У Бары Кіраўнікі і прадстаўнікі Цэркваў сустрэліся дзеля міру на Блізкім Усходзе

1531127004_cq5dam.thumbnail.cropped.750.422

7 ліпеня ў Бары (Італія) прайшла сустрэча кіраўнікоў і прадстаўнікоў Усходніх Цэркваў, прысвечанай становішчу хрысціян на Блізкім Усходзе.

У сустрэчы прынялі ўдзел Папа Рымскі Францыск, Патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей, Патрыярх Александрыйскі і ўсёй Афрыкі Феадор II, Патрыярх Копцкай Царквы Тавадрас II, Патрыярх Сірыйскай артадаксальнай царквы Ігнат Яфрэм II, Каталікос Кілікійскі Арам I (Армянская Апостальская Царква), Каталікос-Патрыярх Асірыйскай Царквы Усходу Мар Геваргіс II, Патрыярх Копцкай Каталіцкай Царквы Ібрагім, Патрыярх Сіра-Каталіцкай Царквы Ігнат Юсэф III, Мараніцкі Патрыярх Антыёхіі і ўсяго Усходу кардынал Бешара Бутрас ар-Раі, Патрыярх Халдэйскай Каталіцкай Царквы кардынал Луіс Рафаэль I, Патрыярх Армянскай Каталіцкай Царквы кардынал Рыгор Бедрас XX, арцыбіскуп Антэдонскі Нэктар (прадстаўнік Патрыярха Іерусалімскага Феафіла III), мітрапаліт Канстанцыі-Амахостаса Васіль (прадстаўнік Архібіскупа Новай Юстыніяна і ўсяго Кіпра Хрызастома II), біскуп Вялікабрытанскі і Ірландскі Авакім (прадстаўнік Вярхоўнага Патрыярха і Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна II), арцыбіскуп Алепскі Жан-Клеман Жанбар (прадстаўнік мелькіцкага Патрыярха Антыёхіі і ўсяго Усходу Юсефа), апостальскі адміністратар лацінскага Іерусалімскага Патрыярхату біскуп П’ербатыста Піцабала, біскуп Евангелічна-Лютэранскай царквы Ярданіі і Святой Зямлі Сані Ібрагім Азар, генеральны сакратар Блізкаўсходняй рады Цэркваў Сурая Бешалані, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, паведамляе mospat.ru.

Ля ўваходу ў базыліку Свяціцеля Мікалая Папа Францішак вітаў прыбылых Кіраўнікоў і членаў дэлегацый Усходніх Цэркваў. Затым Папа, Патрыярхі і прадстаўнікі Цэркваў прайшлі ў крыпту базылікі, каб пакланіцца мошчам Свяціцеля Мікалая. Мерапрыемства працягнулася малітвай аб міры на Блізкім Усходзе, якая прайшла на адмыслова збудаванай пляцоўцы на марской набярэжнай Бары; у малітве ўзялі ўдзел тысячы жыхароў і гасцей горада.

На пачатку малітвы Папа Рымскі падкрэсліў бясцэннасць набытку хрысціянскага Усходу і адзначыў неабходнасць захаваць гэты скарб, якому сёння пагражае знішчэнне. «Блізкі Усход без хрысціянаў не будзе Блізкім Усходам», — сцвердзіў Пантыфік, паведамляе Catholic.by.

Ён заклікаў прысутных запаліць зніч надзеі, памятаючы пра тое, што хрысціяне застаюцца святлом свету «нават у цёмныя моманты гісторыі, калі не скараюцца цемры, якая ўсё ахінае, але жывяць кнот надзеі алеем малітвы і любові».

«Ад Ніла да Ярданскай даліны і далей, дасягаючы ракі Аронт, ажно да Тыгра і Еўфрата няхай гучыць вокліч Псальма: «Мір табе!», — пажадаў пастыр Пантыфік.

«Абыякавасць забівае, а мы хочам быць голасам, які супрацьстаіць забойству абыякавасці. Мы хочам даць голас тым, хто не мае голасу; тым, хто можа толькі глытаць слёзы, бо Блізкі Усход сёння плача, пакутуе і маўчыць, пакуль іншыя топчуць яго ў пошуку ўлады і багаццяў. За малых, простых, параненых — за тых, на чыім баку знаходзіцца Бог, мы просім: няхай будзе мір!» — узнёс малітву Святы Айцец.

Пасля заканчэння цырымоніі ўдзельнікі сустрэчы вярнуліся ў базіліку Свяціцеля Мікалая, дзе апостальскі адміністратар лацінскага Іерусалімскага Патрыярхату біскуп П’ербатыста Піцабала прадставіў трагічнае становішча хрысціянаў у краінах блізкаўсходняга рэгіёну. Падчас абмеркавання Кіраўнікі і прадстаўнікі Усходніх Цэркваў адзначалі пагрозу хрысціянскай прысутнасці ў шэрагу блізкаўсходніх краін, дзе нават у выпадку адсутнасці прамых ганенняў хрысціяне ўшчамляюцца ў правах, тады як еўрапейскія дзяржавы ці не заўважаюць пакут хрысціянскага насельніцтва, ці не прыкладаюць неабходных намаганняў для яго абароны.

У сваім выступе мітрапаліт Іларыён расказаў пра высілкі Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла па ўмацаванні міру на Блізкім Усходзе. Ён адзначыў маштабы гуманітарнай дапамогі, якую РПЦ аказвае насельніцтву Сірыі незалежна ад яго веравызнання. Паводле яго, для вяртання хрысціянаў у рэгіён неабходна аднавіць разбураныя або зняважаныя хрысціянскія святыні. Уладыка Іларыён звярнуў увагу, што, нягледзячы на ​​адсутнасць еўхарыстычнага адзінства паміж Праваслаўнай, Каталіцкай і Арыентальнымі Цэрквамі, нішто не перашкаджае хрысціянам супрацоўнічаць і ажыццяўляць сумесныя праекты, у тым ліку і з мэтай дасягнення палітычнага вырашэння сітуацыі, якая склалася.

Па выніках гэтай размовы Папа Францішак сцвердзіў, што ўначы “Блізкага Усходу ў агоніі” мір можа быць дасягнуты “сапраўднай гатоўнасцю да выслухоўвання і дыялогу”, а не “перамір’ямі, забяспечанымі мурамі”, ці “выпрабаваннямі сілай”, паведамляе vaticannews.va.

Паводле яго, не існуе альтэрнатывы міру ў гэтым рэгіёне. Выказваючы пажаданне, каб “культура сустрэчы пераважала над стратэгіямі сутычак”, Францішак настойліва запрасіў ператвараць “крыкі вайны ў мірныя спевы”.

“Для гэтага важна, каб тыя, хто надзелены ўладай, нарэшце прысвяцілі сябе сапраўднаму служэнню на карысць міру, а не ўласных інтарэсаў. Хопіць выгады нямногіх за кошт многіх іншых! Хопіць захопаў тэрыторыі, якія мучаць народы! Хопіць пераважання праўды асобных над надзеяй народа! Хопіць выкарыстоўваць Блізкі Усход у мэтах заробку!” – заклікаў Папа.

Ад “язвы” вайны пакутуюць, у першую чаргу, бедныя людзі, працягнуў ён, нагадаўшы “скатаваную Сірыю”. Па словах Францішка, “вайна – дачка ўлады і беднасці. Яна перамагаецца праз адмаўленне ад логікі панавання і выкараненне галечы”.

Нельга казаць пра мір, употайкі працягваючы нястрымную гонку ўзбраенняў. Гэта вельмі вялікая адказнасць, якая ўскладаецца на сумленне нацый, асабліва найбольш магутных, перасцярог Святы Айцец.

“Не будзем забываць мінулае стагоддзе, будзем памятаць урокі Хірасімы і Нагасакі, не дазволім землям Усходу ператварыцца ў цёмныя прасторы цішыні”, – пажадаў Святы Айцец. Сярод абавязковых умоў, патрэбных для гэтага, ён назваў абавязак бараніць правы рэлігійных меншасцяў і прызнаваць статус-кво Ерузаліма.

На Блізкім Усходзе надзея мае дзіцячае аблічча, выказаў перакананне Папа.

“Вочы празмерна вялікай колькасці дзяцей большую частку свайго жыцця бачылі кучы абломкаў замест школ, чулі глухое грамыханне бомбаў замест вясёлай гаманы падчас гульняў. Чалавецтва, пачуй, – прашу цябе, – крык дзяцей, чые вусны абвяшчаюць Божую радасць. Высушыўшы іх слёзы, свет верне сваю годнасць”, – завяршыў сваю прамову Папа.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі