат людзей, якія прыехалі сюды. Але гэта зноў жа долі працэнта.

Пры гэтым некаторым эмігрантам у Фінляндыі, Германіі адмаўляюць у прытулку. І яны вымушаныя назад вяртацца ў Расію, дзе іх адразу ж накрываюць. На днях чалавек спрабаваў у Нямеччыну вылецець з Краснаярска, дык яго проста ў аэрапорце арыштавалі фсбшнікі. Ды і пры допытах і ператрусы ў людзей адымаюць замежпашпарты, каб не з’ехалі з краіны. Калі яны забараняюць пакланяцца нам Богу ў Расіі, дык чаму забараняюць выязджаць у тыя краіны, дзе гэта дазволена? З усіх бакоў абклалі. Незразумелая логіка.

— На Вашую думку расійскія забароны як-небудзь паўплываюць на сітуацыю ў іншых краінах, у тым ліку ў Беларусі? Ці бачыце Вы якія-небудзь перадумовы да гэтага?

— Пакуль не. Пакуль я не бачу, каб тут адбывалася нешта падобнае. Напрыклад, у Беларусі няма такога манапольнага становішча РПЦ, як у Расіі. Тут больш канкурэнтнае асяроддзе. У Расіі ж манапаліст хоча ліквідаваць канкурэнта. Таксама для ўладаў Беларусі вельмі важна меркаванне Захаду і Еўропы, тады як у Расіі абсалютна не важна, што пра іх кажуць. Хоць час пакажа: ніхто не ведае, што будзе заўтра. Біблія кажа: «калі пераследавалі Мяне, то будуць пераследваць і вас».

У цэлым у Беларусі сітуацыя з Сведкамі Іеговы ў апошнія гады нават палепшылася. Мы, напрыклад, штогод праводзім буйныя штогадовыя кангрэсы. У гэтым годзе ён будзе ў канцы ліпеня на стадыёне «Трактар» у Мінску. Яшчэ некалькі гадоў таму такога не было.

Гутарыў Максім Гацак, фота Надзеі Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі