У Гомелі “Карытас” працягнула будаўніцтва Дзіцячай вёскі

Каритас
У Гомелі распачалася актыўная фаза будаўніцтва другой чаргі Дзіцячай вёскі, дзе штогод змогуць атрымліваць усебаковую дапамогу каля 700 чалавек.

Заказчыкам унікальнага для Беларусі праекту з’яўляецца Дабрачынная каталіцкая місія “Карытас-Міласэрнасць”, паведамляе vaticannews.va.

У вёсцы-інтэрнаце з’явіцца вялікі двухпавярховы будынак Інтэгратыўнага тэрапеўтычна-адукацыйнага цэнтра. Тут будзе ўсё неабходнае абсталяванне для працы з дзецьмі-інвалідамі і маладымі інвалідамі. У адным месцы размесцяцца ўсе спецыялісты, дзеці і маладыя інваліды, а таксама іх бацькі, якія таксама будуць атрымліваць адукацыйную дапамогу – як клапаціцца пра такіх дзяцей у сваіх дамах, сем’ях.

“Безумоўна, у краіне існуюць разнастайныя формы працы з інвалідамі, але так, каб у адным месцы, адразу і на такім узроўні – гэта будзе штосьці новае для Беларусі. Будаўніцтва ўжо актыўна вядзецца, і дзякуй Богу за гэта! Спадзяемся, што такімі ж тэмпамі ўсё будзе ісці далей, і мы скончым у той час, які запланавалі”, – распавядае дырэктар “Карытас-Міласэрнасць” кс. Юрый Варанко.

Плануецца, што будова завершыцца да 2021 года. Фінансаванне цяпер вядзецца, дзякуючы розным замежным каталіцкім фондам, аднак у Гомелі надалей шукаюць тых, хто мог бы падтрымаць гэты важны сацыяльны праект.

“Дзіцячая вёска” з’явілася ў Навабеліцкім раёне Гомеля ў 2011 г. Комплекс пабудавала і абсталявала ўсім неабходным Дабрачынная каталіцкая Місія “Карытас-Міласэрнасць” на грошы замежных дабрачынных арганізацый і прыватных ахвярадаўцаў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаваў.

На гэтай базе ў цесным супрацоўніцтве з абласным камітэтам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва быў створаны Гомельскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, фінансаванне якога дзяржава ўзяла на сябе.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі