Афрыканскія нявольнікі ў Рэчы Паспалітай

Мала хто ведае, што ў Рэчы Паспалітай, у тым ліку і ў Вялікім Княстве Літоўскім, апроч прыгонных сялянаў, былі і свае афрыканскія нявольнікі. Праўда іх становішча і функцыі значна адрозніваліся ад тых, з якімі сутыкаліся іх супляменнікі ў іншых краінах. Падрабязнасці гэтай малавядомай і трагічнай гісторыі – у артыкуле.

Гэтак, у лютым 1752 года ў мястэчка Белая Берасцейскага павету ВКЛ (цяпер Бяла-Падляска Люблінскага ваяводства Польшчы) прыйшоў транспарт з 12 нявольнікамі, набытымі ў Лондане падчашым і харужым вялікім літоўскім Геранімам Фларыянам Радзівілам. На іх набыццё князь аддаў 2000 злотых, яшчэ 440 злотых пайшлі на іх транспартыроўку і 34 – ангельскаму мараку за суправаджэнне.

Увогуле Геранім Радзівіл быў аматарам розных экзатычных цікавостак. Сярод яго ўласнасці былі біўні слана, засушаны кракадзіл, рабро гіганта і нават егіпецкая мумія ў сваёй труне і ўборы. Таму 12 чарнаскурых нявольнікаў не сталі нечым нечаканым. Больш за тое, гэта не першыя афрыканцы ў яго маёнтках. Гэтак, ужо ў 1746 годзе князь замовіў у маляра Якуба Весэля выяву сваёй трэцяй жонкі Магдалены з Чапскіх, на якой бачны афрыканскі паж з кошыкам.

7a580890b2bb968526d6717289cc77ca
Магдалена з Чапскіх Радзівіл

Узгадваюцца ж афрыканскія нявольнікі ў Рэчы Паспалітай значна раней. У прыватнасці, кароль і вялікі князь Ян ІІІ Сабескі ў лісце да жонкі Марысенькі глыбока перажываў страту свайго афрыканскага лёкая Юзафа Галендэра, якога падчас Венскай бітвы 1683 года забілі туркі.

Разам з тым, войны з туркамі якраз прыводзілі да таго, што афрыканскія нявольнікі траплялі ў Рэч Паспалітую ў якасці вайсковай здабычы. Менавіта так Сабескі знайшоў сабе новых афрыканцаў для палацу ў Віланаве.

Афрыканцы былі прыкметай заможнасці. Яны былі і ў караля і вялікага князя Стэфана Баторыя, і ў Аўгуста ІІ, у варшаўскім замку якога афрыканскія музыкі гралі падчас вячэры. Сярод выдаткаў і Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1764-1767 гадоў ёсць “мурын Жан Леду”. Паколькі афрыканскім нявольнікам давалі імя і прозвішча ў залежнасці ад нацыянальнасці першага гаспадара, то можна здагадацца, якімі дарогамі ён патрапіў да Рэчы Паспалітай.

А ў XVIII стагоддзі сярод дамаў увогуле стала модным паказвацца ў свет ў свіце афрыканскіх пажоў. Гэтак, Ізабэла з Чартарыйскіх Любамірская, унучка літоўскага падканцлера Казіміра Чартарыйскага, сярод сваіх выдаткаў у 1787 года ўзгадала і “мурына Амброжыя”.

Прысутнічаюць афрыканцы і на карцінах італьянскага мастака Каналета з Варшавы, у тым ліку за карэтай прымаса падчас абрання Станіслава Аўгуста і на тэрасе Каралеўскага Замку.

a20c2ecde22f60e011108be3e6172be1
Афрыканцы на карціне Каналета

Як апісваў адно з шэсцяў біскуп і паэт XVIII стагоддзя Ігнацы Красіцкі, адну з карэт суправаджалі казак, мурын і татарын. А ўезд у Рым у 1633 годзе амбасадара Рэчы Паспалітай Ежы Асалінскага, якога суправаджалі афрыканскія пажы ва ўпрыгожаных страўсавамі пер’ямі шапках, увогуле ўвайшоў у легенду. Паслугамі афрыканцаў карыстаўся ў сваіх падарожжах па Галіцыі і Падоллю і Адам Чартарыйскі.

Entrance_of_Jerzy_Ossoliński_to_Rome_1633
Уезд Ежы Асалінскага ў Рым

Пісьменнік эпохі барока Валерыян Неканда-Трэпка падае, што не толькі свецкія асобы карысталіся экзатычнай світай: “Дыніс Аляксандр, мурын, слуга біскупа кракаўскага. Быў жывы ў 1633 годзе”. А шлюб Дыніса з дачкой пана Хлявіцкага, з якой ён меў двух сыноў і дачку, з’яўляецца першым сведчаннем сужэнства з афрыканцамі ў Дзяржаве Абодвух Народаў. Таму не дзіўна, што з часам з’яўлялася ўсё больш дзяцей з афрыканскімі рысамі, як генерал, удзельнік паўстання 1794 года Уладыслаў Ябланоўскі.

Таксама не толькі магнаты маглі сабе дазволіць чорных нявольнікаў. Гэтак, у 1624 годзе ўзгадваецца шляхціч Анджэй Фрэдра, якога як агню баяліся ў Пшэмыслі. Пры ім быў мурын, які прыняў мясцовыя звычаі, добра валодаў шабляй і браў актыўны ўдзел у бойках свайго пана.

Пры гэтым служба афрыканцаў у Рэчы Паспалітай не была самай цяжкай у параўнанні з іншымі краінамі Еўропы. У асноўным яны выконвалі дэкаратыўныя функцыі, бо іх дарагі кошт не дазваляў выкарыстоўваць іх там, дзе яны маглі б нанесці шкоду свайму здароўю.

260px-Gérôme-Black_Bashi-Bazouk-c._1869
Афрыканскі вайсковец у турэцкім войску

У Рэчы Паспалітай таксама вельмі цанілі адвагу афрыканскіх янычараў, з якімі крылатыя гусары сутыкаліся падчас войнаў з Турцыяй. Вельмі цанілася іх вайсковае і ездавое майстэрства. Таму няма нічога дзіўнага, што Енджэй Чарнецкі, бургграф кракаўскі, менавіта афрыканца прызначыў сваім канюшым. Так што, афрыканцы мелі шанцы і на кар’ерны рост. Як напрыклад, ужо ўзгаданы Аляксандр Дыніс, слуга кракаўскага біскупа, які быў прызначаны біскупам старостам у Казягловах. Але большасць афрыканцаў усё ж заставалася дарагой забаўкай.

Па матэрыялах Newsweek

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі